Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сці́перы ’жабры’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. шчыбры ’тс’.

Сці́піны ’капылы ў санях’ (воран., LKK, 16). З літ. stipinaĩ тс’ (там жа, 190).

Сці́плы ’просты, стрыманы, без прэтэнзій’, ’невялікі, сярэдні’ (ТСБМ), ’скромны, ціхі’ (Гарэц.), ’ціхі, пільны’ (Варл.), ’гаспадарлівы’ (Мат. Маг.), ’эканомны; скупы’ (Мат. Гом.), сці́пл(н)ы ’скромны, ціхі, лагодны; просты’ (Некр. і Байк.). Як відаць з апошняга, не можа разглядацца асобна ад сціпны (гл.); параўн., аднак, сціплы ’стройны (?): (хвоі) стаяць — прыгожыя, сціплыя — застыглі ў святой нерухомасці (М. Зарэцкі), што магло б сведчыць аб уплыве літ. stỹpti ’цягнуцца (уверх)’ на семантыку слова.

Сці́пны ’паважны; скромны, сарамлівы’ (Нік., Оч.), ’лоўкі, акуратны’ (Касп.), ’хто ўмее добра працаваць’ (докш., ушац., Пан.), ’працалюбівы’ (Шат.). Відаць, узыходзіць да чэш. vtípný ’вынаходлівы, кемлівы, лоўкі, дасціпны’ няяснага паходжання (выводзяць з *tipati ’ўпіхваць, уціскаць’, гл. Борысь, 121), верагодна, праз польскае пасрэдніцтва, дзе пераважаюць формы *stip‑ з прыстаўкай (Басай-Сяткоўскі, Słownik, 50). Гл. дасціпны, досціп (гл.) з выпадзеннем ў (Станкевіч, Язык, 1029), параўн. ст.-бел. недовсципъ, недовтипъ ’някемлівасць’.

Сці́пры ’шчыльны, сціснуты, збіты’, ’моцны, цвёрды, трывалы’ (Ласт.). Паводле Ластоўскага (там жа, 448), у выніку кантамінацыі сціслы і сперты (гл. перці), што малаверагодна; хутчэй з літ. stiprùs ’моцны, цвёрды, трывалы’, старое stìpras ’моцны; мужны’, лат. stiprs ’моцны’, адносна якіх гл. Смачынскі, 604. Фіксацыя толькі ў слоўніку Ластоўскага можа сведчыць ігра штучнае ўтварэнне.

Сціпу́лькі ’адросткі пер’я ў птушкі’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; гл. ціпульчык ’кончык’ (ТС).

Сці́ра ’страта’ (Юрч. Вытв.), сці́рства ’тс’ (Касп.). Параўн. укр. дыял. стира ’напасць’. Вытворныя ад сціраць ’знішчаць’: со свету сціраюць (Нас.), сціра́цца ’разбурацца, гінуць, знікаць, прападаць’ (Юрч. Вытв., ТС), што да церці (гл.); да семантыкі параўн. стараж.-рус. терѧти ’губіць, спусташаць’, рус. поте́ря ’згуба’, теря́ть ’губляць’.

Сціра́ць ’мыць, праць; чысціць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), ’выціраць, рабіць чыстым, сухім’ (ТС, Варл.). Параўн. укр. стира́ти ’выціраць, уціраць’, польск. ścierać ’тс’, чэш. stirati, славац. stierať ’тс’. Вытворнае ад церці (гл.), што адлюстроўвае спосаб прання або ачышчэння (Фасмер, 3, 761). Значэнне ’мыць (бялізну), праць’ з’яўляецца беларуска-рускай інавацыяй, бо ў стараж.-рус. сътирати асноўнае значэнне было ’малоць, размолваць’ (Новое в рус. этим., 219; Из истории рус. сл., 173–174).

Сці́ркі ’карты’ (клец., Жд. 1), сці́рка ’карта (ігральная)’ (Мат. Гом.). Запазычана з аргат. рус. сти́рки ’карты (як правіла, самадзельныя)’, што, у сваю чаргу, ад аргат. стиры ’ігральныя карты са сцёртымі або дамаляванымі абазначэннямі, якія дадаюць у няпоўную калоду’, гл. Грачоў-Макіенка, Истор.-этим. сл., 131. Гл. сціраць.

Сці́рта ’вялікі стог сена, саломы, снапоў’, ’куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін’ (ТСБМ, Шн., Варл.; карэліц., Янк. Мат.; Янк. 1, Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Сцяшк.), сцірт, сці́рта́, сці́рда ’тс’ (Сл. ПЗБ); сці́рда ’тс’ (Мат. Гом.), сцю́рта ’тс’ (Сл. Брэс.), скі́рта ’тс’ (Некр. і Байк., ЛА, 1), скі́рда́ ’тс’ (Шымк., Арх. Вяр., ЛА, 1, Сержп. Грам.), сты́рта ’тс’ (Кольб.), ’кубел’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скирдъ (Лапін, Term. geogr.). Укр. ски́рта, сти́рта, рус. скирд, ски́рда, польск. sterta ’тс’. Балтызм, параўн. літ. stìrta ’стог сена’, лат. stir̃ta ’абарог, сушылка ў выглядзе страхі на слупах’; звязана з лат. stirpa ’абарог для яравога збожжа’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1047; Фрэнкель, 909–910; Міклашыч, 300; Фасмер, 3, 640; ЕСУМ, 5; Лаўчутэ, Балтизмы, 23; Непакупны, Связи, 176; Анікін, Опыт, 281). Варыянтнасць к і ц адпавядае мене і у балцкіх мовах (Векслер, Гіст., 228).