Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Страка́ты ‘рознакаляровы, разнашэрсны, плямісты, пярэсты’ (ТСБМ, Нас., Касп., Варл.; астрав., шальч., вільн., Сл. ПЗБ), стрыка́ты ‘тс’ (Шымк. Собр., Ласт., Байк. і Некр., Бяльк.), строка́тый ‘масць чорная з белым або чорная, белая і чырвоная’ (Клім.), стрэка́тый (стрека́тый) ‘плямісты, пярэсты’ (Нас., Мядзв.). Укр. строка́тий ‘плямісты; пярэсты (аб масці жывёліны)’, чэш., славац. strakatý ‘тс’. Узводзяць да рус. строка, г. зн. ‘усыпаны кропкамі’ (Фасмер, 3, 781), якое звязана чаргаваннем галосных з стрыкаць і першапачаткова значыла ‘ўкол’, параўн. строк, гл. Іншая магчымасць — з пстрака́ты (гл.), параўн. польск. pstrokaty (ад pstry, Варш. сл., гл. пёстры), што звязана з srokaty ‘тс’, суадноснае з укр. сорока́тий ‘тс’, в.- і н.-луж. srokaty ‘тс’, славен. srákast ‘тс’. Фурлан (гл. Бязлай, 3, 302) узводзіць названыя формы да прасл. *sorkъ ‘плямісты, пярэсты, рабы’ з і.-е. *ḱorkos ‘чорны, чарнявы, рабы’, ад якога паходзіць і прасл. *sorka ‘сарока’, роднасныя ст.-інд. śārá ‘плямісты, рабы, пярэсты’. Сюды ж і стракаце́ць ‘пярэсціцца’ (ТСБМ), стракаці́зна ‘вяснушкі’ (шальч., Сл. ПЗБ).

Су́ма1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.

Су́ма2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.

Су́ма3. Гл. сумка.

Су́нуць ’рухаць, кратаць, соваць; усунуць, штурхнуць, піхнуць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.), ’рушыць, пайсці грамадой’ (ТС, Сержп. Грам., Юрч. Вытв.), ’пасоўваць, ставіць’, ’цягнуць’, ’укладаць, усоўваць’, ’ісці’ (Сл. ПЗБ), су́нуты ’цягнуць’ (Клім.), су́нуцца ’паволі рухацца, ісці’ ’тс’, (ТСБМ, ТС), ’высоўвацца’, ’напасці, накінуцца’ (Сл. ПЗБ), ’упасці’ (Бяльк.). Укр. су́нути, рус. су́нуть, стараж.-рус. сунуты ’кінуць’, ц.-слав. сунѫти, польск. sunąc, в.-луж. sunuć, н.-луж. sunuś, чэш. sunouti ’пасоўваць’, славац. súnuť, серб.-харв. су́нути ’наліць, насыпаць’, славен. súniti ’штурхнуць’, балг. дыял. су́на ’перамяшчаць, слізгаць’, ст.-слав. соунѫти. Прасл. *sunǫti ’пасоўваць, штурхнуць; укласці, усунуць’; дзеяслоў аднакратнага дзеяння да прасл. *sovati, *sujǫ ’соваць’; гл. Борысь, 587; Фасмер, 3, 804; Бязлай, 3, 341–342; Шустар-Шэўц, 1380–1381. Паводле Махэка₂ (593), было і *sunǫti з іншай семантыкай — ’бегчы, хутка ісці’, параўн. польск. дыял. sunąć ’рушыць, ісці’, чэш. дыял. snuť se ’ісці’, з паралеллю гоц. skewjan ’ісці’, ст.-ісл. skaeva ’рухацца наперад’, роднаснага чэш. sypati ’хутка ісці’. Параўн. снаваць (гл.).

Сярэ́дзіна1 ’цэнтр, сярэдняя частка, асяродак; унутранасць’ (ТСБМ, Касп., Шымк. Собр., Бяльк., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Варл.), серэ́дзіна ’тс’ (ТС), ст.-бел. середина ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. сере́ди́на, рус. середи́на, в.-луж. srjedźina, славен. sredína, серб.-харв. срѐдина, балг. среди́на, макед. средина ’сярэдзіна’; дэрываты (магчыма, незалежныя) ад прасл. *serda/*serdь ’сярэдзіна’, параўн. сярод, гл. (Чарных, 2, 156–157; ЕСУМ, 5, 218). Параўн. серада.

Сярэ́дзіна2 ’паясніца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сцяшк., Жд. 1, Ян.), ’задняя частка тулава вышэй клубоў’ (Варл.), ’спіна, крыж’ (Касп., Сержп. Прымхі), ’спіна’ (Янк. 2, Юрч. Вытв., Бяльк.), ’крыж у жывёлы’ (Нас.), параўн. рус. смал. сере́дина ’паясніца’. Паводле Чэкмана (Baltistica, 8, 2, 151), калькуе літ. pusiáujas ’паясніца, сярэдзіна (паводле акружнасці)’, параўн. семантычную паралель балг. полови́на ’палавіна; паясніца, крыж’, макед. полови́на ’палавіна; талія’, што, аднак, не выключае самастойнага развіцця ’сярэдзіна; нутро’ (гл. сярэдзіна1, параўн. серэ́дніца ’сярэдняя частка чаго-небудзь’, ТС) > паясніца. Гл. таксама Анікін, Опыт, 30; Страхаў, Palaeoslavica, 16, 2, 296–297.

Сячы́ ’раздзяляць на часткі; рубаць, ссякаць’, ’хвастаць, сцябаць, кусаць (пра насякомых)’, ’валіць, спілоўваць лес’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Некр. і Байк., Касп., Стан., Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Сцяшк., Бяльк.; слуц., мін., маладз., ЛА, 5) сеч ’тс’ (Бяльк., Шымк. Собр., Рам. 5; маг., ЛА, 5; ЛА, 1), се́кчы ’рубаць’ (ЛА, 1), се́кці ’здрабняць; рубаць (дровы)’ (ТС, ЛА, 5, ЛА, 1, Сл. ПЗБ, Некр. і Байк., Ян.), ст.-бел. сѣчи ’рубаць, біць’ (Альтбаўэр). Укр. сі́кти, рус. сечь, стараж.-рус. сѣчи, польск. siec, н.-луж. sec, палаб. sect, чэш. síci, серб.-харв. cије̏ћи, славен. sẹ́či, балг. сека́, макед. сека, ст.-слав. сѣщи, сѣкѫ. Прасл. *sěkti — першапачаткова атэматычны дзеяслоў, роднасны ст.-літ. į́sekti ’насячы’, išsekti ’высячы’, лац. secō ’абразаю’, ірл. ésgid ’ён адсякае’, ст.-в.-ням. seganse ’каса’ і г. д. ад і.-е. *sek‑ ’аддзяляць вострай прыладай’ (Бязлай, 3, 221–222; Міклашыч, 290; Фасмер, 3, 593 з літ-рай; Махэк₂, 540; Шустар-Шэўц, 1393–1394; Борысь, 545; ЕСУМ, 5, 252).

Сібі́р звычайна м. р. ‘край за Уралам’ (Ласт., Стан.), Сібі́р, Сыбі́р ‘тс’ (Некр. і Байк.), Сібі́р, Сібе́р ‘тс’ (Янк. 1), сібе́р ‘пагібельнае месца’ (Шат.). З рус. Сиби́рь, ад назвы сталіцы ханства ў Прыіртышшы, якую выводзяць ад гунскага этноніма Σάβειροι (Праабражэнскі, 2, 282; Фасмер, 3, 616). Не выключана і польскае пасрэдніцтва, паколькі на карце польскага географа Антонія Віда (1542) паказаны горад Сібір на рацэ Абі (Фралоў, Всесоюзная конф. “Исторические названия — памятники культуры”. M., 1989, 89). Рамстэт (362) узводзіць назву да манг. Sibir, калм. šiwr̥ ‘зараснікі, сырая мясцовасць’, адкуль, у прыватнасці, ідуць назвы: тат. s̥ibir, табол.-тат. Sėbėr, Sėvėr і г. д., што вельмі няпэўна. У аснове назвы этнонімы сипыр (варыянты себер, сыбыр), si pyr (RÉS, 39, 190) — племя, што, згодна з паданнямі сібірскіх татараў, жыло на гэтай тэрыторыі. Усё няпэўна, гл. Анікін, 493–494 (з аглядам версій і літ-ры). Пра спробы звязаць паходжанне назвы з балг. шубра́к ‘хмызняк’ гл. Сімяёнаў, БЕ, 28, 50–52; Дурыданаў, Studia Etym. Brun., 3, 69–71.

Сі́вы ‘белы, серабрысты (пра валасы)’, ‘колеру попелу; шэры’ (ТС, Нас., Байк. і Некр., Сержп., ТС, Сл. ПЗБ), сівы́ ‘тс’ (ТСБМ, Ласт., ТС, Сл. ПЗБ, Стан.), сы́вы ‘шэры’ (Сл. Брэс.), сіве́ць ‘станавіцца сівым’ (ТСБМ). Укр. си́вий, рус. си́вый, ст.-рус. сивъ, польск. siwy, в.-луж. sywy, чэш., славац. sivý, серб.-харв. си̏в, славен. sív, балг. сив, макед. сив ‘шэры, сівы’, ст.-слав. сивъ. Прасл. *sivъ(jь) ‘сівы, светлы, русы’. Паралелі ў літ. šývas ‘светла-шэры, сівы’, ст.-прус. sywan ‘шэры’, далей у ст.-інд. śyāváh̥ ‘карычневы, цёмна-карычневы’, авест. syāva‑, асец. sau‑ ‘чорны’ (Траўтман, 306; Майргофер, 3, 384), якія працягваюць і.-е. *kʼī‑u̯o < *і.-е. kʼī‑ ‘цёмна-шэры’ з суф. ‑u̯o > прасл. ‑vъ (Борысь, 549). БЕР (6, 633–635), Сной₁ (570–571), як і Покарны (540) узводзяць да і.-е. кораня *kʼei̯‑ ‘цёмны, сівы’. Фасмер (3, 617) сумняваецца ў сувязі з сіні (гл.), якую прапаноўвае Махэк₂ (543, 545), і з сіяць, гл.

Сі́ла ‘моц, энергія’ (ТСБМ, Ласт., Гарэц., Стан.), ‘верх, улада’ (Нас.), ‘моц, змога, дужасць’ (Некр. і Байк.), дыял. таксама ‘моц’, ‘мноства’ (Байк. і Некр.), ‘здароўе’, ‘праца’, ‘вялікая колькасць’ (Сл. ПЗБ), ‘шмат, багата’ (ТС, Барад., Мат. Гом.); укр., рус. си́ла, польск. siła, в.-луж., н.-луж. syła, чэш. síla, славац. sila, серб.-харв. си̏ла, славен. síla, балг. си́ла, макед. сила, ст.-слав. сила. Прасл. *sila роднаснае літ. síela ‘душа, дух’, ‘пачуцце’, ст.-прус. seilin В. скл. ‘пільнасць’, ст.-ісл. seilask ‘працягвацца, гнуцца, старацца’ (Траўтман, 282; Міклашыч, 296; Фасмер, 3, 621). Мур’янаў (Этимология–1980, 50–56) робіць спробу звязаць з слав. *sidlo ‘сіло’, ст.-в.-ням. silo ‘рамень’, з другой ступенню аблаўта герм. *saila > ням. Seil ‘шнур’, якія рэканструююцца з гоц. insailjan ‘спускаць цяжар (на вяроўках)’. Борысь (548) узводзіць далей да і.-е. *se(i)‑ ‘напружваць(ца)’, паводле Жураўлёва (Язык и миф, 577), ‘сеяць’, на падставе чаго рэканструюецца і.-е. *sḗila ‘сперма’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 645; Сной і, 566; Глухак, 547.

Се1, сё ‘вось’: Се і хлеба нетуці; Сё прыду (Ласт.); ‘гэта, гэтак’: се дзеўка роўная з ею; се кажуць міншчане (Ян.), у спалучэннях асё, асёж ‘вось, глянь’: Асё маці мая; Дзе нож? — Асё‑ж ляжыць (Ласт.), о се ж ‘вось тут’, до се ‘дасюль’ (ТС), ст.-бел. се ‘вось гэта’: чиѧ молодица се (Альтбаўэр), ‘вось, так, цяпер’ (Ст.-бел. лексікон), параўн. укр. се ‘гэта’, старое рус. сё, стараж.-рус. се, ст.-чэш. se, палаб. , ст.-польск. sie, серб.-харв. се, балг. дыял. со, ст.-слав. се ‘тс’. Прасл. *se ‘гэта’ роднаснае літ. še ‘вось табе на’, лат. še ‘тс’ (Буга, Rinkt., 2, 481). Гл. сей, ся.

Се2 ‘калі’ (умоўны злучнік): “ой, се моя сестра, то прашу я да хаты, а се сивая зазулька, то ляти ў луги кавати” (беласт., у запісах Раманава, гл. Карскі 2–3, 497), у спалучэннях себ ‘калі б’, се хоч ‘калі’, не се ‘быццам; здаецца’ (Список слов… Гродн. и Минск. губ., рукапіс). Паводле Патабні (Из записок, 1–2, 294), аналагічны злучнік, вядомы ў паўночна-заходніх украінскіх гаворках, паходзіць з се, осе (“из се, осе, асе, как указания на недавнее или наличное, произошло се… если”), гл. се1. Інакш укр. се, се‑б, ся‑б ‘калі’ разглядае ЕСУМ (5, 200) (рэдукцыя если б, што малаверагодна).

Се3 ‘сябе’: ты сʼе́ ў абʼиду нʼи давай (Сцяшк. Сл.), звычайна ў спалучэнні з прыназоўнікамі: цягня да се́ (Скарбы), śmièrci na sie spadziewàŭsie; starỳ maładùju żuònku bierè nie dzieła sie (Федар. 4), сам за се заступіцца ні можа (шчуч., Нар. лекс.), параўн. укр. за ся, ст.-рус. на ся, польск. дыял. na się, в.-луж. na so, н.-луж na se, палаб. püd są, серб.-харв. пода̄ се, славен. zase, ст.-слав. на сѧ. Прасл. *sę ‘сябе’, націскная (неэнклітычная) форма В. скл. адз. л. (ESSJ SG, 2, 599), роднасная ст.-прус. sien ‘сябе’, лат. ‘тс’, гоц. sik ‘тс’ (Фасмер, 3, 823). Беларуская форма звычайна разглядаецца як другасная, узнікшая ў выніку сцягвання сябе > се, паколькі нармальным усходнеславянскім рэфлексам *sę з’яўляецца ся, параўн. -ся (гл.); аднак нельга выключыць уплыў се1 (гл.) або энклітычнай формы зваротнага займенніка *se, да якой узводзяць беларускія і ўкраінскія зваротныя формы се, сё (ESSJ SG, 2, 599; ESJSt, 13, 812). Гл. таксама свой, сябе.

Сва́рка ‘спрэчка, якая суправаджаецца крыкам, шумам і пад.; лаянка’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), свар, сва́ра ‘тс’ (Нас.; ЛА, 3; Сл. ПЗБ), сва́рба ‘тс’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Скарбы), свары́цца ‘спрачацца, крычаць; лаяцца’ (Нас., Касп., Ласт., Бяльк., Варл.), ст.-бел. сваръ (Альтбаўэр). Укр. сва́р(а) ‘сварка’, свари́тиса, рус. сва́ра ‘сварка, варожасць’, свари́ться, ст.-рус. сваръ ‘сварка’, сварити ‘спрачацца’, польск. swar, swarzyč sie, в.-луж. swar, swarić, н.-луж. swariś, палаб. svorĕt, чэш. svářit se, svár ‘сварка’, славац. sváriť sa, svár ‘тс’, славен. svȃr ‘ганьбаванне’, svaríti ‘ганьбаваць, перасцерагаць’, балг. сва́ра ‘сварка, спрэчка’, ст.-слав. сваръ ‘разлад, звадка, сварка’. Бліжэйшыя і.-е. адпаведнікі: ст.-ісл. svara ‘адказваць’, гоц. swaran ‘клясціся’, ст.-в.-ням. swerian ‘клясціся, гаварыць пэўна’, лац. sermo ‘размова’, нов.-в.-ням. Schwur ‘клятва’, гл. Траўтман, 296; Фасмер, 3, 569. Прасл. *svarь, *svara, *svariti ад і.-е. кораня *su̯er‑ ‘урачыста гаварыць’. Махэк₂ (594) *svariti спрабуе вывесці з *vaditi (гл. вадзіць) шляхам замены d на r у прыметніку *vadlivъ, адкуль гэтая змена распаўсюдзілася на назоўнік і дзеяслоў. Гл. таксама Борысь, 588–589; Шустар-Шэўц, 1383; БЕР, 6, 534; Бязлай, 3, 345.