Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Смылікі́ ‘гарэлкі (гульня)’ (Касп.). Да смылець (гл.), аналагічна гарэлкі < гарэць (гл.).

Смысл ‘розум’ (Нас.), смы́сліць ‘разумець, цяміць’ (Нас.), змысл ‘сэнс’ (Байк. і Некр.), смы́сел ‘сэнс, значэнне; розум’, смы́сьліць ‘разумець, цяміць’ (Некр. і Байк.), змысьля́ць ‘здумляць’ (Ласт.). Параўн. укр. смисл ‘сэнс, разуменне, сутнасць, карысць’, ‘сэнс, розум’, рус. смысл, смы́слить ‘разумець’, польск. smysl, zmysł ‘адчуванне, розум, сэнс’, н.-луж., в.-луж. zmysł ‘тс’, чэш. smysl ‘тс’, славац. zmysel ‘сэнс, розум, адчуванне, разуменне’, серб.-харв. сми̑сао ‘сэнс, значэнне, схільнасць’, славен. smísel ‘сэнс’, балг. сми́съл ‘сэнс, мэта, змест, карысць’, ст.-слав. съмыслъ ‘думка, намер, погляд’. Поствербальнае ўтварэнне ад *sъmysliti < mysliti (гл. мысль) (Махэк₂, 385). Гл. яшчэ Сной₁, 585.

Смы́чаны толькі мн. л. ‘атрэп’е’ (карэліц., Шатал.). Да смык, смыкаць (гл.).

Смычо́к. Гл. смык1.

Смя́га ‘сухасць на губах’, ‘смага’ (Нас., Касп.), ‘млявасць, млосць’ (Ласт.), смя́гнуць ‘запякацца, засыхаць ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Нас., Касп.), ‘смажыцца ў зачыненым посудзе’ (Касп.), ‘вянуць’ (Гарэц.), ‘пячыся на сонцы, адчуваць прагу да вады, быць мляўкім’ (Варл.), смя́глы ‘засохлы ад гарачыні’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смя́гці, смя́хці ‘сохнуць (па кім-небудзь)’ (віл., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. смя́гнуть, пересмя́гнуть ‘перасохнуть (аб губах), патрэскацца’: смя́га во рту, стараж.-рус. прѣсмѧгнути ‘высахнуць, запячыся’, чэш. osmahlý ‘загарэлы’, славац. zusmehlý, славен. prismegniti ‘пасохнуць (пра расліны)’. У рускай таксама формы з ‑к‑: пересмя́клый, пересмякло во рту. Зыходнае *smęgnoti — вынік назалізацыі каранёвага галоснага, прадстаўленага ў *smog‑, гл. смаголь (Куркіна, Диал. структура, 73). Паводле Махэка (гл. Фасмер, 3, 695), гэта экспрэсіўная палаталізацыя зыходнага смага (гл.) або яго кантамінацыя з *mekъkъ (гл. мяккі).

Смя́глы. Гл. смаглы.

Смя́дзіць (сьмя́дзіць) ‘чадзіць, дыміць’ (Бяльк.), ‘рабіць смуглым’ (Стан.), сюды ж смя́ды (сьмя́ды) ‘чарнявы, смуглы’ (там жа), засмя́дзіць ‘абпаліць’ (Бяльк.), ст.-бел. смѣдыи, смедыи ‘пачарнелы, смуглы’: смеда есмъ, понеже ожьгло мѧ солнъце (Скарына; Карскі 2–3, 476), смядость ‘чарната, смугласць’ (Ст.-бел. лексікон), смѧдъ ‘пачарнелы, смуглы’ (Альтбаўэр), Смядынь — рака ў Смаленскай вобл. (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. дыял. сня́діти ‘плеснявець, пакрывацца сліззю’, сни́діти ‘выцвітаць; рабіцца брудным, іржавым’, рус. Смедва, Смедовка — назвы рэк у Тульскай і Разанскай губ., польск. śniedzieć ‘пакрывацца вокіслам медзі’, старое śmiady ‘смуглы’, чэш. snědý ‘смуглы’, старое smědý ‘цёмна-карычневы’, славац. snedý ‘тс’, славен. smẹ̑d ‘тс’, серб.-харв. сме̏ђ ‘карычневы, кары; смуглы, гнеды’. Прасл. *směditi, *smědъ(jь), роднаснае гоц. bi‑smeiten ‘запляміць, пэцкаць’, ст.-в.-ням. smīzan ‘фарбаваць, мазаць; біць, удараць’, англ.-сакс. smittian ‘запляміць, запэцкаць’, smitte ‘пляма’ < і.-е. *smeid‑, гл. Покарны, 966. Збліжаюць таксама з *mědь (Брукнер, 633; Бернекер, 2, 46), з літ. smėlus ‘светла-шэры’, pasmėlęs ‘карычняваты’, літ. smélti ‘цямніць, брудзіць, бляднець’ < і.-е. *smel‑ ‘тлець, жэўраць’, ад якога і *smaliti, гл. смаліць (Махэк₂, 662). Гл. Фасмер, 3, 684; Бязлай, 3, 269; Глухак, 565; ЕСУМ, 5, 339.

Смярдзе́ць ‘вылучаць смурод, дрэнна пахнуць’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), смердзе́ць ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. смерді́ти, рус. смерде́ть, стараж.-рус. смьрдѣти, польск. śmierdzieć, в.-луж. smjerdźić, н.-луж. smerźiś, чэш. smrděti, славац. smrdieť, серб.-харв. смр́дјети, славен. smrdẹ̑ti, балг. смърдя, макед. смрди, ст.-слав. смрьдьти. Прасл. *smьrděti дакладна адпавядае літ. smìrdéti, лат. smir̂dêt ‘смярдзець’, лац. merda ‘кал, нечыстоты’ ад і.-е. *smerd‑ ‘смярдзець’, гл. Траўтман, 271; Мюленбах-Эндзелін, 3, 965; Махэк₂, 561; Фасмер, 3, 685; Шустар-Шэўц, 1321; Сной₁, 586; ЕСУМ, 5, 317. Параўн. смерд, смурод.

Смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.). Гл. смерць2.

Смяртэ́льны ‘смяротны, смертны’ (ТСБМ, Нас.), ‘невыносны (пра боль)’ (Сл. ПЗБ), сюды ж смяртэ́льнічкі ‘абутак для нябожчыка’ (там жа), смерце́льно ‘смяротна’, смяртэ́льнік ‘начны матыль’ (Сцяшк. Сл.), ‘незапамінайка’ (Жд. 2), ст.-бел. смертелный (смертельный) ‘смяротны’. Запазычана з ст.-польск. śmiertelny ‘тс’, што ў сваю чаргу з ст.-чэш. smrte(d)lný ‘тс’, якое тлумачыла лац. mortalis ‘тс’ (Цвяткоў, Запіскі, 2, 1, 57; Булыка, Лекс. запазыч., 196; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 381). З той жа крыніцы, відаць, праз старабеларускую, рус. смерте́льный ‘тс’ (Віткоўскі, Słownik, 175; Фасмер, 3, 685). Народнае смяро́тны ‘смяртэльны, смертаносны’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Касп., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Растарг.) утворана ад *смерота, параўн. экспрэсіўнае (табуізаванае?) смяро́тка ‘смертухна’ (Ласт., Некр. і Байк.), што да смерць (гл.). Непасрэдныя ўтварэнні ад апошняга смярце́нны ‘смяротны’ (Ян.), сме́ртны ‘тс’ (ТСБМ), ст.-бел. смертныи (смерʼтныи) ‘тс’ (Альтбаўэр).