Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Сушчэ́ннік ’бусельнік цыкутавы, Erodium cicutarium (L.) L’Herit’ (Кіс.). Магчыма, да сушчы2 (’зелле, якім лечаць сушчы’?).

Сушы́ць ’рабіць сухім’, ’нарыхтоўваць у запас, высушваць’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Стан., ТС, Сл. ПЗБ). Укр. суши́ти, рус. суши́ть, польск. suszyć, в.-луж. sušić, н.-луж. sušyś, чэш. sušit, славац. sušiť, серб.-харв. су́шити, ст.-слав. соушити і г. д. Прасл. *sušiti ад *suchъ ’сухі’ (Махэк₂, 591). Борысь (588) мяркуе, што гэта першапачаткова быў каўзатыў да прасл. *sъchnǫti ’сохнуць’, на які пазней налажыўся адыменны (ад *suchъ) дзеяслоў.

Суя́рак ’мука з сумесі яравога збожжа’ (пух., Сл. ПЗБ), ’ярына; зерневыя культуры, якія сеюць вясной’ (Буз.; бярэз., нараўл., Расл. св.), суя́рок ’тс’ (Серб. Вічын, ПСл), суярко́вы ’з мукі яравога збожжа’ (пух., ЛА, 4). З су‑яр‑ак, гл. яр, ярына, параўн. суржык.

Суята́ (суета́) ’непакой’, ’мітуслівы, неспакойны чалавек, які ўсюды лезе’ (Нас.), суjета́ ’клопат, турбота’ (Вруб.), суетня́ ’клопат, суматоха’ (Нас.), ст.-бел. суета ’марнасць, пустка, непатрэбшчына’ (Альтбаўэр), суетныи ’марны; мітуслівы’ (там жа). Параўн. укр. суєта́, суята́ ’клопат, неспакой, прыгнечанасць’, суятня́ ’неспакой’, рус. суета́ ’тс’, балг. суета́ ’марнасць; мітусня’, суетня́ ’клопат, турботы’, макед. суета ’марнасць; фанабэрыя’, ст.-слав. соуѥта ’марнасць, пустка’. Хутчэй за ўсё, запазычана са стараславянскай праз біблейскія тэксты, параўн. біблеізм соуѥта соуѥтъ ’марнасць’, што адпавядае грэч. ματαιότης ματαιοτήων, лац. vanitas vanitatum ’тс’ — выраз, што лічыцца гебраізмам, параўн. ст.-бел. ажно все суета, суета суетная (Альтбаўэр). Выводзіцца са ст.-слав. соуѥ ’несапраўднае, ілжывае’, соуи ’пусты’, з суф. ‑ѥта (< *‑ota пасля ‑j‑, гл. Глухак, 593), параўн. стараж.-рус. суи ’пусты, нязначны, несапраўдны’, чэш. sujný ’дарэмны’, што да прасл. *sujь ’пусты, марны’, якое параўноўваюць з літ. sáuja ’жменя’, ст.-інд. çūnyás ’пусты’, лац. cavus ’пусты, з поласцю ўсярэдзіне’ (гл. Фасмер, 3, 797); паводле Варбат (Этимология–1983, 38) — беспадстаўна, паколькі значэнне ’парожні’ адсутнічае ў славянскага слова, больш верагоднай падаецца сувязь з *sovati (гл. соваць, суваць). Параўн., аднак, пярэчанні Кожынавай (Супр. чыт., II, 58) на падставе перакладу з грэчаскай біблейскага фрагмента пꙋстошь пꙋстошемъ всє пꙋстошь.

Суяці́м ’аматар судзіцца’ (Гарэц., Стан.). Няясна; магчыма, да папярэдняга (гл.), вытворнае ад дзеяслова суяціцца ’мітусіцца, хвалявацца’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ) з суф. ‑ім.

Су- — прыстаўка. Пры ўтварэнні іменных часцін мовы абазначае сумеснасць, саўдзел (субясе́днік, сунайма́льнік), сукупнасць, зборнасць (сузо́р’е, сукве́цце), падабенства ці няпоўную адпаведнасць у адносінах да прадмета або з’явы, выражанай у асноўвай частцы слова (сугле́й, суглі́нак, супе́сак), суадноснасць пэўнай якасці паміж прадметамі (сугу́чны, суразме́рны), збліжэнне, супадзенне ў прасторы або ў часе (суча́сны, суме́жны), унутранае адзінства чаго-небудзь (суцэ́льны); пры ўтварэнні дзеясловаў абазначае сумеснасць, суправаджэнне або ўстанаўленне суадносін паміж чым-небудзь (суіснава́ць, сумясці́ць). Прыіменная прыстаўка; у некаторых славянскіх мовах вельмі рана пачала змешвацца з прэфіксам *sъ‑ (гл. с‑, са‑, з‑), параўн. укр., рус. су‑, со‑, польск. są‑, ст.-чэш. sú‑, чэш. sou‑, славац. su‑, в.-луж., н.-луж. su‑, славен. so‑, серб.-харв. су‑, са‑, балг. су‑, съ‑, макед. са‑, со‑, ст.-слав. сѫ‑, соу‑ (сѫпрѫгъ, сѫсѣдъ, соумракъ). Прасл. sǫ‑ этымалагічна адпавядае прыстаўцы *sъn‑ або *sъ‑ у дзеясловах (гл. з‑). Праславянскае з першаснага *som‑, роднаснае ст.-прус. san‑ — прыстаўка пры назоўніках, sen — прыназоўнік, літ. sán‑/sam‑, są‑, гоц. sama‑, ст.-інд. sam‑, sa‑, авест. ham‑, ha‑, арм. ham‑. Гл. ESSJ SG, 1, 240; 254–255; Фасмер, 3, 791 з літ-рай; Бязлай, 3, 281; Борысь, 539; Махэк₂, 534; ЕСУМ, 5, 461. Пазней су‑ з дзеясловаў, утвораных ад назоўнікаў з прыстаўкай су‑ тыпу суседзіць < сусед, распаўсюдзілася на іншыя дзеясловы і зрабілася словаўтваральнай дзеяслоўнай прыстаўкай; гл. Борысь, Prefiks., 146–148. Заўважна тэндэнцыя пашырэння прыст. су‑ ў запазычаннях з рускай мовы замест прыст. са‑ са значэннем сумеснасці, якія ўспрымаюцца як калькі-пераклады з рускай мовы (Садоўскі, Беларусіка, 19, 231).

Сфе́ра ’шар ці яго паверхня знутры’, ’прастора дзеяння; межы распаўсюджвання’ (ТСБМ), сфэ́ра ’абшар, на які сягаюць сілы, уплывы нябеснага цела; круг уплыву’ (Ласт.), ’абсяг’ (Некр. і Байк.). Ст.-бел. спе́ра (сфе́ра) ’сфера, арбіта планет’, XV ст. < ст.-польск. sfera, spera < лац. sphaera ад грэч. σφατρα ’шар, мяч, ядро’ (Булыка, Лекс. запазыч., 139). Сучаснае слова можа быць паўторным запазычаннем з рус. сфе́ра, дзе з XVII ст. праз польск. sfera або ням. Sphaere, якія, далей, да той жа крыніцы; гл. Фасмер, 3, 815.

Сфэ́ціць ’украсці’ (Сл. рэг. лекс.). Няясна; магчыма, ад польск. feta ’гулянка, гасціна’.

Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.

Схаласо́піць ’распрадаць за нішто’ (Сцяшк. сл.). Няясна; магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне на базе мясцовага хало́сны ’халасты, нежанаты’ (гл.), другая частка нагадвае народнае хвіласо́п ’філосаф’ (Нас.), chwałazòp ’тс’ (Пятк. 2).