Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тарэ́гулька ’таратайка’ (клец., Нар. лекс.). Няясна, магчыма, ад тарыгаць ’тузаць, торгаць’, гл.

Тарэ́лачка ’астра’ (б.-каш., ельск., лоеў., Расл. св.). Параўн. укр. дыял. тарі́лка ’тс’, тарі́лочка ’хрызантэма’. З-за знешняга падабенства суквецця да талерачкі параўн. н.-луж. talariki ’астры’ ад talarik ’талерачка’ (ЕСУМ, 5, 523). Да наступнага слова, гл.

Тарэ́лка ’талерка, металічны абажур’ (Сцяшк.), ’талерка’ (Ян.; дзятл., астрав., Сл. ПЗБ), тарэ́лка, тары́лка ’фарфоравая ці металічная (раней і драўляная) пасудзіна для яды’ (брэсц., гом., З нар. сл.), тарэ́лка, таре́лка, тарэ́лочка ’неглыбокая міска, талерка’ (Вярэн.). З метатэзай да талерка (гл.) або пазнейшыя запазычанні з рускай мовы.

Тарэ́мтанды (tarèmtendy) ’прыгаворка’ (беласт., Федар. 4). Гукапераймальнае, параўн. тарамкаць (гл.), з няяснай другой часткай, а таксама таратэнты, гл.

Тарэ́нчыць ’несці што-небудзь аб’ёмнае і цяжкае перад сабой’ (Сцяшк. Сл., Гіл.). Да тарочыць1 з экспрэсіўнай назалізацыяй (імітацыя польскага вымаўлення?).

Тарэ́скаўкі ’клубніцы’ (лід., Расл. св.). Да трускаўкі (гл.) з няяснай трансфармацыяй.

Тарэ́ц ’папярочны зрэз; бакавая старана’, ’кароткі брусок для машчэння вуліцы’ (ТСБМ), торц ’папярочны зрэз’, тарцава́ць ’стругаць дрэва ўпоперак слаёў’ (Ласт.). Укр. торе́ць ’тарэц’, рус. торе́ц, торц ’тс’. З італ. torso ’торс, тулава (як частка статуі)’. У такім выпадку італьянскае слова набыло ва ўсходнеславянскіх мовах суфікс ‑ец пад уплывам іншых слоў з гэтым суфіксам. Акрамя таго, дапускаецца сувязь слова з прасл. *terti ’церці’ (ЕСУМ, 5, 604; Фасмер, 4, 88).

Тасава́цца ’падыходзіць, дапасоўвацца’ (брасл., Сл. ПЗБ). Відаць, набліжанае да стасава́цца ’знаходзіцца ў адпаведнасці’ (гл.), успрынятага як прыставачнае ўтварэнне. Сюды ж, магчыма, тасаваць ’раўняць’ (Сцяшк. Сл.).

Тасава́ць1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Тасе́мка ’тасьма’ (Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ), ’вузенькая стужка, паясок’ (Скарбы), ’вузкая каляровая тканіна, з якой даўней выкладалі ўзоры на сярмязе’ (Варл.), ’пояс’ (мёрск., стаўб., саліг., ЛА, 4), ’саматканы пояс без узораў’ (Сцяшк.), та́семка і тасёмка ’тасьма’ (Нас.), тасёмка ’тасьма’; ’завязка з тасьмы’ (ТСБМ, Бяльк.), ’вузкая палоска, якую нашывалі на спадніцы, фартухі’ (Жд. 2). Гл. тасьма.