Бры́ца ’расліна Echinochloa L.’ (Кіс.), ’пустазелле з чорнымі зярнятамі’ (палес.; Выг. дыс.), ’пырнік’ (Яўс.). Рус. бри́ца ’Panicum Crus Galli, курынае проса’, укр. бри́ця ’Setaria glauca’, балг. дыял. бри́ца ’від белай пшаніцы’. З слав. *bъrica (вытворнае ад *bъrъ ’проса’). Фасмер, 1, 215; падрабязна БЕР, 1, 79; Геаргіеў, Въпроси, 27.
Брыць ’брыць’ (БРС, Юрч.). Рус. брить, укр. бри́ти, чэш. břiti, серб.-харв. брѝјати, балг. дыял. брѝя, славен. bríti. Аснова *bhrēi̯‑. Параўн. ст.-інд. bhrīṇā́ti ’раніць’, ст.-іран. pairibrīnaiti ’разрэзвае’ і г. д. Бернекер, 94; Праабражэнскі, 1, 45–46; Фасмер, 1, 213; БЕР, 1, 79.
Бры́чка 1 ’павозка, выязная павозка, экіпаж’ (БРС, Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар.). Рус. бри́чка ’тс’ (з укр. мовы; Шанскі, 1, Б, 198), укр. бри́чка, бри́ка. З польск. bryczka < ням. Birutsche ’лёгкая павозка’ < італ. biroccio, baroccia ’двухколка’. Праабражэнскі, 1, 46; Бернекер, 93; Фасмер, 1, 215; Слаўскі, 1, 45. Іншыя (менш пераканаўчыя) версіі гл. Фасмер, там жа.
Бры́чка 2 ’бручка’ (ДАБМ, 859), бры́ква, бры́кса, брыку́ха (аб распаўсюджанні гл. ДАБМ, № 276). Усе гэтыя назвы (з ‑ы‑ замест ‑у‑) сустракаюцца галоўным чынам на поўдзень ад Бабруйска. Відавочна, нейкая нерэгулярная фанетычная змена (замест бру́чка, бру́ква, бру́кса і г. д.). Экспрэсіўная? Параўн., напр., блутаць — блытаць у дзеясловах. Таксама і ў рус. гаворках (смал.) бры́кса ’бручка’.
Бры́ючы (б. палёт). Відавочнае запазычанне з рус. тэрміналагічнага словазлучэння бре́ющий полёт. Таксама ўкр. бри́ючый, гл. Рудніцкі, 211.