Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Прысто́йкі ’смятанка, вяршкі’ (Касп.). Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад папярэдняга дзеяслова, параўн. пастая́лачка (гл.).

Прысто́йны ’які адпавядае прынятым правілам прыстойнасці’; ’добра выхаваны; сумленны, не здольны на дрэнныя ўчынкі’; ’дастаткова добры, нядрэнны’; ’такі, якім належыць быць; дастатковы па велічыні, памерах’ (Ласт., ТСБМ; смарг., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’прыгожы’ (Інстр. 3; ігн., Сл. ПЗБ), ’добры; няпрагны’ (Ян.). Укр. присто́йний ’прыстойны; прыгожы’, рус. калуж. присто́йный ’прыстойны; прыгожы, сімпатычны’, польск. przystojny ’прыгожы; цікавы’, старое ’прыстойны’, чэш. přistojny ’прыстойны’, славен. pristójen ’прыстойны; кампетэнтны’, харв. prìstojan ’тс’. Паводле Фасмера (3, 366), з *pristojьnъ ад *pri‑ і *stojati (гл. стая́ць), параўн. ст.-бел. пристояти ’падыходзіць, належаць’ (Ст.-бел. лексікон). Паводле Сноя₂ (580), першапачаткова азначала ’адпаведны, стаячы нароўні’. Бабік (Зб. памяці Слаўскага, 60) для прасл. *pristojati (параўн. серб.-харв. при́стојати, харв. чак. prīstȍjai і пад.) выводзіць значэнне ’пагаджацца; быць адпаведным’.

Прысто́л ’прастол’ (гарад., Сл. ПЗБ), ’сельскае свята ў гонар святога, імем якога названа царква’ (Мат. Гом.). Гл. прасто́л, прасто́льны.

Прысто́лак ’скрыня ў стале, шуфляда’ (ТС; ашм., Стан.), ’лаўка пры стале, зэдлік’ (Бяльк.), прысто́лік, прысті́лок, прысто́льнік, прыстэ́льнік ’шуфляда ў стале’ (Нар. лекс., Шатал., Сл. Брэс., Жыв. НС), прысту́лок ’шуфляда (у стале, шафе і інш.)’ (стол., Нар. лекс.). Утворана прэфіксальна-суфіксальным спосабам ад стол (гл.).

Прысто́н (прыстю́н), мн. л. прысто́ны ’капсуль’ (Сіг.). З пісто́н (гл.).

Прысто́нь ’прывязь’: стаяць коні на прысто́ні, не пʼюць, не едяць, усе весела гледяць (загадка). (Ян.). З прыстань (гл.) з гіперыстычнай зменай а > о.

Прысто́чыць ’надысці’: жніво прысточыло, і сено не кончылі (ганц., Сл. ПЗБ). Гл. стача́ць.

Прысто́я ’моцна засмоленая хвоя’ (ТС), прысто́і ’парасткі ад пня’ (Гарэц.). Нулявыя дэрываты (у першым выпадку з тэматычным ‑а) ад прыстоіць (гл.), літаральна ’хвоя, якая прыстае да рук’.

Прыстра́ць ’прысохнуць, прыстаць; прыстаць, прычапіцца’ (Юрч.), параўн. рус. дыял. пристре́ть ’прыстаць, перадацца каму-небудзь (пра хваробу)’, укр. пристрі́ти ’сурочыць’. Гл. прыстрэ́ч, на семантыку магло паўплываць збліжэнне з прыста́ць (гл.).

Прыстра́шка ’пострах’ (Нас.). Утворана ад дзеясл. *прыстрашыць < страшыць з суфіксам ‑к‑. Параўн. рус. дыял. пристра́шка, укр. при́страшка ’тс’.