Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слі́зень ‘слізняк, смоўж’ (Ян., ТС), слі́зянь ‘вераценца’ (віл., Сл. ПЗБ), параўн. укр. сли́зень ‘тс’. Да слізкі (гл.) па тыпу слівень, слімень (гл.).

Слі́зік ‘праснак’ (Сцяшк. Сл.), сле́дзікі, слі́зікі ‘піражкі; варэнікі’, ‘крухмальныя локшыны’, ‘кусочкі пшанічнага цеста, адвараныя ў вадзе і залітыя салодкай сумессю’ (Скарбы, Сл. ПЗБ). Гл. сліж2.

Слізі́ць ‘сачыцца’, ‘мокнуць (пра рану)’ (Сл. ПЗБ, ПСл), слі́зіць, слізі́ць ‘тс’ (ТС), сюды ж, відаць, і слю́знуць ‘прэць, гніць’ (Варл.). Параўн. укр. слизи́ти ‘сачыцца’, славац. sliziť ‘прапускаць вадкасць’, славен. slizéti ‘сачыцца’, серб.-харв. слизити ‘паціху цячы, сачыцца’, slíziti ‘тс’, балг. дыял. слизи ‘паціху прасочваецца праз якую-небудзь перашкоду, сочыцца’. Борысь (Czak. stud., 82) адносіць сюды і ўкр. сли́знути ‘таяць’, н.-луж. śliznuś ‘таяць, распускацца (пра снег, масла)’, старое польск. śliznąć ‘пакрывацца сліззю, рабіцца слізкім (пра мяса і інш.)’, śliżeć ‘станавіцца слізкім, вільготным (пра сала)’, славен. slizniti ‘таяць (пра снег, масла)’ і рэканструюе прасл. *sliziti ‘выдзяляць з сябе вільгаць, слізь’, што суадносіцца з *slizъkъ (з суф. ‑ъkъ), гл. слізкі, слізь. Параўн. БЕР, 6, 878; SEK, 4, 309.

Слі́зкі ‘гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць або які цяжка ўтрымаць’, ‘пакрыты сліззю’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), слізь ‘цягучая і слізкая маса’ (ТСБМ), слізата́ ‘слізкасць’ (Сл. ПЗБ), слізо́та ‘заледзянелая дарога’ (тс), ‘калі пад нагамі слізка’ (Варл.), слі́знуць, слі́зі́ць ‘пакрывацца сліззю, прэць’ (ПСл), слі́дзікі ‘піражкі’ (брасл., Сл. ПЗБ). Укр. сли́зький, рус. сли́зкий, польск. ślizki, чэш. slizký, slzký, славац. slizký, славен. slízek, балг. сли́зък, ст.-слав. сльзъкъ ‘ліпкі; сакавіты’. Прасл. *slizъkъ утворана ад прасл. *slizь з суф. ‑ъkъ, параўн. укр. слиз, рус. слизь, чэш., славац. sliz, славен. slȋz ‘слізь’, балг. слиз. Роднасныя ст.-ісл. slíkr ‘гладкі’, ст.-в.-ням. slîhhan ‘красціся’, с.-в.-ням. slik ‘глей’, грэч. λίγδην ‘дакранаючыся да паверхні’, ст.-ірл. sligim ‘пэцкаць’. Гл. Міклашыч, 300; Праабражэнскі, 2, 300; Фасмер, 3, 671; Траўтман, 270; БЕР, 6, 876–878 з аглядам літ-ры. Узводзіцца да і.-е. *sleu̯gʼ‑ ‘слізгаць, слізкі’ (Покарны, 663–664; Сной₁, 581; Борысь, 617; SEK, 4, 312). Гл. яшчэ Махэк₂, 555; Шустар-Шэўц, 1315; ЕСУМ, 5, 300.

Слізо́рак, слізо́рык ‘сцізорык’ (Нас., Варл.). Гл. сцізорык; ‑л‑, магчыма, пад уплывам слізкі (гл.).

Слізуны́ ‘грыбы маслякі’ (Сл. рэг. лекс.), сюды ж слізу́х ‘масляк’ (Сцяшк.), сліжа́к ‘казляк ’ (Яўс.). Да слізкі (гл.).

*Слім, слым ‘вераценніца’ (малар., Цыхун, вусн. паведамл.). Гл. слімень.

Слімаза́рны, слімазу́рны ‘запэцканы слінай; малы, хілы’, ‘марудлівы, дробязны (аб працы)’ (Нас.), слімаза́рны ‘няўдалы, нязграбны’ (Сцяшк. Сл.), ‘плюгавы’ (Янк. 2), ‘мізэрны’ (Сержп.; кам., ЖНС), слемаза́рны ‘ўбогі, варты жалю, слёз’ (Нар. Гом.), слямаза́рный ‘дробны’ (Сл. Брэс.), слімаза́рнік, слімазу́рнік ‘гадкае запэцканае дзіця’, ‘благі працаўнік, рамеснік’ (Нас.), слімаза́рнік ‘неахайны, апушчаны чалавек’ (Чач., Касп., Федар. 4), слімазу́рыць ‘пэцкаць’, ‘марудліва займацца нечым’ (Нас.), слімаза́ ‘плакса’ (КСП). Параўн. укр. арг. шлямаза́рник ‘вучань, што нестаранна піша’, польск. ślamazarny, szlamazarny, ślimazarny ‘павольны; расхлябаны, бездапаможны; вялы’, ślamazara ‘няўклюда, няздара, недарэка’, каш. slamaza ‘марудны, пазбаўлены энергіі чалавек’. Сцяцко (Афікс. наз., 41) слімаза́ разглядае як назоўнік агульнага роду, утвораны пры дапамозе непрадуктыўнага суф. ‑з‑(а), што характарызуе асобу па негатыўнай працэсуальнай прыкмеце, ад слі́маць ‘плакаць’ (КСП) па тыпу раўцірэўза. Да падобнай версіі паходжання каш. slamaza схіляецца Борысь (SEK, 4, 308), мяркуючы пра зыходныя формы *ślimaza, ślimaga, якія пазней зблізіліся з запазычаным ślam < ням. Schlamm ‘глей, мул, гразь’, ад якіх выводзіць польскія словы Брукнер (530). У якасці словаўтваральнай асновы прымаецца *slim‑ ‘слізь, сліна’ < прасл. *slimъ або *slima, гл. SEK, 4, 311; Бязлай, 3, 260; параўн. слім, слімень (гл.). Аднак аргатычнае ўжыванне дапускае і іншую версію паходжання слова ці, ва ўсякім выпадку, уплыў на семантыку славянскага слова з боку яўр.-ням. (ідыш) schlimasel ‘злы лёс’, як гэта меркаваў Карскі (Белорусы, 173). Шульман (Полымя, 1926, 8, 216) лічыць крыніцай беларускага сьлімазальнік ‘пэцкаль, мурза, няўдачнік’ ід. Schlimesalnik ‘тс’. Гл. таксама Альтбаўэр, JP, 17, 49 і наст. Горбач (Арго школярів, 35) украінскі аргатызм выводзіць ад ма́зати, гл. мазаць, і яўр. šlim‑mazzalnik ‘няўдачнік, бедалага’ з ням. schlimm ‘дрэнны’ і яўр. mazzal ‘доля, шчасце’. Сучасны аргатызм шлемазл ‘няўдачнік’ (гл. Евреи Гродно, Гродно, 2000, 118) < ід. Schlafnassel ‘цяжкая, заблытаная сітуацыя, пры якой індывід церпіць прыкрую няўдачу’, што з біблейскага яўр. Schla > Schlau + ід. Massel ‘шчасце’, для якога дапускаецца кантамінацыя з ням. Schlimm ‘дрэнны, паганы’ (Штэрн, Wörterbuch, 189).

Сліма́к ‘малюск, які мае ракавіну і рухаецца вельмі марудна’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Жыв. св.), ‘смоўж’ (Нас., Гарэц., Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘палявы смоўж’ (Касп.), слюма́к ‘слізняк, смоўж’ (віц., Жыв. НС), сляма́к ‘тс’ (Сл. ПЗБ). Укр. слима́к, польск. ślimak ‘смоўж, слімак’, чэш., славац. slimák ‘тс’, балг. сли́мак ‘смоўж, Helix’, макед. дыял. сли́мок ‘тс’. Праслав. *slimakъ, роднаснае грэч. λείμαξ, Р. скл. λείμακος ‘смоўж без ракавіны’, лац. līmāx, ‑ācis ‘слімак’, ст.-ісл. slím ‘слізь, глей’, с.-н.-ням. slîm ‘ціна, гразь’, ірл. slenum ‘гладкі’, якія да і.-е. *(s)leim‑ ‘слізкі’. Гл. таксама сліна і роднасныя (слімак пакідае пасля сябе сліністы след — гл. Махэк₂, 554; Траўман, 269; іншую літ-py гл. Фасмер, 3, 672; Трубачоў, Проспект, 79). Карскі (Белорусы, 157) меркаваў пра польскае пасрэдніцтва праз збліжэнне з лац. limax, што не мае падстаў.

Слімакі, слімаке́ ‘сліна (пры плачы)’ (Нас.; зэльв., Нар. словатв.). Да папярэдняга слова. Параўн. польск. дыял. ślimaczyć się ‘плакаць, хныкаць’ < ślimak (Варш. сл., 6, 729).