Га́вань ’гавань’ (БРС). Рус. га́вань, укр. га́вань (з XVIII ст.). Першакрыніцай слова з’яўляецца гал. haven. У рус. мове слова ў розных формах (хавен, гавей, гавон, гаван) вядома з Пятроўскай эпохі. Гл. Фасмер, 1, 379. У бел. мове, магчыма, запазычанне непасрэдна з рус. мовы.
Гаваркі́ ’гаварлівы, гаваркі’ (БРС, Янк. I, 57; Шат.; Касп.; Сцяшк. МГ), гаво́ркі ’гаварлівы, прыветлівы’ (Нас.). Рус. дыял. го́воркий, говорко́й, укр. говірки́й. У іншых слав. мовах няма. Здаецца, усх.-слав. новаўтварэнне па ўзору старых прыметнікаў на ‑к‑ (мадэль *govorъkъjь). Няма ў Трубачова, Эт. сл.
Гаваро́к ’гаварун, балака’ (Нас.), ’гаварун’ (Некр., 219), ’той, хто многа гаворыць’ (Інстр. III, 61), ’дзеці, якія па-даросламу разважаюць’ (Інстр. III, 58), гываро́к ’гаварун, чалавек, які любіць гаварыць, умешваецца ў чужыя размовы’ (Бяльк.). Рус. дыял. говоро́к ’гаварун, ганарлівы, балака’ (СРНГ, 6, 257–258). Утварэнне (беларуска-рускае), якое адпавядае слав. мадэлі *govorъkъ (nomen agentis на *‑ъkъ: *govoriti).
Гавару́н ’гаварлівы чалавек’ (Янк. III, 17; Бяльк.; Інстр. III, 58). Рус. говору́н ’гаварлівы чалавек, балбатун, балака’, укр. говору́н (Рудніцкі, 667; няма ў Грынч.). Усх.-слав. утварэнне адлюстроўвае прасл. словаўтваральную мадэль *govorunъ (nomen agentis на *‑unъ ад *govoriti ’гаварыць’). Аналагічныя фармацыі з суфіксам ёсць і ў некаторых іншых слав. мовах. Параўн., напр., славен. govorȗn ’хвалько, фразёр’.
Гавары́ць ’гаварыць’. Рус. говори́ть, укр. говори́ти, польск. goworzyć, чэш. hovořiti, ст.-слав. говорити, балг. гово́ря, серб.-харв. гово̀рити і г д. Прасл. *govoriti. Паводле Трубачова, Эт. сл., 7, 76, утварэнне ад *govorъ (слова, відаць, гукапераймальнага паходжання; параўн. ст.-інд. jóguve ’рабіць шум’, літ. gaũsti ’гучаць’ і г. д.). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 424; Бернекер, 1, 339.
Гаварэ́ц іран. ’гаварун’ (Сцяшк.). Беларускі архаізм (у рус. і ўкр. мовах няма). У аснове ўтварэння ляжыць прасл. мадэль *govorьcь (утварэнне суф. *‑ьcь ад *govoriti). Астаткі гэтай фармацыі сустракаюцца ў некаторых слав. мовах. Параўн. ст.-чэш. прозвішча Hovořec (Гебаўэр, Sl. stč., 1, 479), славен. govórec ’той, хто гаворыць’.
Гаві́цца ’гаіцца, зажываць’ (Сцяшк.). Дыялектная форма (устаўное, гіатычнае ‑в‑ між галоснымі) слова га́іць (гл.).
Гаво́рка ’размова’ (БРС, Гарэц., Мядзв., Касп., Бяльк.), ’гутарка, размова’ (Яруш., БРС, Нас.), ’гаворка, дыялект’ (БРС, Яруш., Гарэц., Нас., Касп., Шат.), ’пагалоскі, размовы’ (БРС, Бяльк.), ’манера гаварыць, акцэнт мовы’ (Гарэц., Мядзв., Бяльк.). Рус. дыял. (смал., пск.) ’гутарка, размова; погалас, чуткі; манера гаварыць, вымаўленне; гаворка, дыялект; настаўленне, славеснае павучанне’, укр. гові́рка ’вымаўленне, манера гаварыць; дыялект, гутарка, гаварэнне; погалас, плётка’. Усх.-слав. утварэнне ад *govoriti па прасл. мадэлі «дзеяслоўная аснова + суф. *‑ka», якая мела значэнне галоўным чынам nomen actionis (*govorъka). Параўн. балг. падобныя фармацыі (з прэфіксамі) погово́рка, угово́рка.
Гавэ́нда ’размова, гутарка’ (Сцяшк., Мядзв., Бір. Дзярж.; Сцяц., зэльв., Жд. 2), ’пустая, беззмястоўная гутарка’ (Касп.), гавэ́нды ’пустыя размовы’ (Бяльк.), ’недарэчныя, безвысноўныя размовы’ (Шат.). З XVI ст. у бел. помніках зафіксавана форма гаведа ’размова, плёткі’ (Булыка). Параўн. і ст.-укр. (XVI ст.) гавенда. Запазычанне з польск. gawęda (а гэта ўтварэнне суф. ‑ęda да прасл. *gav‑, *gov‑: *govoriti і г. д.). Гл. Слаўскі, 261 (там і агляд літ-ры). Параўн. гавэ́ндзіць, гавэ́ндаць.