Банбе́нак ’бубен, барабан; чалавек, што гучна гаворыць’ (мазыр., Г. А. Цыхун, вусн. паведамл.). Польск. bębenek (bęben ’бубен’; прасл. аснова bǫb‑). Параўн. бамбэ́нак.
Ба́нда. Рус. ба́нда, укр. ба́нда. Запазычанне з зах.-еўрап. моў: ням. Bande, франц. bande, італ. banda (< с.-лац. banda; першакрыніца — гоц. bandwa, bandwō ’знак, сцяг’). Фасмер, 1, 120; Клюге, 48; гл. яшчэ Шанскі, 1, Б, 31. Вельмі падрабязна MESz, 1, 237. Няясна Кюнэ, Poln., 43 (думае пра польскае пасрэдніцтва?).
Банда́ж. Рус. банда́ж (з XVIII ст.), укр. банда́ж. Запазычанне з франц. bandage ’павязка, бінт, бандаж’ (да bander ’перавязваць’; франц. дзеяслоў, запазычаны з герм.; аб гісторыі слова гл. Клюге, 48; MESz, 1, 237). Фасмер, 1, 120; Шанскі, 1, Б, 31–32.
Бандале́т ’скураны пояс, да якога прымацоўваецца шабля; перавязь паляўнічай стрэльбы’ (Нас.). Запазычанне з польск. bandolet ’тс’ (а гэта з раманскіх моў, гл. Брукнер, 14). Кюнэ, Poln., 43.
Бандзе́ля ’галаўная павязка дзяўчыны; апаяска з стужкі’ (Гарэц.), банде́ля ’тс’ (Нас.). Запазычанне з польск. bandela ’тс’ (а гэта з італ. bandella; Варш. сл., 1, 93).
Бандзе́ра ’флюгер’ (Байк. і Некр.), банде́ра, банде́рка, ’флаг; флюгер’ (Нас.). Запазычанне з польск. bandera флаг; флюгер’ (а гэта з італ. bandiera ’флаг, сцяг’; Брукнер, 14). Кюнэ, Poln., 43.
Банду́ра 1. Рус. банду́ра, укр. банду́ра (з XVIII ст.). Запазычанне з польск. bandura ’тс’ < італ. pandura < лац. padūra < грэч. πανδοῦρα ’цытра, кіфара’. Фасмер, 1, 120; Брукнер, 14; Бернекер, 42; Міклашыч, 7; Рыхардт, Poln., 33; Кюнэ, Poln., 43; Рудніцкі, 72. Параўн. яшчэ Шанскі, 1, Б, 33.
Бандура 2 ’занадта вялікая рэч’ (Яўс.). Мабыць, метафарычнае ўжыванне слова банду́ра, ’музычны інструмент (гл.). Рус. банду́ра ’тс’ і ’тоўстая нехлямяжая жанчына высокага росту’. Параўн. значэнні слова басэ́тля ’музычны інструмент’, вялікая дзяжа’, ’мажная жанчына’.
Банды́т. Рус. банди́т, укр. банди́т. Паводле Фасмера, 1, 120, запазычанне з ням. Bandit або прама з італ. bandito ’бандыт’ (спачатку ’выгнаны’ ад дзеяслова bandire выганяць’). Шанскі (1, Б, 32) лічыць’ што запазычанне адбылося праз польск. мову. Гл. яшчэ MESz, 1, 237–238. Рудніцкі (71) і БЕР (1, 31) памылкова лічаць банди́т вытворным ад ба́нда. Форма бандзіт ’тс’ (Бяльк., Шат., Касп.), мабыць, адлюстроўвае рус. уплыў.
Ба́ндыш ’калун, сякера’ (лельч., Арх. ГУ). Відавочна, з *бындаш, *біндаш, а гэта нейкая дыял. форма да біндас ’сякера’ (гл.; < ням. Bindaxt). Канчатковае ‑аш, ‑ыш у гэтым слове можа адлюстроўваць ням. дыял. формы (аб ням. дыял. формах для ’сякеры’ параўн. Непакупны, Мовознавство, 1970, 6, 38).
Бандэро́ль. Рус. бандеро́ль (з XVIII ст.), укр. бандеро́ль. Запазычанне (бел. і ўкр. праз рус. мову) з франц. banderole ’вымпел, перавязь’ (< італ.). Шанскі, 1, Б, 32. Бел. слова запазычана з рус. яшчэ ў дакастрычніцкі перыяд (гл. Крамко, Гіст. мовы, II, 144–145, там і абгрунтаванне).