Санда́лі ’лёгкія летнія туфлі без абцасаў, якія зашпільваюцца раменьчыкамі’ (ТСБМ), санда́лы, сандалэ́, санда́лі (Сл. ПЗБ), санда́л (Сл. Брэс.) ’тс’. Ст.-бел. сандаль ’сандаля’, ст.-слав., рус.-ц.-слав. сан(ъ)далии, рус. санда́лии, прастамоўнае санда́ли. Першакрыніца слоў — грэч. σανδάλιον ’драўляны чаравік’, якое прыйшло з Усходу (Фасмер, 3, 556; Булыка, Лекс. запазыч., 113). У суч. бел. м. формы з мяккім ‑л‑, магчыма, запазычаны праз рускае пасрэдніцтва, з цвёрдым — праз польскае, параўн. sandały ’сандалі’, sandał адз. л., якія, як мяркуе Фасмер (там жа), запазычаны з захаду; параўн. італ. sandala ад лац. sandalium.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)