Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сусло́н ’малая ўкладка снапоў у полі’ (пін., ДАБМ, камент., 877), ’нахіл’, сусло́ны ’нахілены, пакаты’ (Ласт.). Укр. суслі́н ’укладка снапоў у полі’ (з рус., ЕСУМ, 5, 483), рус. сусло́н ’тс’. Прыставачнае ўтварэнне ад сланіць, гл.

Суме́жжа ’паласа, тэрыторыя, якая мяжуецца з чым-небудзь’ (ТСБМ), суме́жны ’суседні’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), суме́жнік ’сусед па ўчастку’ (Выг.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), су́меж ’побач, у суседстве’ (Нас.), суме́ж ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. сумеж ’побач’ (XVI ст., Карскі 2–3, 446), сумежникъ ’бліжэйшы сусед’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. су́між ’сумеж’, суме́жжья, суме́жник, сумі́жник, сумі́жний, стараж.-рус. сумежие ’граніца, пагранічча’; у іншых славянскіх мовах шмат дэрыватаў з рознымі суфіксамі, параўн., напр., чэш. soumezí, славен. soméja ’супольная граніца, мяжа’, серб.-харв. sùmeđa ’тс’, на аснове якіх Борысь (Prefiks., 123–124) рэканструюе прасл. *sǫmedʼ‑.

Сумле́нне ’маральная ацэнка дзеянняў і ўчынкаў’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Гарэц., Стан., Пятк. 2), сумлепё ’тс’ (Арх. Федар.), сумле́ньня ’сумненне, падазронасць’ (Бяльк.), сумле́нны ’свядомы, адказны’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Касп.), ’добрасумленны’ (ашм., Стан.), ’шчыры, справядлівы’ (Варл., Сл. ПЗБ), сумля́цца ’сумнявацца’ (Нас., Пятк. 2), сумлява́цца ’тс’ (Варл., Сл. ПЗБ, Пятк. 2, Бяльк., Гіл., Ян.), сумлява́нне ’сумненне’ (Юрч. Вытв.). Укр. сумлі́ння ’сумленне’, ’сумненне’, сумлі́тися ’сумнявацца’, рус. дыял. сумле́нье ’сумненне’, сумлева́ться ’сумнявацца’, серб.-харв. су́мљати се ’тс’. З сумненне, сумнявацца (гл.) у выніку дысіміляцыі м–н > л–н; параўн. яшчэ славен. soumlíti ’падазраваць’ < *sọ́mniti, гл. Бязлай, 3, 341.

Су́калень ’птушка вераценік’ (Інстр. 2, Ласт.). Да сукаць, сукала, гл. матывацыйную сувязь іншай назвы з верацяно. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнай мутацыйнага паходжання (перадае скрып матавіла). Неверагодна збліжэнне з кал у Фасмера (3, 798). Гл. Антропаў, Назв. птиц, 368.

Супрацо́ўнік ’той, хто працуе разам у якой-небудзь установе, служачы’ (ТСБМ, Ласт.), вытворныя супрацо́ўніцтва, супрацо́ўнічаць (там жа). З су- і кораня прац‑ (гл. праца); калька рус. сотру́дник, сотру́днтать і г. д. Параўн. сучаснае (адваротны дэрыват?) супра́ца ’супрацоўніцтва’ (Беларусіка, 19, 226).

Сухашча́вы ’сухарлявы, хударлявы’ (Некр. і Байк., Ласт., Бяльк.). Параўн. укр. дыял. сухоща́вий ’тс’, рус. сухоща́вый ’тс’. Ад сухасць, рус. дыял. сухощь (Фасмер, 3, 814); меркаванні пра магчымае паходжанне ад *съчав‑, параўн. чэш. šťáva ’сок’, гл. Трубачоў, дополн. у Фасмер, 4, 283.

Сухажы́лле ’злучэнне мышцаў з касцямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сухажы́льля ’тс’ (Ласт.). Да сухі і жыла (гл.), параўн. польск. sucha żyła, старое suchożyła ’нерв’, ’сухажылле’, в.-луж. sucha żił(k)a ’сухажылле’, у якасці анатамічнага тэрміна, магчыма, запазычана з рус. сухожи́лие ’тс’.

Сукро́та ’стакроць’ (Ласт.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад назоўніка кро́та ’раз’ (Ласт.), гл. кроць ’тс’, што адпавядае укр. крат, крот, кроть, рус. крат, польск. kroć, кашуб. krot, в.-луж. króć, н.-луж. krot, чэш., славац. ‑krát, славен. krat, серб.-харв. кра̑т, балг. крат, дыял. крат ’частка аршына, роўная 2 см’, ст.-слав. кратъ ’раз’. Прасл. *kortъ адпавядае літ. kar̃tas ’раз’, kartá ’рад, пласт’, лат. kārta ’тс’ і ўзыходзіць да і.-е. *(s)kert‑ ’рэзаць, адрубаць’. Праблему складае адсутнасць поўнагалосся ва ўсходнеславянскіх формах, што тлумачаць уплывам царкоўнаславянскай або запазычаннем са стараславянскай мовы, гл. Фасмер, 2, 368; Шустар-Шэўц, 676; ЕСУМ, 3, 79. Адзінкавая фіксацыя слова прымушае думаць пра яго штучнае паходжанне.

Суго́р ’невялікі пагорак’ (Яшк.), ’гурба снегу’ (Ласт.), суго́рак ’пагорак; узгорак’ (Сл. ПЗБ, ПСл), ’гурба снегу’ (Яшк., ЛА, 2). Укр. су́горок ’невялікае ўзвышэнне’, рус. паўн. суго́р, су́го́рок ’тс’. Да гара, гл. Борысь (Prefiks., 142) бачыць тут значэнне ’месца, падобнае да таго, якое названа ў корані’.

Суку́пны ’сумесны, агульны, аб’яднаны’ (ТСБМ). Дзеепрыметнік, утвораны ад дзеяслова ку́піць ’збіраць у адно’ (Ласт.) з прыст. су-; аднак адсутнасць утварэнняў тыпу *сукупіць або *сукупа схіляе да думкі пра няпоўную кальку з рус. совокупный ’агульны, злучаны ў адно’ (з ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 705). Гл. купа1.