Тэтэ́ра 1 ‘цяцера, Tetrao tetrix’ (пін., Бел. дыял. 4), ст.-бел. тетеря, цецера ‘тс’ (1710–1711 гг., ГСБМ); сюды ж тытыру́к ‘цецярук’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тете́ря, рус. тете́ря ‘цяцера’. Заходнепалескі фанетычны варыянт да цяцера (гл.) на базе гукапераймальнага *ter‑, *tir‑, прадстаўленага ў літ. teterva, лат. teteris, прус. tatarvis ‘цяцерка’, ст.-інд. tittirah ‘курапатка’ і пад.
Тэтэ́ра 2 ‘вясельны гасцінец’, памянш. тэтэ́ронька (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тетеря ‘кулінарны выраб’, рус. тетеря ‘тс’. Няясна, гл. ЕСУМ, 5, 562; паводле Шымкевіча (Корнеслов, 2, 83), укр. тетеря ‘рэшткі кіслага аржанога цеста, прыпраўленага соллю’ ідэнтычна тетеря (птушка), гл. тэтэра 1; матывацыя пераносу няясная.
Тэ́т-а-тэ́т ‘сам-насам, удваіх без сведак’ (ТСБМ). Еўрапеізм, паходіць з франц. têt‑a‑tête, відаць, праз рус. тет‑а‑тет ‘тс’.
Тэўшч ‘таўшчыня’ (Мат. Гом.; навагр., З нар. сл., Жд. 2, Янк. 2), тэ́ўшча ‘тс’ (слонім., Нар. лекс.), тэ́ўшчар ‘тоўсты’ (Сцяц.), сюды ж тэ́ўсць ‘паўната, таўшчыня; таўстун, таўстуха’ (дзярж., Нар. сл.; Кал.). Да тоўшч (гл.), хутчэй за ўсё, у выніку экспрэснай змены пад націскам о на э («аднаўленне» квазі-карэннага галоснага), пра ўмовы фанетычнай дыялектнай з’явы гл. Карскі 1, 154–158.
Тэ́хкацца экспр. ‘марудна рабіць што-небудзь’ (віл., Нар. сл.). Гукаперайманне, параўн. тохкаць ‘тахкаць, торгаць, стукаць’ (гл.), магчыма, з экспрэсіўнай зменай галоснага.
Тэ́хніка ‘сукупнасць прыёмаў і машын; навыкі дзейнасці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Еўрапеізм, што распаўсюдзіўся з ням. Technik ‘тс’ у сярэдзіне XIX ст. Праз новалац. technika выводзіцца з грэч. τέχνη ‘майстэрства, уменне’ (Фасмер, 4, 54; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 69).
Тэ́хталь ‘від гульні ў карты’: гралі ў тэхталя (Я. Колас). Няясна; гл. наступнае слова.
Тэ́хціць ‘берагчы, складаць’ (Сцяшк. Сл.). Да тахціць, тохтаць, тухтаць ‘пакаваць’ (гл.), магчыма, з экспрэсіўнай перагаласоўкай галосных пад націскам. Гл. таксама тэхкацца ‘марудна рабіць што-небудзь’.
Тэ́чка ‘партфель’ (Нас., Сцяц., Жд.; лях., Янк. Мат.), ‘сумка’ (Сл. Брэс., Альп.; пін., Бел. дыял. 1), тэ́цка ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ). З польск. teczka ‘тс’, гл. тэка.
Тэ-тэ-тэ — выклічнік, які выражае здагадку, недавер, нечаканасць, незадаволенасць, здзіўленне і іншыя пачуцці: te‑te‑te! — każe wiecier, — pokul chwalko nachwalicsa, to budźka nabudziecsa (Пятк. 2), ‘падтакванне’ (Сержп. Прымхі). Параўн. укр. те‑те‑те — выражае здзіўленне, задавальненне, рус. те‑те‑те, тэ‑тэ‑тэ ‘тс’, польск. дыял. te‑te‑te — выражае сцвярджэнне, сюды ж ід. te‑te‑te ‘ну-ну, ну але’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Першасны выклічнік паводле Смаль-Стоцкага (Приміт., 22); Копечны (ESSJ SG, 2, 630–648) пагаджаецца з невытворным паходжаннем выклічніка, сінанімічным ta‑ta‑ta, гл. та-та.