Размаі́ты, розмаі́ты ’розны, разнастайны’ (астрав., лід., шальч., трак., вільн., ігн., гарад., Сл. ПЗБ; Нар. Гом.), размаі́це ’па-рознаму’ (астрав., вільн., Сл. ПЗБ). З польск. rozmaity ’розны, разнастайны’, rozmaicie ’па-рознаму, разнастайна’. Сюды ж форма з устаўным ‑в‑ размаві́та ’разнастайна’ (гродз., Сцяшк. Сл.).
Разма́й ’размарын’ (Мал., Булг., Гарэц., Тур., Кольб.). Ад размары́н (гл.) пад уплывам слова май, паколькі расліна цвіце ў маі.
Разманды́кваць ’пляткарыць’ (навагр., Сл. ПЗБ), размунды́кываць ’балбатаць, спрачацца’ (Юрч.), размунды́кывацца ’балбатаць’ (Юрч. СНЛ). Няясна, параўн. мандзякаць, гл.
Размані́ць ’раздражніць’ (люб., Сл. ПЗБ). Ад раз- і мані́ць (гл.), параўн. мана́ ’азарт’, ’ахвота, жаданне’.
Размары́н 1 ’вечназялёная духмяная расліна’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. розмаринъ (1710), рус. розмари́н, розмари́н, польск. rozmaryn, чэш. rozmarýna, славац. rozmarín, в.-луж. rósmarja, н.-луж. rosmar(i)ja, славен. rọ̑žmarin, харв. rozma(ri)n. Праз ням. Rosmarin з лац. rōsmarīnus ’тс’ < rōs marīnus ’марская раса’.
Размары́н 2 ’стома’ (КЭС). Назоўнік, утвораны ад дзеяслова размары́ць ’давесці да расслабленага, санлівага стану’, як ме́шань ад мяша́ць. Гл. ма́рыць.
Размаха́й ’марнатравец’, размаха́йства ’марнатраўства’ (КЭС). Ад раз- і маха́ць (гл.).
Разма́хірыць (разма́хириць) ’змарнатравіць’ (Нас.), ма́хириць ’хлусіць, ашукваць’, рус. дыял. ма́хир ’падманшчык, ашуканец’. Паводле Фасмера (2, 585) з нова-в.-ням. Macher ’камбінатар, дзялец’, магчыма, праз ідыш macher, параўн. шахер‑махер (гл.).
Размахму́дзіць, размахмуднічаць ’выклікаць да незразумелых учынкаў’ (Юрч. СНЛ). Утворана ад уласнага імя Махмуд, якое набыло адмоўнае экспрэсіўнае значэнне. Тое ж адбылося са словам му́рза 1 ’гразны чалавек’ (гл.), якое ад перс. mīrzā, параўн. мурза́ (гл.). Семантычны пераход ’татарын’ > ’дрэнны чалавек’ тлумачыцца сацыяльна-палітычнымі фактарамі (Кубанава, Тюркизмы вост.-слав., 199–200).
Размахру́шчаны ’раскудлачаны’ (Сцяшк. Сл.). Ад махры́ (гл.) праз *махрачыць/махручыць па ўзору растру́шчаны.
Размашарава́ць ’выклікаць актыўнае дзеянне’ (Юрч. СНЛ). Семантычная інавацыя на базе маршырава́ць. Гл. марш.