Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тэ́бель ‘свердзел’ (ТСБМ, Мядзв., Янк., Жд. 3, Касп., Арх. Вяр., ТС), тэ́быль ‘тс’ (драг., Жыв. сл.), ты́бель ‘тс’ (Пятк. 1), тэ́бяль ‘драўляны шып’, ‘свердзел’ (Сцяшк., Скарбы), ту́бель, ты́бель, тэ́баль, тэ́бэль, тэ́бяль (Сл. ПЗБ), тэ́бель, тэ́бел, тэ́бол ‘свердзел’, ‘драўляны гвозд, шпунт’ (ТС). Праз польскую мову, дзе tybel ‘драўляны гвозд, якім злучаюць часткі драўляных вырабаў’, рэдка ‘свердзел’, што, у сваю чаргу, з с.-в.-ням. tübel ‘гвозд, калок’, якое выводзіцца са ст.-в.-ням. *(gi)tubili ‘выразка; стык; тое, што ўбілі’, ўрэшце ўзыходзіць да і.-е. *dheu̯bh‑, dhubh‑ ‘біць, дзяўбці; драўляны гвозд, клін’ (Köbler, Wörterbuch des althochdeutschen Sprachschatzen, Paderborn, 1993, 1098). Таго ж паходжання дзю́бель ‘прабойнік, клін, устаўка ў адтуліну’, што выводзіцца з н.-в.-ням. Dübel ‘гвозд, клін’, відаць, непасрэдна з нямецкай прафесійнай лексікі, магчыма, набліжанае да дзюба, дзюбаць. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 564; Вінцэнц. Сюды ж дзеяслоў тэблёваць ‘рабіць тэблем дзірку ў дрэве, свідраваць’ (ТС) і фанетычныя варыянты тэблёва́ты ‘тс’ (Сл. Брэс.), тэблява́ць ‘тс’ (Сцяшк. Сл.).

Тэ́гус ‘бульбяная бабка’ (Сцяшк. Сл.). Паходжанне няяснае. Відаць, запазычана вусным шляхам з ідыш, параўн. tejgexe ‘бабка, запяканка’, што ад ням. Teig ‘цеста’ (Астравух, Ідыш-бел. сл., 792), якое ўзыходзіць да і.-е. *dheigh‑ ‘мясіць цеста’, больш ранняе ‘мясіць гліну’, адкуль і грэч. τεῖχοης; ‘мур’, τοῖχος ‘сцяна’ (Duden. Ethymologie, 841).

Тэ́ечка ‘сяброўка’. Гл. тэйка, тайка.

Тэж ‘таксама’ (Сл. ПЗБ, Мілк. Сл., Скарбы₂, Нар. Гом., ТС), тэш ‘тс’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. тежъ, тэжъ ‘тс’, тежь, теже ‘тс’ (ГСБМ). Выводзяць з польск. tež ‘таксама’, ‘альбо’ (Карскі Труды, 314; Жураўскі, SOr, 10, 1, 40), якое з teże, што ўзыходзіць да праславянскага спалучэння ўказальнага займенніка *tъ і ўзмацняльнай часціцы že, апошняе дало паўд.-слав. і ўсх.-слав. *tože, зах.-слав. *tъže з адпадзеннем канцавога e (Борысь, 630) з розным далейшым фанетычным развіццём, гл. таксама тыж, параўн. рус. тож, укр. тож, теж, славен. tore(j) ‘такім чынам’, в.-луж. tež, чэш. též, славац. tiež. Фанетычны варыянт тэш адлюстроўвае аглушэнне звонкага зычнага ў абсалютным канцы слова.

Тэз ‘месца, дзе сушаць ганчарныя вырабы’ (валож, Жд. 1). Гл. тэзы.

Тэ́за ‘тэзіс, асноўнае палажэнне’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятр., Баршч.). Запазычана з ням. These ‘тс’ праз польск. teza. Гл. тэзіс.

Тэза́ўрус ‘поўны тлумачальны слоўнік’ (ТСБМ), ст.-бел. тезаврусъ ‘тс’: в книгахъ тезаврусъ, то есть скарбом называють (1595 г., ГСБМ). Запазычана з лац. thesaurus, зафіксаванага ў лацінскамоўных тэкстах ВКЛ як ‘скарб, каштоўнасць, маёмасць’ (Жлутка, 335) з с.-грэч. θησαυρος ‘скарб, каштоўнасць, сховішча’. Значэнне ‘кніга, слоўнік’, відаць, пераноснае ад ‘тое, што запісана, улічана’.

Тэ́зіс ‘палажэнне’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘навуковы вывад’ (Ласт.). З лацінскага навуковага тэрміна thesis ‘тс’, які, у сваю чаргу, са ст.-грэч. θωσις; шлях пранікнення позні, хутчэй за ўсё, праз рус. тезис, параўн. Арол, 4, 54; ЕСУМ, 5, 535. Гл. тэза.

Тэ́зы, ты́зы ‘насціл пад столлю, дзе сушыцца ганчарны посуд’, тэ́за ‘дошка ў насціле для сушэння гліняных вырабаў’ (свісл., БЛ, 18), tʼyzy, tyzʼou̯ki ‘паліца для сушэння вырабаў ганчароў’ (беласт., SFPS, 14), тэз ‘месца, дзе сушаць ганчарныя вырабы’ (івян., Жд. 1). Параўн. польск. tyzy ‘рышт у ганчароў, на які кладуцца дошкі або жэрдкі з кафляй’. Няясна; меркаванне пра запазычанне з польскай (Міхайлаў, БЛ, 18, 63) не аргументавана.

Тэй займ. м. р. адз. л. Н. скл. ‘той’ (Нас., Шымк. Собр.; бялын., Янк. Мат., ПСл, Варл.; в.-дзв. Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом.): тэй хозяин як жив, так и живе́ць (маг., Рам. 4); ‘замяняе назоўнік, ужыванне якога лічыцца непрыстойным’ (Нас.): тэй, што казали ‘чорт’ (Растарг.); займ. ж. р. адз. л. Р, Тв., М. скл. ‘той, тае’ (Нас., Некр. і Байк.): тэй каровы тут німа (Варл.). Форма тэй фіксуецца ў старабеларускай мове з канца XVI ст. (КГС), да прасл. *tъjь. Пра рэгіянальны рэфлекс э з ъ гл. у Карскага (Карскі 1, 154–157, 194, 235). Адносна фанетычнага развіцця выказваецца думка пра яго позні характар (там жа, 156) і сувязь з адпаведнымі з’явамі ў прыметнікавых формах, параўн. паўн.-ўсх. злэй, друге́й і інш. Параўн., аднак, факты, адзначаныя ў берасцяных граматах Залізняком (Сов. сл., X, 168), пра паралельнае існаванне рэфлексаў ‑ый, ‑эй і ‑ой на месцы *‑ъjь з некаторай перавагай заходняга рэфлекса ‑ый. Паралельнае ўжыванне формаў тэй, тып, ту͡ой у беларускіх гаворках канстатаваў Карскі (2–3, 194), як і ўзнікненне формаў ускосных склонаў ж. р. тэй па аналогіі з тае́й і формай м. р. тэй (там жа, 196). Марфалагічнае тлумачэнне для названай формы прапанаваў Ільінскі (Запіскі, 2, 280–281), гл. таксама Бузук, Sb. prací, 463; тое ж: Бел. мовазн. слав., 25–26. Меркаванне пра польскае запазычанне (Сабалеўскі, ЖМНП, 251, 137–143) не прымальнае з-за шырокага распаўсюджання названай формы на ўсходнеславянскай тэрыторыі. Сюды ж тэ́іць ‘тыя’ (гл.) тэ́е ‘тое’, тэ́й жэ ‘той жа’, тэй‑сей ‘хто-небудзь, хтосьці’ (Нас., Бяльк.), тей ‘той’ (Шымк. Собр.). Гл. той, тый.