Баю́ўка ’хустка з байкі’. Гл. баёвік.
Бая́н ’музыкальны інструмент’, укр. бая́н. Запазычанне з рус. бая́н ’тс’ (а гэта па імені легендарнага Баяна ў «Слове о полку Игореве»). Назва была дадзена рускім гарманістам А. Ф. Арланскім-Цітарэнкам (1877–1941) першаму ў свеце храматычнаму гармоніку, які сканструяваў тульскі майстар М. І. Белабародаў (1827–1912). Гл. БСЭ; Шанскі 1, Б, 65.
Бая́рын. Рус. боя́рин (ст.-рус. бояринъ), укр. боя́рин, ст.-слав. болꙗринъ (мн. болꙗре), балг. боля́рин, боля́р, серб.-харв. бо̀љарин, бо̀љар, славен. boljár. Слова, якое выступае толькі ў паўд. і ўсх. славян. Найбольш верагоднай з’яўляецца версія пра запазычанне з адной з старых цюркскіх моў. Параўн. пратабулг. тытулы, запісаныя грэчаскім пісьмом: βωυλε, βοιλα, βοηλα, βουληα і г. д. Першапачаткова (л)ꙗр(е) было канчаткам мн. ліку ў пратабулг. мове (параўн. цюрк. ‑lar). З ст.-слав. мовы слова папала да ўсх. славян. Геаргіеў, ИИБЕ, 1952 (2), 89; БЕР 1, 66. Шматлікія іншыя тлумачэнні і версіі (у тым ліку і фанетычныя) гл. у Фасмера, 1, 203–204. Вельмі няпэўным з’яўляецца вывядзенне (гл. Шанскі, 1, Б, 182) слова з слав. крыніцы (< bojь ’бітва’). Няпэўная таксама кельтская этымалогія Шахматава (AfslPh, 33, 86). Агляд версій гл. таксама ў Шанскага, 1, Б, 181–182. Форма бая́рынь (Шат.) пад уплывам бая́рыня (рус.), як ба́рынь (гл.) пад уплывам ба́рыня. У песнях і да т. п. сустракаюцца формы бая́рка ’пані’ (Нас.), ’шаферка’ (Касп.), бая́рʼе, боя́ре (Нас.), быя́ря (Бяльк.), бая́рыя ’панства’ (Сцяшк. МГ).
Бая́цца. Рус. боя́ться, укр. боя́тися, польск. bać się, чэш. báti se, ст.-слав. боꙗтисѧ, балг. бо́я се, серб.-харв. бо̀јати се і г. д. Прасл. bojati sę ’баяцца’. Параўн. літ. bajùs ’страшны’, bijótis ’баяцца’, ст.-інд. bháyatē ’баіцца’ і да т. п. Траўтман, 24; Бернекер, 68; Слаўскі, 1, 25; БЕР, 1, 71; Фасмер, 1, 204; Праабражэнскі, 1, 41. Няпэўнай з’яўляецца думка (Зубаты, Studie, 1, 1, 79–90; падтрымліваюць Трубачоў, Дополн., 1, 204; Шанскі, 1, Б, 183) пра сувязь з biti ’біць’. Сюды і прасл. bojaznь (суф. ‑znь): бел. баяз́нь, бо́язь, рус. боя́знь, укр. боя́знь, польск. bojaźń, чэш. bázeň, ст.-слав. боꙗзнь і г. д. Параўн. падобнае ўтварэнне: ст.-прус. biāsnan ’страх’.
Бгаць ’гнуць, мяць, камячыць’. Рус. бгать, укр. бга́ти. Цёмнае слова. Паводле адной версіі, усх.-слав. *бъгати < гъбати (да слав. gъb‑ ’гнуць’). Бернекер, 366; Міклашыч, 82; Праабражэнскі, 1, 192. Патабня (РФВ, 4, 125) і Ільінскі (РФВ, 62, 254) параўноўваюць бгати з ст.-інд. bhujáti ’гне’, гоц. biugan, ням. biegen ’гнуць’ (параўн. яшчэ Траўтман, 39). Некаторыя заўвагі Фасмер, 1, 140.
Бег, бе́гаць, бе́гчы. Рус. бежа́ть, бе́гать, бег, укр. біг, бі́гти, польск. bieżeć, чэш. běžeti, ст.-слав. бѣжати, серб.-харв. бјѐжати і г. д. Прасл. běg‑ti, běžati, běgъ. Дакладная адпаведнасць у літ. bė́gti ’бегчы’, грэч. φέβομαι ’бягу’, φόβος ’бегства; страх’. Праабражэнскі, 1, 59; Фасмер, 1, 141, 143; Траўтман, 29. Да гісторыі семантыкі бел. бег гл. Жураўскі, БЛ, 1972, 1, 65–66.
Бегемот. Рус. бегемо́т, укр. бегемо́т. Запазычанне з ням. мовы (ням. Behemoth < ст.-яўр. behemoth). Гл. Фасмер, 1, 142; Шанскі, 1, Б, 67.
Бегун, беґун ’завеса’ (ст.-бел.; Булыка, Запазыч.): двери на бегунах (беґунах). Запазычанне з польск. biegun (ад biegać) ’тс’ (Булыка, Запазыч., 39). Трэба дадаць, што факт запазычання сведчыцца толькі гукам ґ, бо гэта слова ёсць і ў рус. мове (бегуны́ з падобным значэннем), і ва ўкр. (бігун). Таму можна лічыць, што бел. бегу́н ’бягун, слупок, на якім трымаюцца вароты ў шуле’ (Бяльк.) і бягу́н ’завеса’ з’яўляюцца самастойнымі ўсх.-слав. утварэннямі.