Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

По́клад ’яйка або прадмет падобны на яго, які кладуць там, дзе хочуць, каб несліся куры’ (ТСБМ, ТС, Касп.), подклад ’яйка, якое падкладваюць пад курыцу’ (Мік.). Ад *po‑klad‑ti > *po‑klasti, po‑kladǫ < *klasti, kladǫ. Да класці (гл.).

По́клуска ’палка, якую клалі на воз, каб пашырыць яго плошчу’ (драг., Сл. ПЗБ). Параўн. таксама паклеска і по́пліска (гл.).

По́крупне ’высеўкі’ (Сцяшк. Сл.); сюды ж падкру́пніца ’тс’ (пух., Сл. ПЗБ), падкру́пʼя ’дробныя грэцкія крупы’ (Бяльк.). Рус. подкрупка ’мука, высеяная з крупаў’, подкру́пье ’тс’. Першапачаткова, магчыма, покрупʼе з далейшым пераходам ‑пʼе ў ‑пне. Семантыка: тое, што застаецца ’па крупах’, г. зн. пасля таго, як зерне змелена. Да по- і крупы (гл.). Формы з пад‑, відаць, пад уплывам народнай этымалогіі з семантыкай ’нібы крупы; не зусім крупы’, параўн. под- (гл.).

По́круцень ’вяртлявы хлапец’ (Арх. Бяльк.). Ад по- і круцень, параўн. круцень ’вір’ (Яшк.), да круціцца, круціць (гл.). Параўн. яшчэ рус. по́верть ’пра легкадумнага чалавека’.

По́круць ’помесь паляўнічага сабакі з дварняком’ (Жыв. НС), по́круч ’дзіця ад бацькоў розных нацыянальнасцей’ (Нікан.). Укр. по́круч ’помесь’, польск. pokurcz ’помесь’. Да по- і круціць (гл.).

Покрык ст.-бел. ’назва травяністай расліны з шырокімі лістамі і тоўстым коранем, Mandragora officinarum’. Параўн. у Бярынды: “Мандрагора: Покрык”. Паводле “Хронікі” Бельскага (пач. XVII ст.), “Зовут покриком, ѡ котором мног люде​ѕ поведают, же то ест ѩки​ѕсь корен маючи зγполное выражене человека, и коли его выкопают кричит” (гл. Крамко, БЛ, 41, 85). Да крык, крычаць (гл.). У часы Сярэднявечча лічылася цудадзейнай раслінай. Параўн. таксама польск. pokrzyk ’воўчыя ягады, красаўка, Atropa belladonna’, паводле Банькоўскага (2, 684), няяснага паходжання. З польскай укр. покшик ’тс’ (ЕСУМ, 4, 485).

По́куць ’кут у хаце, дзе віселі абразы і стаяў стол’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’галоўны кут у хаце’ (Сцяшк. Сл.), ’ганаровае месца ў куце пад абразамі’ (Нас.), по́кут, по́куць ’тс’ (Бяльк.), по́куць, по́куцье ’тс’ (ТС). Укр. по́куть, по́куття ’тс’, рус. покуть ’тс’. Этнаграфічныя адпаведнікі ёсць у ст.-швед. drotsäte ’ганаровае месца’ < швед. дыял. dröste ’лаўка ля сцяны насупраць уваходных дзвярэй; ганаровае месца’; літ. krikštãsuolė ’ганаровае месца, дзе дзве лавы сыходзяцца за сталом, утвараючы кут’, таксама krikštãsuolis ’тс’, рус. красный угол ’тс’ (Непакупны, Общ. лекс., 56–57). Ад по- і кут (гл.), да семантыкі гл. кут ’пачэснае месца ў хаце’ (Шат.), першапачаткова, відаць, ’найбольш абароненае месца’, як бачна з пакутаць ’загарадзіць’, гл. кутаць.

По́куцянь ’дамасед’, ’спекулянт’ (Жыв. НС). Ад по- і кут (гл.) з суф. ‑янь/‑ень з экспрэсіяй непахвальнасці’ (Сцяцко, Афікс. наз. 241) пра чалавека, які сядзіць або хаваецца па кутах. Значэнне ’спекулянт’, магчыма, ад польск. pokątny ’патаемны; нелегальны’.

Пол 1 ’сукупнасць уласцівасцей, якія характарызуюць мужчынскія і жаночыя арганізмы’ (ТСБМ). З рус. пол < ст.-слав. полъ ’sexus’ (Фасмер, 3, 306). Да паў-, палова (гл.); тыпалагічныя ўгра-фінскія паралелі: мард. pola ’жонка’, вод. pal ’палова; муж або жонка’ (Бяднарчук, Stosunki, 107, з літ-рай) не даюць падстаў лічыць запазычаннем.

Пол 2 ’палаткі, нары’ (ТСБМ, Варл., Сл. ПЗБ), по́лік ’нары’ (Юрч. СНЛ), ’ляжанка’ (ТС), мн. л. по́лы ’высокі памост у лазні, на якім парацца’ (Сцяшк. МГ). Укр. піл ’падлога’, рус. пол ’тс’, ’зямля’. Прасл. *polъ ’дошка’. Роднаснае ст.-інд. phálakam ’дошка, планка’, ст.-ісл. fjol ’тс’ (Фасмер, 3, 306). Чарных (2, 50), як вартую ўвагі, прыводзіць версію Пагодзіна, які выводзіў полъ ад *podlъ (прасл. *podъ ’ніз, аснова, дно’, гл. под), што, магчыма, пацвярджаецца значэннямі пол ’ніз (у супрацьлегласць верху), зямля, глеба, дно ракі, возера’, параўн. выраз до пола́ ’датла, дашчэнту’ (ТС).

Пол 3 ’полымя’ (смарг., Сл. ПЗБ), мн. л. полы ’тс’: по́лы шугаюць (у печы) (ашм., Стан.). Лакальны наватвор на аснове каранёвай часткі дзеясловаў тыпу по́лаваць ’палаць’ (Сцяшк. Сл.), пола́ць ’палаць, гарэць полымем’ (ТС), што ўзыходзяць да праслав. *polti ’гарэць’, гл. полымя, палаць.

По́ла (по́ло) ’выгук, якім падганяюць валоў’ (ганц., Сл. ПЗБ). Няясна, магчыма, з выразаў поле! (*у полё!) з дэпалаталізацыяй канцовак склада; гл. по́ле.