Схо́ды ’лесвіца, ступенькі лесвіцы’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.; зах.-бел., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), схо́дкі ’прыступкі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; паст., Сл. ПЗБ); паводле Сл. ПЗБ (там жа), з польск. schody ’тс’; схо́дцы ’тс’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Ян., Мат. Гом.), відаць, самастойнае ўтварэнне.
Схон ’схіл’ (А. Зарэцкі), ’упадак, канец’: усё на схон ідзе (ЛіМ, 1995, 1 снеж.). Ад схінуць, гл.
Схрон ’бункер, бамбасховішча’ (баран., лях., астрав., беласт., Сл. ПЗБ), ’схоў, сховішча’ (Сцяшк. Сл., ТС, Сл. Брэс.). З польск. schron ’тс’ (Сл. ПЗБ, там жа).
Схунды́ту ’ўсе разам, грамадой’: schundýtu pašli kasić (Варл.). Няясна.
Сху́ня, сху́нька ’палатняная торба для зерня, з якой сеялі ўручную’ (Сл. Брэс.; лун., Шатал.). Прэфіксальны дэрыват ад гу́ня, гу́нька (гл.) (*згуня, *згунька) з аглушэннем пачатку слова.
Схэ́лтаць ’з’есці’ (Дыял. Гродз.). Запазычана з польск. дыял. schełtać ’змяшаць, збоўтаць’ з экспрэсіўным пераасэнсаваннем.
Сца ’сліна, асца’ (калінк., Сл. ПЗБ), ’балючы сверб падэшвы нагі’ (Нас.). Гл. асца.
Сцаць ’выдзяляць мачу’ (Нас., Сержп. Прымхі), сцяць ’тс’ (ашм., Стан.), сца́цца ’мачыцца пад сябе’ (Нас.; ашм., Стан.). Укр. сця́ти, рус. сцать, польск. szczać, в.-луж. ščeć, н.-луж. scaś, šcaś, чэш. scáti, славен. scáti, серб.-харв. старое і дыял. ścati, ст.-слав. сьцати ’тс’. Прасл. *sьcati < *sьkati у выніку трэцяй палаталізацыі; сюды ж стараж.-рус. сьчь ’мача’, ц.-слав. сьчь, серб.-харв. са̏ч, славен. sə̀č ’тс’; гл. Фасмер, 3, 815–816. Першапачаткова ’выдзяляць вадкасць, пушчаць сокі’ (Борысь, Etymologie, 54). Да і.-е. кораня *sei̯k‑ ’выліваць; цячы’ (Борысь, 594). Гл. яшчэ Махэк₂, 538; Глухак, 541; Шустар-Шэўц, 1408; ЕСУМ, 5, 492; параўн. сі́каць. Сюды ж сца́кі ’мача’, сцо́ха перан. ’сварлівая жанчына’, сцулі́ ’мача’, сцуль, сцу́лля ’той, хто мочыцца пад сябе’ (Нас.).
Сцверало́м ’павіліца сапраўдная, Galium verum L.’ (Касп., Кіс.). Няясна; магчыма, кантамінацыя, параўн. іншыя назвы расліны сцярдзю́шка і сухало́м, гл.
Сце́бель ’сцябло, цыбух’ (Сл. ПЗБ), ’ручка ў вясле’ (ТС), сце́бяль, сцяблавы́ ко́рань ’вертыкальны корань дрэва’ (Сл. ПЗБ; чэрв., ЛА, 1). Параўн. укр. сте́бель ’адростак, цыбух’, рус. сте́бель ’ствол, адростак, чаранок’, стараж.-рус. стьбль, славен. stebəl ’сцябло, камель’. Прасл. *stьblь, параўноўваюць з літ. stíbis ’membrum virile’, stíebas ’слуп; цыбух, сцябло’, лат. stiba ’кій, прут’, ст.-інд. stíhhih ’пучок, звязка’ (Фасмер, 3, 750; Бязлай, 3, 314; ЕСУМ, 5, 405), літ. stìbilas ’чаранок, сцябло, качан’ (Сной₂, 697); на падставе апошняга Мартынаў (Дерив., 35) прапануе рэканструкцыю прасл. *stьbьlь з суф. ‑ьlь, паралельнае да лац. stipula ’салома, сцябло’ з суф. ‑ula, што няпэўна. Гл. таксама сцябло.