Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэлефо́н ‘апарат для перадачы і прыёму галасавых паведамленняў’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Еўрапеізм, распаўсюдзіўся разам з вынаходствам першапачаткова з франц. téléphone (1834 г.), пазней праз англ. telephone (з 1880 г.), утвораны з грэч. τῆλε (гл. тэле-) і φωνή ‘гук, голас’ (Арол, 4, 57). Сюды ж тэлефанава́ць ‘гаварыць праз тэлефон’ (Некр. і Байк.), разм. тэлефо́ніць ‘тс’ (ТСБМ).

Тэле- пачатковы элемент складаных слоў (т. зв. абрамарфема) з агульным значэннем ‘далёкае, аддаленае’, што паходзіць ад грэч. τῆλε ‘далёка’ (< і.-е. *k​el‑ ‘далёкі’), гл. тэлебачанне, тэлевізар, тэлеграма і пад. (Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 537).

Тэліе́шчыті ‘падымаць, перавозіць з цяжкасцю’ (беласт., Сл. ПЗБ). Няясна. Магчыма, звязана з зах.-палес. teĺiš ‘цурбан, абрубак; тулава без канечнасцей’ (Арх. Вяр.), ст.-бел. телеш ‘той, хто апрацоўваў калоды’ (1569 г., ГСБМ). Гл. цялеш.

Тэ́льбан ‘трыбух’ (Сцяшк. Сл.). Гл. тэ́льбух.

Тэльба́та — пра жывёлу з вялікім чэравам (драг., ЛА, 1). Гл. тэльбух.

Тэ́льбух ‘трыбух’ (Сцяц.), ‘страўнік, начынены мясам’ (Мат. Гом.), ‘чэрава; страўнік у свінні’ (брэсц., ЛА, 1), ‘жывот, бруха; тоўсты чалавек’ (ТС); ‘вялікі жывот; чалавек з тоўстым жыватом’ (Мілк. Сл.). Сюды ж тэльба́та (гл.), тэльбухава́ты ‘трыбухаты’ (Сцяшк. Сл.), тэльбухова́тый ‘тс’ (Клім., Горбач, Зах.-пол. гов.; мазыр., З нар. сл.), телʼбуши́ти ‘трыбушыць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. старое польск. дыял. telbuch ‘жывот’. Няясна. Звычайна разглядаецца як варыянт польск. terbuch ‘тс’ з чаргаваннем р/л (Сцяцко, БММ, 2, 209), якое было характэрна для польскай мовы, гл. Брукнер, 567; ЕСУМ, 5, 541, 627; Глухак, 637 і інш. У Брукнера telbuch ‘бруха’, terbuch, trybuch ‘тс’, trybuszyć ‘трыбушыць’ узводзіцца да праславянскага кораня і параўноўваецца з torba (гл. торба). Фасмер адмаўляе роднасць каранёў terb‑ і torb‑ (Фасмер, 4, 96), аднак не выключае сувязі з прасл. *kolbъ, што мае значэнне ‘круглы, выпуклы’, параўн. бел. ке́лбухі ‘кішкі, вантробы’ (гл.) пры коўб2 ‘свіны страўнік’, якое ў выніку замены к > т магло даць разглядаемую форму. Малаверагодна вывядзенне на аснове укр. дыял. телебу́х ‘вантробы жывёлы’, тельбо ‘вялікі жывот; чалавек з вялікім жыватом’ прасл. *tъlbo, *tъlbuch арэальна абмежаванай інавацыі, гл. Шульгач, Слов. етим., 454; адносна яе распаўсюджання гл. Сяткоўскі, Słow. nazwy, 218 (на мяжы Польшчы, Украіны і Беларусі). Няясныя адносіны да прыметніка чэш. tělpatý ‘тоўсты’, якое Махэк₂ (639) параўноўвае з рус. телепень, тельпень, тельпеш, гл. целяпень, цяльпеш. Хутчэй за ўсё, гукапераймальнага (імітатыўнага) паходжання, параўн. ід. telebenden ‘целяпацца, боўтацца’. Гл. таксама цельбух.

Тэ́льманка гатунак бульбы (ПСл, Мат. Гом.). Відаць, ад уласнага імя Тэ́льман (нямецкі камуніст, забіты нацыстамі).

Тэля́чы ‘цялячы’ (беласт., Сл. ПЗБ; Вруб.), ст.-бел. телячий, целячий ‘тс’ (ГСБМ). Гл. цялячы, цяля.

Тэ́ма ‘галоўная думка, прадмет, змест твора; заданне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.). Хутчэй праз ням. Thema, якое, у сваю чаргу, з лац. thema < грэч. θέμα (Рэйзак, 655). Літаратуразнаўчы тэрмін, паводле Краснея (Прабл. бел. філал., 64), запазычаны з рус. тема ў пачатку XX ст., дзе замацаваўся з часоў Ламаносава, аднак паралельна з ім ужываўся ў XVIII ст. адпаведнік грэчаскай форме фема ‘тс’ (Фасмер, 4, 40; Арол, 4, 58; Кохман, 235). Беласт. тема́т (Вруб.) з польск. temat ‘асноўная думка’ з пераносам націску на канец слова.

Тэ́мбель ‘тоўсты свердзел’ (У. Калеснік). Гл. тэбель; відавочна, з другаснай назалізацыяй.