Манто ’жаночае (футравае) паліто свабоднага пакрою’ (ТСБМ). Позняе запазычанне з польск. manto ці з рус. манто ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якія з франц. manteau (Фасмер, 2, 570). Роднаснымі да іх з’яўляюцца паўд.-рус. ма́нта ’малдаўскае адзенне з доўгім каўняром, які накідваецца на галаву ў дождж’, укр. бук. манта́ва ’доўгае суконнае паліто на ваце’.
Манту́з ’мянтуз’ (нараўл., З нар. сл.). Да мянту́з (гл.). Тое ж рус. (Волга, Ака), арл. мантус ’тс’.
Манту́ла ’ход гульні ў баланты (у цуркі)’, манту́ліць ’біць, гуляць’ (ТС). Рус. перм. дать мантулу кому‑либо ’ўдарыць каго-небудзь’. Паводле Цыхуна (Бел.-укр. ізал., 86), семантычна найбольш блізка лексема стаіць да рум. mântuióla ’заканчэнне’, ’збаўленне, вызваленне, уратаванне’.
Манту́ліць ’прыкінуцца бедным, каб пажывіцца’ (Нас.), манту́лы ’ласункі, прысмакі’ (слаўг., Нар. словатв.), ’хаўтурны абед’, ’гасціна з прычыны якога-небудзь свята’, ’дармавая выпіўка’, ’палескія дранікі’, ’бліны і памінальныя стравы’, ’выгоды жыцця, лёгкія даходы’ (Нас. Сб.; паўд.-усх., КЭС), ’хлеб і іншыя харчы, сабраныя для духавенства’ (там жа), манту́лік ’сырнік’ (лоеў., Мат. Гом.), манту́льнік, манту́лка ’мужчына і жанчына, якія любяць жыць за чужы кошт’ (Нас.). Укр. мантули ’ахвяраванні, сабраныя для каляднікаў ці жабракоў’, гуц. ’пірагі з кукурузнай мукі з сырам’, манту́лки ’салодкія падарункі, баранкі, прывозімыя з кірмашу’, манту́лити ’выпрошваць падачкі’; рус. варон. манту́лить ’карміцца рэшткамі з панскага стала’, мантульник, мантульница ’той, хто корміцца рэшткамі з панскага стала’, ’хто напрошваецца да іншых на абеды, у госці’. Усходнеславянскае. Утварэнне з суфіксам ‑ул‑, якое не мае нейкага аднаго адпаведніка ў іншай мове. Утварылася ў выніку кантамінацыі; у ім перакрыжавалася некалькі першасных балтыйскіх і усх.-слав. (бел.) лексем. Так значэнне ’ласункі, слодыч’ звязваецца праз лексему ламту́ты (гл.) з літ. lemtùtas ’дабрачыннасць і інш.’, значэнне ’дармовыя частаванні, лёгкія даходы’ можна экстрагаваць з літ. mantà ’багацце’, mantas ’выгода, карысць’, mantáuti ’старацца нажыцца’ і бел. мантачыць ’выпрошваць’.
Манту́н ’ілгун’ (ганц., Нар. лекс.), як і ўкр. мантя́р ’тс’, з устаўным экспрэсіўным ‑н‑. Аналагічна бел. манты́ць (гл.), манцыкле́та (Мат. Гом.), польск. manteria < materia, mantacz < matacz ’хлус’. Да мані́ць ’хлусіць’ (гл.). Не выключана, аднак, кантамінацыя бел. маню́ка і зах.-палес. (драг.) мутюн.
Манты́лькі ’верхняя жаночая вопратка, накідка’ (Нас., Федар., 6). З польск. mantylka ’накідка, свабодны плашч, палярынка’, якое з mantyla ’тс’. Да манты́лья (гл.).
Манты́лья ’карункавае пакрывала (на галаву) у іспанак’, ’кароткая жаночая накідка без рукавоў’ (ТСБМ). З рус. мантилья ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 79), якое праз новав.-ням. Mantille ці франц. mantille з ісп. mantilla (Фасмер, 2, 570) < лац. mantellum ’покрыва’.
Мантыля́ць ’махаць’ (Сцяшк.), мантыля́цца ’матляцца, целяпацца’, ’бегаць туды-сюды’ (слонім., Жыв. сл.), ’хістацца на ветры’ (Сцяц.). Укр. мантиля́ты ’матляць, махаць’. Кантамінаваныя лексемы, якія ўзыходзяць да мані́ць (гл.) < і.-е *ma‑ (параўн. рус. ману́ть ’махнуць’) і бел. матальга́ць (гл.). Параўн. таксама балг. манта́рам ’размахваю’.
*Манты́ць, кобр. манты́ты ’прывабліваць’ (Нар. лекс.), укр. бук., бойк. манти́ти ’вымантачваць, выдурваць’, бойк. манта́ ’падман’, ’хлус’, рус. варон. мантить ’быць прыцягальным’, польск. mancić ’вымантачваць, падманваць’. Да мані́ць (гл.) з устаўным ‑т‑суфіксам.