Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Рабро́, рыбро́, ра́бро ’частка скелету’, ’выгнутая частка каркасу’, ’край ці бок прадмета’ (ТСБМ, Сержп. Казкі; кам., докш., крыч., хойн., леп., арш., Сл. ПЗБ), ’спінка ў ложку’ (паст., ЛА, 4), рус. ребро́, укр. ребро́, польск. żebro, чэш. žebro, řebro, славац. rebro, в.-луж. rjebło, н.-луж. robro, robło, палаб. rebrǘ, славен. rẹ́bro, балг. ребро́, макед. ребро, ст.-слав. ребро. Роднаснае да ст.-в.-ням. ribbi ’рабро’, hirni‑reba ’чэрап’, ст.-сакс. ribbi(i), грэч. ἐρέφω ’пакрываць дахам’, ὀροφή ’дах’. Зыходным значэннем і.-е. *rebh‑ было ’пакрываць купалам, дахам’, ’пакрываць’ (пра скляпенне, дах, грудную клетку) (Покарны, 1, 853; Чарных, 2, 102; Фасмер, 3, 453–454). Сюды ж вытворныя рабры́на ’адно рабро’ (ТСБМ; чэрв., зэльв., паст., Сл. ПЗБ; Шушк.), рабры́нка ’рабрына’, ’мяса грудной часткі тушы’, рабрына́ ’рабро’ (Сцяшк.), рабры́ны, рабе́рцы, рабёркі ’рэбры ў кошыку’ (КЭС).

Рабры́на ’драбіны’ (кобр., жабін., малар., ЛА, 4; брэсц., міёр., Нар. словатв.), рабрэ́на ’драбіна’ (драг., ЛА, 4), rebryna ’тс’ (пін., Кольб.). Утворана ад рабро́ (гл.) з дапамогай суф. ‑ын‑а ў выніку метафарычнага пераносу назвы па знешнім падабенстве або пераробкай драбіна (гл.).

Рабу́ля ’ластаўка’ (Сцяшк. Сл.), ’рабая або пярэстая карова’ (ТС). Утворана ад рабы́ (гл.) з дапамогай суф. ‑ул‑я, як рагу́ля ад рага́ты (Сцяцко, Афікс. наз., 122–123).

Рабу́нак ’гвалтоўны захоп чужой маёмасці’, ’грабеж’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Варл.). Старое адаптаванае запазычанне (‑ung > ‑unek > ‑унак) з польск. rabunek ’тс’, што ўзыходзіць да с.-в.-ням. rouben (Нававейскі, Zapożyczenia, 83, 261), параўн. паку́нак, малюнак.

Рабу́сі ’дзікія пчолы, якія крадуць мёд’ (воран., Сцяшк.). З польск. rabuś ’рабаўнік’, параўн. іншую назву: зладзейкі (навагр., там жа).

Рабу́ха 1 ’рапуха’ (слуц., ашм., ЛА, 1). Магчыма, другаснае ўтварэнне ад рапу́ха (гл.) на базе рабы́ (гл.), параўн. раба́я жа́ба ’рапуха’ (капыл., петрык., ЛА, 1).

Рабу́ха 2 ’пярэстая жывёліна’, ’рабая жанчына’. Ад рабы́ (гл.).

Рабу́ха 3 ’грыб Panaeolina’ (Сярж., Грыбы). Ад рабы́ (гл.), паколькі грыб мае чырвона-рудыя (рабыя) пласткі.

Рабу́шка 1 ’саматканая спадніца’, ’завітая намітка на галаве ў выглядзе шапачкі’ (ТС, Нар. лекс.), ’спадніца з палатна, тканага ў клетку’ (Малчанава, 136), рябу́шкі ’саматканыя спадніцы’ (віц., ДАБМ, камент.). Сюды ж, відаць, і рабу́шка (рябушка) ’абруч з бяросты як частка галаўнога ўбору замужняй жанчыны’ (ТС). Ад рабо́к (гл.).

Рабу́шка 2 ’клін у пярэднім навоі’ (Ян.). Няясна. Магчыма, нейкім чынам звязана з серб. ра̑бош, ра̑буш, харв. rȃboš ’бірка’, балг. ра́бош, рабу́ш ’тс’, параўн. таксама балг. ръбу́шка ’зарэз, пазнака на нечым’.

Рабушо́к, рабу́шчык ’верабей’ (драг., ЛА, 1). Узнікла ад верабе́й (гл.) з адпадзеннем пачатковага в‑ і пры дапамозе суф. ‑уш‑ок. Або ад орабу́шок (бяроз., ЛА, 1), орабу́шкы (івац., ЛА, 1) з адпадзеннем пачатковага о‑, параўн. рус. воро́бышек.

Ра́бчык 1 ’лясная птушка’ (ТСБМ; лудз., Сл. ПЗБ; Ян., ТС), рабе́ц ’рабчык’ (Гарэц.), рабо́к ’рабчык’ (Дразд.), ра́бка ’самка рабчыка’, ’плямістая карова’ (ТС), ст.-бел. рабецъ, рябецъ, рус. ря́бчик, укр. ря́бчик, о́рябка, польск. jarząbek, чэш. jeřábek, в.-луж. wjerjabka, балг. я́ребица ’курапатка’, літ. jerubė̃. Узыходзяць да і.-е. кораня *ē̆reb(h)‑: *ō̆reb(h)‑ (на агульнаславянскай глебе з назалізаваным e: *(j)eręb‑), які меў значэнне цёмна-чырвонага і бурага колераў, параўн. ст.-в.-ням. erpf ’цёмны’, ’чорна-буры’, ст.-ісл. jarpr ’карычневы’, ’буры’ (Покарны, 1, 334).

Ра́бчык 2 ’клін у заднім навоі’ (Ян.). Няясна, параўн. рабу́шка 2 (гл.).

Ра́бчыкі ’бульба, зрэзаная з аднаго боку, каб заходзіла соль’ (Ян.). Другасна збліжана з рабы́ (гл.) з няяснай матывацыяй.