Ге́стка ’какетка’ (БРС), ’верхняя частка адзення’ (Касп.), ’жаночая кофтачка’ (Шат.), ґе́стка ’гестка’ (Сцяшк.), ’какетка, кофта’ (Сл. паўн.-зах.), ге́ста ’сукенка’ (Бяльк.). Паходжанне слова не вельмі яснае. Сл. паўн.-зах. лічыць запазычаннем з ням. Gäschen ’прарэх’, Geschke ’камізэлька’.
Ге́та ’гета’ (БРС). Рус. ге́тто, укр. ге́тто. Запазычанне з рус. ге́тто. У рус. мове слова ўзята (у XIX ст.) з іт. ghetto (падрабязна аб гісторыі гэтай лексемы ў Шанскага, 1, Г, 65).
Ге́тман ’гетман’ (БРС), ст.-бел. гетманъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Рус. ге́тман. укр. ге́тьман. Запазычанне з польск. hetman, а гэта з с.-ням. дыял. häuptmann. Фасмер, 1, 403; вельмі падрабязна Слаўскі, 1, 419.
Ге́тры ’гетры’ (БРС). Рус. ге́тры, укр. ге́три. Запазычанне з рус. мовы. У рус. мове слова вядома з пачатку XX ст. і ўзята з франц. guêtre (паходжанне якога не вельмі яснае). Фасмер, 1, 403; Шанскі, 1, Г, 65.
Гешэ́фт ’гешэфт’ (БРС), гешэ́хт ’сакрэтныя справы’ (Бяльк.). Як і рус. геше́фт, укр. геше́фт, запазычанне (магчыма, праз польск. мову) з ням. Geschäft. Гл. Рудніцкі, 827; Шанскі, 1, Г, 65.
Гзі́тісе ’гізаваць; дурэць, насіцца’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. gzić się ’тс’ (падрабязна аб польск. слове Слаўскі, 1, 387; параўн. таксама Трубачоў, Эт. сл., 7, 215).
Гзымс ’гзымс, выступ на коміне’ (БРС, Бяльк., Шат., Сл. паўн.-зах.: ґзымс). Рус. гзымс ’карніз’ (з 1712 г.), укр. гзимс. Запазычанне з польск. gzyms ’тс’, а гэта з ням. Gesims ’тс’. Фасмер, 1, 404; Рудніцкі, 828; Слаўскі, 1, 388. Параўн. ґзы́мсік ’прымурак каля коміна печы, выступ’ (Сцяшк.).
Гі́ба ’мера палатна па даўжыні асновы ад аднаго вугла сцяны да другога, каля 4–6 метраў’, гіба́ ’тс’ (Сцяц.), гі́ба (Сл. паўн.-зах., Шатал.). Да гіба́ць ’гнуць’ (гл.). Параўн. таксама гіба́ті ’складаць палатно гармонікам (пры адбельванні)’ (Сл. паўн.-зах.).
Гіба́ла ’бабка, абрубак дрэва, на якім бондар гне абручы’ (Бяльк.). Рус. дыял. гиба́ло ’тс’. У іншых слав. мовах значэнне адпаведных слоў адхіляецца ад семантыкі ва ўсх.-слав. лексемах. Да *gybati ’гнуць’ (гл. гіба́ць), суф. *‑dlo. Прасл. тып утварэння, агляд у Трубачова, Эт. сл., 7, 216 (пад *gybadlo).