Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тыр-тыр, тырь‑тырь — пра гукі стрэлаў з ружжа (Канкард. XIX ст.). Гукаперайманне. Паводле Брукнера (589), польск. tyr ‘стрэл’ можа паходзіць з іт. tiro ‘тс’, якое, у сваю чаргу, ад франц. tirer ‘страляць’, англ. tear ‘разрываць’, ням. zerren ‘цягнуць’, што сведчыла б аб польскім уплыве. Параўн., аднак, выклічнік тырр (гл.) з шырокай семантыкай, якая ўключае і названае значэнне, а таксама ты́ркало ‘гульня ў вайну, калі крычаць тырр — страляюць’ (ТС).

Ты́сечнік ‘лекавая расліна’ (брэсц., Сл. Брэс.), ‘крываўнік звычайны, Achillea millefolium L.’ (лях., Сл. ПЗБ). Калька з польск. tysięcznik ‘цвінтарэй, Centauram Hill’, параўн. запазычаную форму тысё́нчнік ‘тс’ (свіст., Шатал.), альбо ўсечаная форма рус. золототысячник — кніжная назва з лац. Erythraea centaurium < ст.-грэч. κενταύριον ‘эрытрэйская трава кентаўраў’, якую (праз народную этымалогію) сталі разумець як centum ‘сто’ і aurum ‘золата’, праз ням. Tausendgüldenkraut, Hunderttausendguldenkraut ‘тс’ (Праабражэнскі, 1, 256; Фасмер, 2, 104; ЕСУМ, 2, 276).

Тысымо́ныца аргат. ‘тысяча’ (з мовы янаўскіх лабараў, Бел. дыял. 1). Магчыма, выводзіцца са ст.-прус. tūsimt‑ons В. скл. мн. л. < *tūsemt‑ < *tūsent‑, што ад с.-в.-ням. tūsent ‘тысяча’, параўн. Смачынскі, 694 .

Ты́сяць ‘тысяча’ (Кліх), týśač ‘тс’ (Карскі 2-3, 21). Трансфармавана пад уплывам польск. tysiąc ‘тс’, параўн. ст.-бел. тысенць ‘тс’ (1589 г., ГСБМ) і новаўтварэнні («на польский и чешский лад», Карскі 2-3, 248) ст.-бел. тисѧць, тисѧчей (XV ст.).

Ты́сяча, ты́сеча, тысіча ‘лік і лічба 1000’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 1000’ (ТСБМ, Некр. і Байк., ТС, Бяльк., Вруб.; ашм., Сл. ПЗБ); ‘напасць, смерць’: кап цябе тысяча ўбіла (маг., Рэгіян. асабл., 4), ты́сячы ‘мноства чаго-небудзь, вялікая колькасць’, ‘вялікія грошы, капітал’ (ТСБМ), ці́сяча ‘безліч, многа’: грымаціць, бы там цісяча гармат смаліць (Сержп. Прымхі), císiaczy мн. л. ‘тс’ (Пятк. 3), ст.-бел. тысяча, тисеча, тисяча, тысеча, тысеща, тысяща ‘тысяча’, ‘вялікая колькасць’ (ГСБМ) з перавагай формы тисяча (Карскі 1, 237). Параўн. укр. ти́сяча, рус. ты́сяча ‘тысяча’, стараж.-рус. тысяча ‘апалчэнне, якое дзялілася на сотні’, ц.-слав. тысѫща, тысѧща, польск. tysiąc, н.-луж. tysac, tysec, в.-луж. tysac, чэш. tisíc, ст.-чэш. tisúc, славац. tisíc, славен. tísoč, харв. tȉsuća, балг. старое ти́сеча, ст.-слав. тысѧщи, тысѧща і тысѫщи, тысѫща. Прасл. *tysętja, *tysętjь, *tysǫtja, *tysǫtjь, роднасныя прус. tusimtons (В. скл. мн. л.); апошняя форма, як і літ. tū́kstantis, лат. tũkstuotis, гоц. þūsundi, ст.-в.-ням. dūdundt, нова-в.-ням. Tausend ‘тс’, выводзяцца з і.-е. *tu‑kʼm̥t‑ia ‘вялікая сотня’ < пра-і.-е. *teū‑ > *tūs‑ ‘набрыняць, пухнуць, таўсцець’ + *kʼm̥tom ‘сто’ (Махэк₂, 643; Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 474; Фасмер, 4, 133; Чарных, 2, 275–276; Брукнер, 590; Борысь, 659; Сной, 766; ЕСУМ, 5, 574; Арол, 4, 126). Меркаванні пра запазычанне з германскіх моў (Ваян, RÉS, 24, 184 і інш.) спрэчныя, балтыйскія і германскія формы паралельныя да славянскіх, але не ідэнтычныя ім (Мілеўскі, Teoria, 318); балтыйскія формы, за выключэннем старапрускай, хутчэй запазычаны з ранніх прасл. *tūcentjā, *tūcontjā (Трубачоў, Слав. языкозн. VIII, 311). Славянскія формы з палаталізаваным пачатковым складам утварыліся ў выніку асіміляцыі з наступнымі мяккімі зычнымі, параўн. ESJSt, 17, 1003. Сюды ж тысячагалоў ‘смолка, Vaccaria pyramidata’ (ТСБМ), тысячагоддзе ‘прамежак часу ў 1000 год’, ‘гадавіна тысячагадовай даўнасці’, тысячано́жка ‘мядзведка’ (Мат. Гом.), тысячанышка ‘сараканожка, мнаганожка’ (драг, Сл. Брэс.), ты́сяцкі ‘начальнік ваеннага апалчэння на Русі’, ‘галоўны распарадчык у вясельным абрадзе’ (ТСБМ).

Тысячалі́стнік ‘крываўнік, Achillea millefolium L.’ (Адм.), тысічалі́снік ‘тс’ (бялын., ЛА, 1). Параўн. рэдкае укр. тисячели́стник ‘тс’ (Макавецкі, Sł. botan.). З рус. тысячели́стник, якое з’яўляецца калькай з лац. millefolium.

Ты́сячнік ‘багацей, уладальнік тысячнага капіталу’ (ТСБМ), ты́сячны ‘службовая асоба пры царскай уладзе’ (Скарбы), ст.-бел. тысячникъ, тисящникъ, тисечникъ, тысячникъ, тысечникъ ‘начальнік тысячы воінаў’, тысящникъ, тысещникъ, тысущник ‘начальнік тысячы воінаў’ (ГСБМ). Вытворныя ад тысяча (гл.), у старабеларускую мову прыйшло са ст.-слав. тысѧщьникъ, тысѫщникъ ‘начальнік атрада з тысячы воінаў’, у сучаснай мове словаўтваральны тып асабовых назоўнікаў ад лічэбнікаў малапрадуктыўны (Сцяцко, Афікс, наз., 219).

Тыта́н1 ‘бажаство з ліку волатаў, якое змагалася з багамі Алімпа’, перан. ‘чалавек вялікага таленту, надзвычайнага розуму’ (ТСБМ), ст.-бел. титанъ ‘тс’. Паходзіць ад ст.-грэч. Τιτάν (ад τιτώ ‘сонца, дзень’) (Арол, 4, 73; ЕСУМ, 5, 575). Запазычана ў сучасную мову, хутчэй за ўсё, праз польск. tytan ‘тс’.

Тыта́н2 ‘хімічны элемент’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Запазычана з ням. Titan, названы так ад н.-лац. Titanium вынаходнікам М. Клапротам паводле распаўсюджанай мадэлі хімічных тэрмінаў, параўн. ст.-грэч. Τιτάν ‘сын Урана і Геі’ і uranium, гл. уран (Арол, 4, 74).

Тыта́н3 ‘вялікі кіпяцільнік’ (ТСБМ). Назва ўзнікла як фабрычная марка, у якой адлюстравалася ідэя магутнасці (параўн. тытан1). З рус. тита́н ‘тс’ (Арол, 4, 74).

Ты́тул1 ‘загаловак кнігі’, ‘першая старонка кнігі, тытульны ліст’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), ст.-бел. тытулъ, тителъ, титулъ ‘загаловак, назва’, ‘надпіс’. Са ст.-польск. tytuł ‘тс’, якое з лац. titulus ‘тс’, ‘надмагільны надпіс’, ‘подпіс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 188), у ВКЛ таксама ‘прычына, падстава, права’ (Жлутка).

Ты́тул2 ‘ганаровае або дараванае дваранскае званне (барон, князь, граф)’ (ТСБМ, Некр. і Байк.): у каго ў шкатуле, той і ў тытуле (брасл., Рабк.), ‘вясельны чын асоб, што маюць акрэсленыя функцыі ў рытуале’ (беласт., Этнагр. зб., 112), ст.-бел. тытулъ, титулъ ‘тытул, званне’ (1438 г., ГСБМ). Са ст.-польск. tytuł < лац. titulus ‘ганаровае званне, слаўнае імя’, ‘гонар, слава’, ‘подзвіг, заслуга’, сюды ж ст.-бел. тытуловати ‘называць’ (1622 г.) са ст.-польск. tytułować ‘называць’, якое з лац. titulāre ‘тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 198).

Тытулёвы ‘карункавы, цюлевы’ (Сцяшк. Сл.). Няясна; відавочна, ад туль, тулі (гл.), у тым ліку ‘вэлюм’, магчыма, пад уплывам тытул2 ‘вясельны чын’.