Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Самура́й ’гарэзлівае дзіця’, перан. ’насякомае’ (Мат. Гом.). Тыпалагічна хутчэй першасным значэннем будзе ’насякомае’, потым ’гарэзлівае дзіця’. Тады з ⁺са‑мур‑ай, да кораня ‑мур‑, які ў мурашка, муравей (гл.).

Саму́сь ’нешта нябачнае, якое прыводзіць рэчы ў рух’: самусь дзверы очыныв (КЭС). Ад самы з палес. пераходам ы > у і часціцай сь. Не выключаны ўплыў імя Самусь з Самуіл (гл. Нас.).

Самшы́т ’паўднёва вечназялёнае дрэва з цвёрдай драўнінай’ (ТСБМ), праз рус. самши́т ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 73) з пярс. šimšäd ’тс’ (Праабражэнскі, 2, 249; Локач, 151; Фасмер, 3, 555).

Самяшы́на ’перхаць’ (кіраў., Нар. сл.). Дэрыват ад дыял. *самяша́ць ’змяшаць’ < мяшаць з суф. ‑іна.

Сан ’званне, звязанае з пачэсным становішчам, з высокай пасадай у дарэвалюцыйнай Расіі’ (ТСБМ). Стараж.-рус. сань, ст.-слав. санъ. У беларускай, відавочна, запазычанне з рус. сан (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 48), якое большасць даследчыкаў (Міклашыч, 288; Брукнер, ZfslPh, 4, 213) лічаць запазычаннем з дунайска-балг., параўн. тур., чагат. san ’вялікая колькасць, сан, слава’, паўн.-цюрк. sanamak ’цаніць’. З іншага боку, параўноўваюць таксама (Траўтман, 250; Праабражэнскі, 2, 250, Бернекер, AfslPh, 38, 263) са ст.-інд. sā́nu сяр. р. ’вяршыня, вышыня, вастрыё’. Гл. таксама Фасмер, 3, 555. Трубачоў, Этимология–1965, 22 супраць супастаўлення з іранскім, лічачы слова чыстым цюркізмам.

Санда́л ’вечназялёнае трапічнае дрэва сямейства сандалавых’ (ТСБМ). Ст.-рус. сандалъ ’тс’. З рус. санда́л ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 88). Апошняе праз грэч. σάνταλον з араб. s̥andal ад ст.-інд. candanas ’сандалавае дрэва’, candrás ’бліскучы’ (Праабражэнскі, 2, 249; Фасмер, 3, 556). Фасмер (там жа) дапускае пасрэднасць тур. sandal (параўн., напрыклад, блізкія формы ў Радлава (4, 305) і Міклашыча (Türk. El. Nachtr., 2, 155).

Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.

Сандара́к ’духмяная смала, якую здабываюць з кары хваёвага дрэва сямейства кіпарысавых; выкарыстоўваецца для вырабу лакаў’ (ТСБМ). З рус. сандара́к ’тс’, кніжнага запазычання з франц. sandaraque або ням. Sandarak < лац. sandaraca, грэч. σανδαράκη ад ст.-інд. candrarāga‑ ’які мае бляск луны’ (гл. Мацэнаўэр, 303; Фасмер, 3, 556).

Са́ндвіч ’дзве складзеныя разам скібачкі хлеба з маслам, сырам, каўбасой і пад. між імі’ (ТСБМ). Праз рус. са́ндвіч ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 80) з англ., у якой ад імя лорда Sandwich, які, як гавораць, увёў гэту страву ва ужыванне (ССРЛЯ, 13, 162).

Са́ні ’зімовая павозка на палазах’, са́нкі ’памяншальнае да сані’ (Касп., Сцяшк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС, Шушк.), ’сківіцы; ніжняя сківіца’ (Бяльк., Гарэц.; арш., докш., КЭС; Шатал., Сл. ПЗБ, ТС, Мат. Гом.), санькі ’санкі’ (Янк. 1), sanka ’часць плуга, па якой ён сунецца па зямлі’ (Тарн.), са́ннік ’майстар рабіць сані’ (Янк. 3., Гарб.), санны́к ’колькасць сена або саломы, што змяшчаецца на санках’ (Сл. Брэс., Клім.). Укр. са́ни ’сані’, са́нка ’полаз’, рус. са́ни, ст.-рус. сани, ст.-рус., ц.-слав. сань ’змяя’, польск. sanie, sanki ’сані’, sannice ’палазы’, в.-луж. sanje, н.-луж. sáne ’сани’, чэш. sáně ’сані; сківіцы, скула’, saň ’дракон, змей’, славац. sane ’сані’, серб.-харв. са̏они, славен. sanȋ, балг. са́нка ’сані’. Слова не вельмі яснага паходжання. Запазычанне з фін. cionne ’від саамскіх саней’ (Каліма, RS, 6, 82 і інш.) або набліжэнне да тат. čana ’сані’, казах. šana, манг. čana, бурац. sana ’санкі, лыжы’ (Радлаў, 4, 286; Рамстед — гл. Фасмер, 3, 556–557) адвяргаецца шэрагам аўтараў, якія схіляюцца да славянскага паходжання слова, гл. Фасмер, там жа з літ-рай. Звярталася ўвага на паралелізм значэнняў ’сані, санны полаз’, ’змяя’ у слова сані і полаз ’санны полаз, змяя’. Узнаўляецца прасл. *sanь (Шустар-Шэўц, 2, 1269) або *sani (Махэк₂, 537; Сной₁, 554). Агульнай назвы для саней у індаеўрапейскай мове няма. Найбольш пераканаўчым лічыцца параўнанне з літ. šónas ’старана’, лат. sãns ’тс’, першапачаткова ’рабро’. Сувязь з грэч. σανίς ’паля; бэлька, тоўстая дошка’ лічыцца сумніцельнай. Гл. Зубаты, AfslPh, 16, 416 і наст.; Мюленбах-Эндзелін, 3, 804 і наст.; Траўтман, 298. Абаеў, 1, 398 параўноўвае слав. словы з асец. з̌опуд̌/сопӕд̌ ’сані; сківіца’. Гл. яшчэ БЕР, 6, 476–478; Борысь, 538.