Секу́нда ‘шасцідзесятая частка мінуты’ (ТСБМ). Позняе запазычанне праз польск. sekunda ці рус. секу́нда, што ўзыходзяць да новалац. secunda, скарочанага з лац. pars minuta secunda літаральна ‘іншая меншая частка’ ў адносінах да мінуты; лац. secundus ‘другі’, г. зн. ‘наступны’ паходзіць ад дзеяслова sequī ‘ісці па слядах’ (Сной₂, 646; Глухак, 543).
Се́кці ‘рубаць (дровы)’ (ЛА, 1). Гл. сячы.
Се́ла-се́ла! — выклічнік, зварот да курыцы, якую хочуць злавіць (ашм., Стан., Бяльк., Федар. 4): sieła, cipaczka, sieła (Пятк. 1); се́ла‑се́ла, се́лка‑се́лка, се́лачка‑се́лачка ‘тс’ (Юрч. Вытв.), села‑пала́ ‘тс’ (Нік. Очерки). Паводле Карскага (2–3, 378), форма прошлага часу ад сесці (гл.), што выкарыстоўваецца для выражэння жадання, якое абавязкова павінна здзейсніцца: села, курачка, села! аналагічна да пашлі вон! Меркаванне пра няяснасць паходжання гл. у ESSJ SG, 2, 597. Магчыма, замацавалася пад уплывам мовы ідыш, параўн. бібл.-гебр. selā ‘гатова! вырашана! застаецца на месцы’ (выкарыстоўваецца ў якасці заканчэння пры чытанні псалмаў, гл. Штэрн, Wörterbuch, 206). Гл. таксама Сафарэвіч у Зб. Ісачанку, 348.
Се́лег, се́лях, се́люх, сэ́ляг, сэ́лях, сэ́люх, сэлю́х ‘качар’ (зах.- і ўсх.-палес., Клім., Нар. лекс., Нікан., Жыв. св., ЛА, 1). Укр. се́лех ‘тс’, рус. дыял. се́лех. Ад селязень, гл. (Брукнер, KZ, 43, 304; Фасмер, 3, 595), з магчымым гіпакарыстычным ‑х‑ (‑ch‑) (Слаўскі, SP, 1, 71). Гл. таксама Антропаў, Назв. птиц, 369–370.
Селёзка рэдка ‘рыба чахонь, Pelecus cultratus (L.)’ (Жук.). Maбыць, з рус. селёдка < сельдь ‘селядзец’, паколькі сустракаецца ва ўсходніх раёнах (гом., маг.). Перанос назвы на чахонь адбыўся з прычыны знешняга падабенства.
Се́ліца ‘лужок на краю сядзібы’ (Касп., Яшк.), ‘сухі луг’ (Жд. 2), ‘месца, дзе быў двор, сядзіба’ (Яшк.). Гл. аселіца.
Се́лішча ‘зямельны ўчастак, заняты будынкамі, садамі’ (ТСБМ; люб., Сл. ПЗБ, Янк. 2, Шушк., Яшк.), ‘сяло або месца, дзе яно было’ (Касп., Гарэц., Ласт., Др.-Падб., Ян.), ‘будоўля’ (Сцяшк.), ‘невялікі лужок каля сотак’ (шчуч., З нар. сл.), ‘месца, дзе стаяла хата’ (палес., ЛА, 4; чэрв., ст.-дар., Сл. ПЗБ), ст.-бел. селище ‘тс’. Укр. се́лище, рус. се́лище, ст.-рус. селище, чэш. sídliště, серб.-харв. се̏лиште, славен. selišče, балг. се́лиште, макед. селиште ‘пасяленне’. Прасл. *sědlišče, *selišče ад прасл. *sědlo (гл. сяло) з суф. nomina loci ‑išče. Гл. БЕР, 6, 602.
Сель 1 ‘дасюль’: вады было роўна сель во (брасл., Сл. ПЗБ), ц.-слав. сель ‘так, настолькі’, сюды ж ст.-бел. селико ‘столькі’ (Ст.-бел. лексікон), ст.-слав. селико ‘столькі’. З се (гл. сей) + ль, часціца, што ўзыходзіць да канцавой партыкулы *‑lě/*‑li, параўн. рус. досе́ль ‘дасюль’ (ESJSt, 13, 798; Фасмер, 1, 531), часціца ‑ко яку серб.-харв. ко̏лико ‘сколькі’.
Сель 2 ‘расколіна ў дрэве’, селява́ты ‘пра дошку з расколінай’ (Сл. рэг. лекс., Чэрн.). Параўн. балг. сель ‘раскапаная зямля з руданосным пяском’. Ад *sědlь < *sed‑ (гл. сядзець) з суф. ‑lь; адносна суф. параўн. Слаўскі, SP, 1, 105. Відаць, архаізм, параўн. прасе́ліна ‘шчыліна’ (Некр. і Байк.), рус. рассе́лина ‘расколіна’, ст.-славац. rozsedlina ‘расколіна; правал’, што ўзводзяцца да *sědati sę ‘пукацца, трэскацца’; з іншым вакалізмам ст.-чэш. saděl, sadel ‘сечаная рана’, гл. ESJSt, 13, 803; Фасмер, 3, 445; інакш адносна балгарскага слова БЕР, 6, 600 (з тур. sel ‘бурны паток’). Параўн. яшчэ каш. sedla ‘расколіна, рыска ў лёдзе’ (< *sědlʼa, SEK, 4, 255).
Се́льнік ‘матрас з саломы’ (Сцяшк.), сельні́к ‘агароджаная частка хлява, дзе складаюць сена’ (мазыр., З нар. сл.), селны́к ‘будынак для сена або аддзяленне ў хляве для сена’ (Шушк.). З сяннік (гл.) у выніку дысіміляцыі.