Сума́к ’бервяно ў прасценку зруба’ (Мат. Гом.; брагін., Шатал.), ’прасценак, міжаконне’ (Ян.). Укр. палес. сума́к ’бярвенні ў сцяне хаты ад вугла да акна’, польск. sumce ’бэлькі ў сценах будынку; драўляная калода для будаўніцтва’, sumik ’бэлька, якая ўкладаецца паміж двума слупамі’, славац. sumyk ’тс’. Прасл. *sъmъk, суадноснае са *smъknǫti/*smykati ’змыкаць’, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 207. Гл. яшчэ самінец, сомінец.
Сумарда́к ’удар па твары’, ’упартасць’ (Нас.), ’вялікае нязручнае палена’ (Юрч. Вытв.), сумурда́к ’хвароба ў роце, пры якой баляць сківіцы’ (Бяльк.), сумурда́кі ’твар і вусны’ (КЭС). Відаць, нельга аддзяліць ад самардак (гл.), але з іншай прыстаўкай (су-), параўн. яшчэ самарды́к ’пануры, маўклівы чалавек, які глядзіць спадылба’ (Растарг.) Няясна. Версія Насовіча (ад мо́рда, гл.) блізкая да народнаэтымалагічнай і не тлумачыць варыянтнасць фанетыкі і семантыкі.
Сумаро́к ’памяшанне, вар’яцтва’ (Янк. 1, Янк. 3.), су́марак ’змрок’ (Станк.), ’замарачэнне’ (Юрч. Вытв.), сума́рак ’шэрая гадзіна, змярканне’ (асіп., Буз.), суморо́ка, су́мрак, су́мракі, сумро́к ’тс’ (ЛА, 2), сюды ж сумаро́кі, сумаро́каваты ’суровы з выгляду, строгі, маламоўны’ (чырв., З нар. сл.). Укр. дыял. су́морок, рус. дыял. су́марак ’змярканне’, стараж.-рус. суморокъ ’тс’, ц.-слав. сѫмракъ, чэш. soumrak, славац. súmrak, серб.-харв. су̏мра̑к, славен. sọ́mrák ’тс’, балг. су́мрак ’змярканне’, макед. самрак ’тс’. Прасл. *sǫmorkъ, ад *sǫ‑ і *morkъ (гл. морак) (Фасмер, 3, 802). Борысь (Prefiks., 97) лічыць дэвербатывам ад *sъ‑mŕ̥k‑nǫti з тым самым коранем. Сюды ж сумро́к ’змрок’ (пух., ЖНС), відаць, з рэдукцыяй галоснага ў другім складзе або ўтварэнне з прыст. су- і *мрок < польск. mrok ’морак’, параўн. змрок (гл.). Формы су́мрак, су́мракі — запазычанне з рус. сумрак або з царк.-славянскай. Да семантыкі параўн. марочыць, марока (гл.).
Сумато́ха ’забурэнне, непакой; мітусня, беганіна’ (Пятк. 2, Цых.), ’мітрэнга’ (талач., ЛА, 5); сюды ж сумато́хніцкі ’мітуслівы, хуткі’ (Сцяшк. Сл.). Запазычана, хутчэй за ўсё, з рус. сумато́ха ’тс’, параўн. сумятня, гл. Параўн., аднак, укр. дыял. сумату́ха ’задуменнасць, маркотлівасць’, польск. дыял. sumatocha‑swat ’на ўсходнеславянскіх землях: асоба, абавязаная весяліць маркотную маладую на вяселлі’, якія ўтвораны ад сум, сумота, гл. ЕСУМ, 5, 474. Польскае слова запазычана з беларускай ці ўкраінскай (Варш. слоўнік, 6, 511).
Сумбу́р ’бязладдзе’ (ТСБМ). З рус. сумбу́р ’тс’, якое не мае задавальняючай этымалогіі. Гукапераймальнае (?), параўн. шурум‑бурум, гл.
Суме́жжа ’паласа, тэрыторыя, якая мяжуецца з чым-небудзь’ (ТСБМ), суме́жны ’суседні’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц.), суме́жнік ’сусед па ўчастку’ (Выг.; кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), су́меж ’побач, у суседстве’ (Нас.), суме́ж ’тс’ (Ласт.), ст.-бел. сумеж ’побач’ (XVI ст., Карскі 2-3, 446), сумежникъ ’бліжэйшы сусед’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. су́між ’сумеж’, суме́жжья, суме́жник, сумі́жник, сумі́жний, стараж.-рус. сумежие ’граніца, пагранічча’; у іншых славянскіх мовах шмат дэрыватаў з рознымі суфіксамі, параўн., напр., чэш. soumezí, славен. soméja ’супольная граніца, мяжа’, серб.-харв. sùmeđa ’тс’, на аснове якіх Борысь (Prefiks., 123–124) рэканструюе прасл. *sǫmedʼ‑.
Суме́ня ’сумленне, характар’ (шальч., астрав., Сл. ПЗБ). З польск. sumienie ’тс’ (там жа).
Суме́цца ’збянтэжыцца, разгубіцца’ (ТСБМ), ’занудзіцца, засумаваць, замаркоціцца’, ’спалохацца, разгубіцца’ (глыб., пух., лях., Сл. ПЗБ), ’спахапіцца крыху, спалохацца’ (Варл.), сюды ж, відаць, балг. дыял. сумеіа́ ме ’непрыемна мне, гідка мне’. Зыходнае, магчыма, прасл. *sъ‑uměti sę, гл. і наступнае слова.
Суме́ць ’здолець, змагчы’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ). Гл. умець; параўн. балг. съумея (< *sъ‑uměti) ’тс’. Аўтары апошняга слоўніка мяркуюць пра запазычанне з рус. суме́ть ’тс’.
Сумёт ’гурба снегу’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Касп., Яшк., ЛА, 2), сумёты ’гурбы’ (шуміл., Сл. ПЗБ), параўн. укр. дыял. суме́та ’гурба’, рус. сумёт ’тс’. Прасл. *sǫmetъ, іншыя дэрываты суадносныя з *sъ‑mesti ’змесці’ ад прасл. *mesti ’месці’, параўн. каш. sḿot ’гурба снегу’, серб.-харв. smȅt ’гурба снегу; сметнік, смецце’ (Борысь, Prefiks., 108–109; SEK, 4, 335). Сюды ж суме́ціца ’завіруха’ (Касп.), су́мець ’завея’ (Нас., Бяльк.), а таксама суме́цце ’смецце’, суме́тны (Гарэц., Ласт.). Параўн. смецце, гл.