Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Малойчык ’малады чалавек, хлопец’, ’маладзец’ (Касп.) (пагардж.) ’чалавек амаральных паводзін, які заслугоўвае асуджэння’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), ’жаніх’ (віл., З нар. сл.). З малодчык, якое з маладзец (гл.). Аб пераходзе ‑дч‑, ‑тч‑, у ‑й‑ гл. Карскі, 1, 351. Значэнне ’чалавек амаральных паводзін’ запазычана з рус. молодчик ’тс’.

Малокі ’малако, якое адбіраюць ведзьмы ў каровы’ (мядз., Жыв. сл.) — мн. л. да малако (гл.).

Малонка, малоння, малонушка ’бліскавіца’ (мін., Шн. 2; Ян.; гродз., Шн.). Да мала́нка1 (гл.). Націск, як у маланка, на другім складзе. Параўн. ст.-рус. моло́нья (мала́нья) ’маланка’.

*Малосей, палес. моло́сей ’малако ў рыб’ (Крыв.). Да малача́й7 (гл.). Другая частка слова ‑сей пад уплывам народнай этымалогіі ад сеяць (насенне) > ’сеяць семя ў час нерасту’.

Малотнік ’малацьбіт’ (карм., Мат. Гом.). Укр. моло́тник ’тс’, ст.-рус. молотникъ ’малатабоец’, польск. młotnik ’каваль’. Да малаціць (гл.). Суфікс ‑нік далучаецца да асновы дзеяслова без суфіксальнай галоснай (як лётчык, польск. lotnik ’лётчык’).

Мало́тно ’ўмалотна, наяўнасць умалотнага збожжа’ (Кліх). Да умалотны (гл.).

Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).

*Малоч, палес. моло́ч ’малако ў рыб’ (Крыв.). Польск. mlecz ’тс’, серб.-харв. мле̑ч. Прасл. melčь/molčь. Да малако (гл.).

Малочлівы ’ўдойны, малочны’ (Нар. Гом.). Укр. молочливый ’тс’. Да малако (гл.). Аб суфіксе ‑лів‑ гл. Бел. грам.₂, 1, 303.

Малочная Дарога ’Млечны Шлях’ (Техника молодежи, 3, 1984), укр. Молочний Шлях, рус. Млечный Путь, цвяр. Молочная Дорога ’тс’, польск. Droga mleczna, Droga mleczowa, чэш. mléčná dráhka, славац. mliečna cesta, славен. mlę́čna cesta, серб.-харв. mlìječni put, макед. Млечен пат, балг. Млечен път, — усе з’яўляюцца адпаведнікамі лац. via lactea (Купішэўскі, Słownictwo, 102–103).