Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сці́рта ’вялікі стог сена, саломы, снапоў’, ’куча прадметаў, пакладзеных адзін на адзін’ (ТСБМ, Шн., Варл.; карэліц., Янк. Мат.; Янк. 1, Сл. ПЗБ, ЛА, 1, Сцяшк.), сцірт, сці́рта́, сці́рда ’тс’ (Сл. ПЗБ); сці́рда ’тс’ (Мат. Гом.), сцю́рта ’тс’ (Сл. Брэс.), скі́рта ’тс’ (Некр. і Байк., ЛА, 1), скі́рда́ ’тс’ (Шымк., Арх. Вяр., ЛА, 1, Сержп. Грам.), сты́рта ’тс’ (Кольб.), ’кубел’ (Мат. Гом.), ст.-бел. скирдъ (Лапін, Term. geogr.). Укр. ски́рта, сти́рта, рус. скирд, ски́рда, польск. sterta ’тс’. Балтызм, параўн. літ. stìrta ’стог сена’, лат. stir̃ta ’абарог, сушылка ў выглядзе страхі на слупах’; звязана з лат. stirpa ’абарог для яравога збожжа’ (Мюленбах-Эндзелін, 3, 1047; Фрэнкель, 909–910; Міклашыч, 300; Фасмер, 3, 640; ЕСУМ, 5; Лаўчутэ, Балтизмы, 23; Непакупны, Связи, 176; Анікін, Опыт, 281). Варыянтнасць к і ц адпавядае мене і у балцкіх мовах (Векслер, Гіст., 228).

Сці́слы ’выкладзены коратка, лаканічны; кароткі’ (ТСБМ), сьці́слы, сьці́склы ’сціснуты, шчыльны; кампактны’ (Ласт.), сці́слы, сці́склы, сці́склівы ’ашчадны, скупаваты’ (брасл., паст., смарг., Сл. ПЗБ), сці́слы ’сціпла, ашчадна жывучы’ (Нас.), ’ашчадны, скупы’ (Бяльк.), ’скупы, прагны’ (Ян., Жд. 2), ’вельмі скупы, хцівы’ (Растарг.), сці́склы ’эканомны’ (Ян.), сці́склівы ’ашчадны, які намарна нічога не пусціць’ (Варл.), сці́слівы ’сарамлівы’ (Мат. Гом.). З польск. ścisły, старое ścisliwy, ściskły ’шчыльны; дакладны; скупы’, якое ад ściskać ’сціскаць’ < ciskać ’ціскаць’ (Брукнер, 530; Борысь, 614).

Сціх1 ’супакой, цішыня’ (Барад., Юрч. Вытв.), ’спакой, канец’ (Сцяц. Сл.), стіх ’кароткі адрэзак часу’; у значэнні прысл. стіха́мі ’часамі’: стіхамі мніе голова боліт (беласт., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стих, стиг ’міг’, ’хвілінка, момант’, стих ’урок’ (Шымк. Сл.), рус. стих ’дзіўны стан, блазенства, нечаканы ўчынак’ у выразе стих нашёл, славац. stih ’вольны час, вольная хвіліна’. Няясна з-за разнастайнасці значэнняў. Хутчэй за ўсё, дэвербатыў ад сціхаць (гл.), падобна да міг ад мігаць; развіццё значэння ад ’раптоўная ціша’ да ’нечаканасць’ і ’момант’. У ЕСУМ (5, 414) дапускаюць сувязь з укр. сти́гнути (гл. засцігнуць); вывядзенне слова Зубатым (Studie, 163) з балцкіх моў лічыцца менш верагодным. Праабражэнскі (2, 387) выводзіць рускі выраз са стих ’палоска пры пляценні, радок лыка пры пляценні лапцей’, што, на думку Вінаградава (Этимология–1968, 167), сумніўна; не менш сумніўнай бачыцца і яго прапанова звязаць з грэч. στίχος ’радок у вершы’ (гл. сціх2) праз стадыю ’замова’. Сюды ж, відаць, і сціш ’цішыня’ (Ласт.).

Сціх2 ’верш’ (Сл. ПЗБ), сцішо́к ’вершык’ (Бяльк.). Запазычана з рус. стих, стішо́к ’тс’.

Сціхамі́р ’супакой, заспакаенне’ (Нік. Старцы, Юрч. Вытв.), сціхамі́рые ’тс’ (Юрч. Вытв.), сюды ж сціхамі́рны ’смірны, рахманы’ (Нас.), сціхамі́рыцца ’супакоіцца, суцішыцца’ (Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Некр. і Байк.). Складаныя словы, гл. сціх1 і мір1; Карскі (2–3, 100) мяркуе пра азначальны характар сувязі паміж першай і другой часткамі. Гл. ціхамірʼе, ціхамірны.

Сці́хат ’страх’: аж сціхат глядзець (Марц.), сціхо́т ’страх, жах’ (навагр., Сцяшк. Сл.). Відаць, ад сціх1 з экспрэсіўным суфіксам ‑ат (‑от); да семантыкі параўн. вусціш ’цішыня’ і вусцішна ’жудасна, страшна’ (гл.), а таксама сціхата́, сціхо́цце ’цішыня’ (Сцяшк. Сл.).

Сціха́ць ’супакойвацца, сунімацца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Стан., Сл. ПЗБ), сці́хнуць ’перастаць, суняцца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), сці́хці ’тс’ (Стан.), сюды ж з іншым варыянтам асновы сціша́ць ’супакоіцца’, сцішэ́ць ’тс’ (Сл. ПЗБ), сціша́ць ’змяншаць, сунімаць’ (ТС), прыслоўе (дзеепрыслоўе?) сці́ха ’ціха (у песнях)’: це́пла рэ́чка невелі́чка, це́кла вона́ сці́ха (ПСл), ’ціхенька, паціху’ (Нас., Бяльк.), сці́ха ’тс’ (Барад.; ашм., Стан.), якія звычайна разглядаюцца як утвораныя ад прыметнікаў ці назоўнікаў у Р. скл. з прыст. с‑, гл. Карскі 2-3, 75; Шуба, Прыслоўе, 126 і наст. Гл. ціхі, ціш.

Сціць ’шанаваць, паважаць’ (Стан.), ст.-бел. учсты ’выказаць пашану, павагу’ (Статут 1529, 1588). Рэканструяваны Станкевічам на падставе старабеларускіх форм дзеяслоў, гл. чціць ’шанаваць’ (Некр. і Байк.); паводле Карскага (1, 201), аналагічна стараж.-рус. чьсти з пропускам цяжкавымаўляльнага с дае ў ст.-бел. чсты, цти, чти. Гл. чэсць.

Сці́шна ’страшнавата’ (Адм., Дзямід.), ’ціха’ (навагр., Сл. ПЗБ), сці́шнасць ’некаторы страх’ (Стан.), сці́шны ’вельмі ціхі’ (Адм.). Да сцішэць, сціхаць (гл.); да семантыкі параўн. вусцішна, сціхат, гл.

Сці-сці ’падзыўныя для авечак’ (петрык., ДАБМ, камент., 896). Няясна, магчыма, ісці (гл.), параўн. сьці ’ісці’ (Стан.).

Сцулі́ ’мача’, сцуль ’хто мочыцца пад сябе’ (Нас.). Вытворныя ад сцаць (гл.) з суф. ‑ул‑, гл. Карскі 2-3, 25.