Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сала́нка ’сальніца’ (віл., Сл. ПЗБ), саля́нка ’тс’ (Бяльк., ТС). З польск. solanka ’тс’.

Саланча́к ’глеба, насычаная салямі’ (ТСБМ), ’крыніца з салёнай вадой’ (гродз., Яшк.). З рус. солонча́к ’тс’ < солоный (гл. салоны).

Салапа́ць ’гарэць (аб вялікім агні)’ (Мат. Гом.), салыпну́ць ’успыхнуць (пра пламя)’ (Сл. ПЗБ). Відаць, метафарычнае; да салыпаць, салупаць (гл.). Параўн. яшчэ вобразны выраз языкі полымя.

Салапе́нда ’салапяка’ (Жыв. сл.). Ад салопіць, салупаць (гл.) з суф. ‑енд‑а. Аб суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 98.

Салапе́ць, гл. салупаць.

Салапя́ка ’разява, чалавек з высунутым языком; чалавек з адкрытым ротам; той, хто часта высоўвае язык’ (ТСБМ, Др.-Падб., Шат., Гарэц., Нар. лекс.), салапя́к (Бір. Дзярж.), салапа́йка (Сцяшк. Сл., Янк. 1), солопʼя́ка (Клім.), салопя́ка, салапі́ха (Сл. ПЗБ), сале́па (Скарбы), салапа́ты (Жд. 1), салапа́н (Нар. сл.), солопэ́й (Нар. лекс.), салапа́ты, салапа́йка, салапе́ка (Мат. Гом.), солопе́ка, солопе́та (ТС). Для ўкр. солопій ’салапяка’ і, такім чынам, бел. солопэ́й Анікін, Этымалогія–1982, 69 узнаўляе прасл. *solpějь. Да салупаць (гл.) з рознымі суф. Сюды ж салапа́ты, салапа́ч ’той, хто выгаворвае с замест ш’ (Шат.), салапа́ты ’шапялявы’ (Ян.) з далейшым развіццём значэння ’чалавек з разінутым ротам’ — ’чалавек, які мае дэфект вымаўлення’.

Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.

Сала́ш ’будан’ (ПЗБ, ТС, Яшк.; пух., З нар. сл.). Укр. шала́ш, сала́ш, рус. шала́ш, польск. salasz, славац. salaš ’тс’. Большасць даследчыкаў узводзіць да цюрк., параўн. тур. salaš, азерб. šalaš ’шалаш, палатка’, гл. Міклашыч, 287; Локач, 143; Фасмер, 3, 397 з літ-рай. Паводле Якабсона (IJSLP, 1/2, 1959, 276), розныя славянскія формы запазычаны з розных цюркскіх гаворак. Кіш (ЭИРЯ, 1963, 58–62) крыніцай славянскага слова лічыць венгерскую мову. Беларускае слова непасрэдна магло быць запазычана з украінскай. Падрабязна гл. Супрун, Лекс. тюрк., 68 і наст. Гл. таксама шалаш. Агляд семантыкі і этымалогій гл. яшчэ Клепікава, Паст. терм., 172 і наст.

Салда́т ’радавы ваеннаслужачы сухапутнага войска’ (ТСБМ, Бяльк.). З рус. солда́т ’тс’, якое вядома з 1515 г.; запазычана праз зах.-еўр. мовы (ням. Soldat, франц. soldat і г. д. з італ. soldato ад soldare ’наймаць’); Праабражэнскі, 2, 352; Клюге, 568; Фасмер, 3, 709. З рус. і салдафо́н ’ваенны, інтарэсы якога не выходзяць за межы вузкапрафесійных заняткаў і ведаў; грубы, абмежаваны, некультурны чалавек’ (ТСБМ); у рус. з солдат пад уплывам уласнага імя Агафон, гл. Фасмер, там жа. Ст.-бел. салдатъ (1710 г.) з той жа крыніцы (Булыка, Лекс. запазыч., 63).

Салду́к ’салдат’ (Касп.). З салдат (гл.) з заменай канцавога складу суф. ‑ук, як у прыму́к ’прымак’, знайду́к ’пазашлюбнае дзіця’ і г. д.; аб суфіксе гл. Сцяцко, Афікс. наз., 74.