Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Бізу́н1 ’бізун’. Укр. бізу́н, рус. дыял. бізу́н. Запазычанне з польск. bizun, bizon ’тс’ (а гэта, як лічыць Брукнер, 28, з венг. bizonyi ’праўда, сапраўды’, гл. Брукнер, там жа, там і матывацыя). Сюды, мабыць, адносіцца і бізуннік ’зараснік сітняку, Scirpus lacustris L.’ (Яшкін).

Бізу́н2 ’вельмі бедны чалавек’ (Сцяц., Нас.). Пераноснае ўжыванне слова бізу́н1, запазычанага з польскай мовы. Параўн. польск. goły jak bizun.

Бізюкі́ ’вочы’. Гл. безік.

Бікла́га ’баклага’ (БРС, Нас., Маш., Бяльк., Янк. I.), бікла́жка (Бір. Дзярж., Бяльк.). Можа, таго ж паходжання, што і бакла́га (гл.). Але фанетыку слова вытлумачыць цяжка (дысіміляцыя а‑а > і‑а наўрад ці можа быць прынятай). Хутчэй за ўсё бікла́га мае іншую крыніцу. Шалудзька (Rum., 126) калісьці ўказаў на рум. крыніцу для ўкр. баклаг(а), боклаг. У рум. мове ёсць формы bîtloagă, bâtlag ’бачонак’. Ці не маглі яны мець уплыў на форму бакла́га (> біклага)? Але як? Параўн. ст.-бел. биклаха (XVI ст., Булыка, Запазыч.).

Біку́р ’бізун’ (Бяльк.). Няяснае слова. Можа, таго ж паходжання, што і ўкр. боку́ри скураны пояс’, букурі́я ’вузкі рамень, пояс’ (а гэта з рум. мовы, гл. Рудніцкі, 1, 164). Але параўн. польск. арго bichur ’бізун’, чэш. арго bikor і г. д., якія Будзішэўска (Zarg., 69) звязвае з біць.

Біле́т. Рус. биле́т, укр. біле́т. Запазычанне з франц. billet (магчыма, праз польск. bilet або ням. Billett). Праабражэнскі, 1, 25; Фасмер, 1, 165; Шанскі, 1, Б, 118.

Білецёр. Рус. билетёр, укр. білете́р. Новае запазычанне з франц. billetier (ад billet ’білет’). Шанскі, 1, Б, 118.

Біліндрасы ’балбатня, жарты’, біліндра́сіць ’вярзці лухту’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. балендря́сы, балиндрясы ’жарты’ і да т. п. Няясныя словы. Звязваюць з баля́сы, але гэта не вельмі надзейна. Гл. Фасмер, 1, 115.

Біль. Рус. билль, укр. білль. Запазычанне (бел. і ўкр. праз рус. мову) з англ. bill (< франц. bille). Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 118–119.

Білья́рд. Рус. билья́рд, укр. білья́рд. Запазычанне з італ. bigliardo ’тс’ (параўн. італ. biglia ’більярдны шар’) або з франц. billard. Першую версію адстойвае Фасмер, 1, 165; другую — Рудніцкі, 1, 136; Шанскі, 1, Б, 119.

Білябе́ніць ’балабоніць, гаварыць абы-што’ (Бяльк.). Укр. белебе́нити, рус. белебе́нить. Гукапераймальнае. Гл. Фасмер, 1, 147. Параўн. балабо́ніць.