Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Гамана́. Гл. гаманіць.

Гамане́ц ’кашалёк’ (Жд. 2, Бяльк.). Гл. гама́н.

Гамані́ць ’гаварыць, нагаворваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк.). Рус. гомони́ть ’крычаць, шумець’, укр. гомоні́ти. Параўн. далей польск. gomonić się ’сварыцца; быць не ў ладах’, славац. homoniť ’шумець, крычаць’. Слав. дзеясловы лічацца вытворнымі ад *gomonъ (зах.-слав. і ўсх.-слав. словы); параўн. бел. го́ман ’размова, шум, крык’, укр. го́мін, славац. дыял. homon, польск. gomon і г. д. Сама лексема *gomonъ, паводле Слаўскага (1, 315–316), знаходзіцца ў этымалагічнай сувязі з усх.-слав. *gomъ: *gamъ ’галас, шум’ (параўн. гам ’крык, шум’). Меркаванні аб далейшых сувязях гэтага этымалагічнага гнязда гл. у Слаўскага (там жа). Гл. яшчэ Фасмер, 1, 436; Шанскі, 1, Г, 125–126. Да гэтага сямейства слоў адносіцца і гамана́ (Сцяшк. МГ) (адносна словаўтварэння гэтага апошняга параўн. гавара́ ’гутарка, гаварэнне, мова’), далей гамо́нка ’пагалоска’ (БРС), ’размова’ (БРС, Шат., Касп., Бяльк.).

Га́мар1, пра ’вялікі і цяжкі прадмет’ (Сцяц. Словаўтв.). Спачатку, мусіць, ’вялікі молат, молат’. Параўн. укр. дыял. (зах.) га́мер ’(вялікі) молат’. Запазычанне з ням. Hammer ’молат’, Параўн. Рудніцкі, 555.

Га́мар2 ’верхняя ручка ў падоўжнай піле’. Гл. га́мары.

Гама́рка ’вушка ў піле’ (Шатал.) Гл. га́мары.

Гама́рня, ’медны завод’ (Нас.), ’рудня, медзеплавільная майстэрня, плавільны завод’ (Яшкін). Укр. гама́рня ’металаплавільны завод’. Як можна меркаваць, гэта запазычанне З польск. hamernia ’тс’ (а гэта да ням. Hammer ’молат’); параўн. ст.-бел. XVI ст. гамеръ ’кузня’ < польск. hamer < ням. (Булыка, Запазыч., 78). Рудніцкі (553–554) бачыць крыніцу запазычання прама ў ням. Hammerwerkstatt (без польскага пасрэдніцтва). Такая версія гісторыі адпаведных слоў вельмі няпэўная. Параўн. форму гамэ́рня (гл.) з другасным значэннем, якая, як здаецца, пацвярджае магчымасць польскага пасрэдніцтва.

Гама́рня2 ’шумная гутарка’ (Шат.), ’шум, садом’ (Касп.), ’гамарня, шумнае месца’ (Бяльк.), ’шумнае месца; будынак музычнай установы; школа’ (Яшкін). Укр. гама́рня ’крык, шум’ (гл. Рудніцкі, 553). Па паходжанню ідэнтычнае з гама́рня1 ’плавільны завод і да т. п.’ (гл.). Перанос значэння ’плавільны завод, майстэрня і да т. п.’ — ’шумнае месца’, ’шум, гутарка і г. д.’ не патрабуе дакладная паяснення. Параўн. гамэ́рня.

Га́мары ’ручкі папярочнай пілы ў выглядзе трубак; у іх убіваюцца калкі’ (Шат.), га́мар ’верхняя ручка ў падоўжнай піле’ (Касп.). Сюды ж гама́рка ’вушка ў піле’ (Шатал.). Параўн. яшчэ ўкр. га́мірка ’нізкая драўляная ручка ў вялікай піле, якой распілоўваюць дрэва на дошкі’ (Грынч.). Мяркуем, што гэтыя словы таго ж паходжання, што і га́мар1 (гл.), г. зн. запазычаны з ням. мовы. Назва молата была перанесена (у некаторых выпадках з афармленнем суфіксацыяй ‑к(а)) на ’ручку, дзяржальна’ (спачатку молата, а потым наогул розных прылад). Гл. яшчэ га́мар1.

Га́матны ’тоўсты, грубы, гаматны’ (БРС), ’завялікі (пра адзенне, абутак)’ (Сцяц. Словаўтв.). Няяснае слова. Можа, звязана з укр. гматни́й ’гібкі’, гма́та́ти ’камячыць, гнуць’ (Грынч.), польск. gmatwać ’заблытваць і да т. п.’, gmatać ’тс’ (аб гэтых лексемах гл. Слаўскі, 1, 297–298). Параўн. яшчэ га́мтаць ’камячыць’ (БРС), гамта́ць ’тс’ (Сцяшк. МГ).

Га́маць дзіцячае ’есці’ (БРС, Нас., Шат., Касп.), га́мкаць ’тс’ (Нас.). Укр. га́мати, гамкати ’тс’, рус. га́мать, га́мкать. Утварэнне ад выклічніка гам! (які перадае тую ж семантыку — ’есці’).

Гама́ш ’гамашы’ (БРС), гама́шы ’чаравікі’ (Шат., Сцяшк. МГ). У значэнні ’чаравікі’ прамое запазычанне з польск. kamasz (адз. л.), kamasze ’чаравікі’, а гэта з франц. мовы gamache (гл. Брукнер, 215). У значэнні ’гамашы’, відавочна, запазычанне з рус. мовы (рус. гамаша; аб гісторыі рус. слова падрабязна Шанскі, 1, Г, 23–24).