Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Салупа́ць ’высоўваць язык, лізаць’, салу́п, салы́п ’аддзеяслоўная часціца, якая азначае частае высоўванне языка’ (Нас., Бяльк.), салапе́ць ’тс’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), салапа́ць ’высоўваць язык, балбатаць’ (Сл. ПЗБ); сюды ж *селяпа́ць, селепа́ць ’хутка чэрпаць, сёрбаць, хлёбаць лыжкаю’, *саляпану́ць, салепану́ць ’сцябаць чым-небудзь гнуткім’, *селяпа́йла > селепа́йла ’хто хутка чэрпае лыжкаю’ (Нас.). Часцей ужываецца з прыст., параўн. высалапіць, асалапець (гл.). Бел.-укр. ізалекса: укр. солопі́ті, высолопі́ти; у рус. гаворках (солопи́ть ’высоўваць язык, лізаць’, вы́солопить) толькі на сумежных з бел. гаворкамі тэрыторыях (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49). Фасмер (3, 714) лічыць гукаперайманнем. Паводле Мартынава (там жа; Лекс. Палесся, 14) пранікненне з балт. моў, гл. падрабязна ЭСБМ, 2, 282. Трубачоў (Слав. языкозн. V, 177) высунуў гіпотэзу аб сувязі разглядаемых усх.-слав. слоў са ст.-слав. слѣпати ’скакаць’, рус.-ц.-слав. слѣпати ’цячы, біць крыніцай’; на яго думку, яны працягваюць прасл. дыял. *vysolpiti, *vyselpiti, *vyselpati, *selpati. Гэта сувязь была намечана яшчэ ў Патабні (гл. Патабня, К истории, 206). Фасмер, 3, 715 рускі гідронім Солпа таксама звязваў з вышэйназванымі стараславянскімі і царкоўнаславянскімі словамі, прыцягваючы сюды ж ст.-слав. слапъ ’хваля’, чэш. slap ’парог на рацэ’, серб.-харв. сла̑п, славен. slȃp ’вадаспад; вал, хваля’; сюды ж і балг. слап ’хваля’, макед. слап ’вадаспад’. Агляд усіх версій і семантыкі гл. Анікін, Этимология–1982, 65 і наст., які рэканструюе прасл. *selpati, *sьlpati, *solpъ, якія ўзыходзяць да і.-е. *sel‑ ’скакаць’ з семантычным пераходам ’скакаць’ — ’бурна цячы, струменіць’, уласна кажучы ’скакаць (аб вадзе)’. Прыцягваючы для параўнання яшчэ ўкр. палес. совпатисʼ ’тыкацца, таўчыся’ (гл. і бел. соўпаць(ца)) < прасл. *sъlpati sę (’высунуць язык’, уласна ’выткнуць язык’, а ’тыкацца’ — гэта своеасаблівы варыянт ’скакаць’), для беларуска-ўкраінскай групы ён рэканструюе прасл. *solpati (салупаць) з адпаведнікамі ў славен. slápati ’цячы, выпарацца’, серб.-харв. slàpati ’удараць (па вадзе)’, *solpěti (салапе́ць, славен. slapéti ’сцякаць уніз’, укр. солопі́ти ’глядзець бессэнсоўна’, *selpati ’селепаць’, ст.-слав. слѣпати, *vysolpiti ’высалапіць язык’. Гл. яшчэ Супрун, Веснік БДУ, 1970, 3, 58: бел. асалапець, высалапіць разглядаў як кантамінацыю прасл. *solp‑ і *slop‑, параўн. польск. osłupieć; крытыку яго версіі і гіпотэзы Мартынава гл. Анікін, там жа; гл. яшчэ Скок, 3, 279.

Салхве́та ’сурвэтка’ (Мат. Гом.). З рус. салфе́тка, якое праз ням. Salvette запазычана з італ. salvietta ’тс’, гл. Праабражэнскі, 2, 247; Мацэнаўэр, 302; Фасмер, 3, 551.

Са́лька ’вышкі, зробленыя над свіранам, накшталт каланчы ў гасподскіх і шляхецкіх дамах для вывешвання вяндліны, сала і да т. п.’ (Нас.), ’пакойчык пад дахам’, ’падстрэшак’ (іўеў., ашм., даўг., Сл. ПЗБ), ’вышкі’ (Байк. і Некр.). Памяншальнае да саля (гл.), або запазычанне з польск. salka ’невялікі пакойчык, які выступае над дахам’; гл. Брукнер, 479.

Сальмя́к ’нашатыр’ (Байк. і Некр.). З польск. salmiak ’тс’, якое з лац. sal ammoniacum ’аміячная соль’ (Брукнер, 479).

Сальні́ца ’невялікая пасудзіна для трымання солі’ (ТСБМ, Касп., ТС, Сцяшк., Сл. ПЗБ, З нар. сл.). Укр. сільни́ця, рус. дыял. сольни́ца, польск. solniczka, чэш. solnička і г. д. Прасл. *solnice дэрыват ад *solъnъ ’салёны’ (Махэк₂, 592; Трубачоў, Ремесл. терм., 258).

Сальцісо́н ’каўбасны выраб з спрасаваных вараных субпрадуктаў’ (ТСБМ), ’вантрабянка’ (Мат. Гом.), салтысо́н ’тс’ (Скарбы), салтасо́н, сальсасо́н, сальсесо́н, салтысо́н ’тс’ (Сл. ПЗБ). З польск. salceson, якое Брукнер (480) выводзіць з італ., параўн. salsume, salsamento, salsiccia ’каўбаса’, а не з франц. saucisson.

Са́ля ’зал, зала’ (Байк. і Некр.; шчуч., Сл. ПЗБ). З польск. sala ’тс’, гл. Кюнэ, Poln., 95; Сл. ПЗБ, там жа. Ст.-бел. саля (XVI ст.) праз ст.-польск. з італ. sala ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 99).

Салядыно́вы ’бледна-зялены (колер)’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. селадо́новый ’колеру марской хвалі’. Мяркуючы па месцы націску, з польск. seladynowy ’бледна-зялёны’. Слова ўзыходзіць да франц. céladon ’селадон’ і, далей, да імя героя пастухоўскага рамана «Астрэя» Анарэ д’Юрфэ (1568–1625 гг.). Гл., напрыклад, Мацэнаўэр, LF, 19, 248; Голуб-Копечны, 329; Фасмер, 3, 594; Брукнер, 484.

Салядэ́рак, салатэ́рак ’сподак’ (Сл. ПЗБ), салітэ́рка ’талерка’ (Сл. Брэс.), саліты́рка ’міска’ (гом., Нар. сл.). З польск. salatierka, salaterka ’салатнік’. Апошняе з франц. salatiere ’тс’ (Брукнер, 480).

Саля́нка1 ’саляніца’ (ЛА, 5). Дэрыват ад прым. саля́ны, які да соль (гл.).

Саля́нка2 ’мера сыпучых рэчываў у 4 чацверыка’ (Касп.). Да соль (гл.), мабыць, першапачаткова мера солі.