Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тырпуга́, тэрпуха́ ‘мянташка’ (Сл. Брэс., Касп.), трапуга́ ‘тс’ (ДАБМ), тэрпу́ха, тэрпу́га, трыпу́га ‘тс’ (зах.-палес., ЛП); сюды ж тырпу́жыты ‘мянціць касу’ (там жа). Няясна; параўноўваюць з укр. карп. терпу́г, терпу́га ‘піла’, торпу́жити ‘церці, шліфаваць’, рус. терпу́г ‘напільнік, рашпіль’, дапускаюць запазычанне з цюркскіх моў, параўн. тур. törpü, азерб. төрпу, ст.-цюрк. törpüg ‘піла’, ‘напільнік, рашпіль’, törpi ‘абстругваць’ (Фасмер, 4, 49; ЕСУМ, 5, 558). Аднак абмежаваны арэал ужывання на захадзе ўсходнеславянскай тэрыторыі і пераважна аддзеяслоўнае паходжанне назваў рэаліі ставіць пад сумненне прынятую этымалогію, ва ўсякім разе, дапускае мажлівасць збліжэння з трапаць (гл.), польск. дыял. tyrpać ‘торгаць, біць, штурхаць’, укр. те́рти ‘церці’, параўн. терпу́га ‘апілкі’ (ЕСУМ, 5, 558), што вяртае да вядомай этымалогіі Міклашыча (353).

Тырр, тыр-р — выклічнік, выражае грукат хутка ад’язджаючага воза, раптоўны гром, нечаканы трэск ад падзення дробных прадметаў, гук пры разбіванні посуду, адначасовы стрэл з ружжаў (Нас.), перадае стук па штыкецінах: палкыю па кольліх тыр‑р (мсцісл., Нар. лекс.). Гукапераймальны імітатыў з інтэнсіўным значэннем, утвораны шляхам падваення апошняга гука, параўн. укр. вурр — пра гырканне сабакі пры звычайным вур (Смаль-Стоцкі, Приміт., 62, 148). Гл. таксама тыр-тыр.

Ты́рса ‘від кавылю, кавыль валасісты, Stipa capillata’ (ТСБМ), тырса́ ‘стэпавая трава Stipa’ (Ласт.). Параўн. укр. ти́рса ‘кавыль перысты, Stipa pennata’, рус. ты́рса ‘кавыль валакністы’, ти́рса ‘каласоўнік, мятліца’, польск. tyrsa ‘кавыль’, ‘калаўротнік, пустазелле’. Паводле Лаўчутэ (Балтизмы, 12), глухі варыянт літ. dìrsė, dìrsa ‘каласоўнік, Bromus L.’. Параўн. ды́рса, гі́рса (гл.), варыянт з пачатковым т‑, хутчэй за ўсё, русізм або ўкраінізм, не вядомы народнай мове (гл. Кіс.).

Тырса́ ‘апілкі’ (ТСБМ, Нар. Гом.; парыц., Янк. Мат., ТС; ветк., Ск. нар. мовы), ‘пілавінне’ (рэч., Нар. сл.; капыл., Жыв. сл.; бых., слаўг., касцюк., лун., ЛА, 1), тріса́ ‘тс’ (стол., там жа); ты́рса ‘пілавіны, апілкі, смецце’ (Бяльк., Ян., Растарг., Мат. Маг., Мат. Гом., ПСл; ганц., Сл. ПЗБ; слуц., карм., клім., чэрык., чач., лельч., ЛА, 1); тырс ‘тс’ (чач., ЖНС), ты́рша ‘пілавінне’ (калінк., ЛА, 1, Сл. ПЗБ), ты́рста ‘тс’ (Арх. ГУ). Параўн. укр. ти́рса ‘тс’, рус. ты́рса ‘тс’. Безумоўна, звязана з це́рці (гл.), с (ш) пасля зычнага асновы мае ўзмацняльную функцыю, падобную да аналагічнай у пырса ‘пілавінне’ ад пырсь, пырскаць, гл. Рэдкія дыялектныя формы кі́рса, кірса́ ‘тс’ (гом., ЛА, 1) адлюстроўваюць фанетычныя з’явы варыянтнасці t на поўдні Беларусі, дзе захоўвалася (гл. Векслер, Гіст., 228), параўн. старое літ. tirti ‘спрабаваць, даследаваць тручы, паціраючы’ (Смачынскі, 689).

Тырту́н ‘бульбяная каша’ (Сл. Брэс.), сюды ж тырту́шка ‘тарка’ (Сл. Брэс.; кобр., ЛА, 4), тэрту́шка ‘тс’ (жабін., кобр., ЛА, 4). Да заходнепалескіх утварэнняў ад тэ́рты, тэ́ртэ ‘церці’, у якіх тэ́ ў ненаціскных складах часта пераходзіць у ты‑.

Тырты́ця ‘дошка’ (кобр., Скар. нар. мовы), ст.-бел. тертица, тортица (ГСБМ). Гл. тарціца ‘тс’, зыходная форма ўзыходзіць да прасл. *terti і ўтворана ад дзеепрыметніка *tьr‑tъ ‘цёрты’, параўн. ст.-чэш. třenice ‘дошка’, мар. trenica, славац. trenica ‘тс’ (ад дзеепрыметніка *tьr‑en‑ъ).

Ты́рхаць ‘штурхаць’, тыркну́ць, тыркану́ць ‘штурхануць’, тырка́ньнік, тырка́ньніца ‘той, хто штурхае’, тырка́ньне ‘штурханне’, тыркану́тый ‘той, якога штурхнулі’ (Юрч. Вытв., Юрч. СНЛ). Параўн. рус. пск. тыркону́ть ‘з сілай піхнуць’. Арэальны фанетычны варыянт да турхаць (гл.) з пераходам у > ы, магчыма, экспрэсіўнага характару, параўн. штыркаць, штуркаць, гл.

Тырц ‘тыц’ (віл., Сл. ПЗБ). Магчыма, у выніку кантамінацыі рухапераймальных выклічнікаў тырх (гл. ты́рхаць) і тыц (гл. тыцнуць).

*Тырці́льніца (тырті́лныця) ‘жанчына, якая трэ лён’ (драг., Выг., З нар. сл.). Да це́рці (гл.), ад мясцовага тэ́ртэ (Бел. дыял. 2), параўн. трэйка1, гл.

Тырча́ць, тырчэ́ць ‘тарчаць’ (ТСБМ., Нас., Бяльк., Ласт.; ашм., Стан., ТС; паст., рагач., в.-дзв., Сл. ПЗБ), ‘быць навідавоку’, ‘жыць абы-як’ (Нас.), тырча́ць, стырча́ць ‘вытыркацца’ (Некр. і Байк.): пусты колас у гору тырчыць (Сержп. Прык.). Параўн. укр. тирча́ти ‘тс’, рус. дыял. тырча́ть ‘грукаць, тарахцець’. Фанетычны варыянт да тарча́ць (гл.), мажліва, экспрэсіўна маркіраваны. Карскі (1, 258) дапускае змену першапачатковага *tъrk‑ па недастаткова ясных прычынах у сувязі з націскам і даўжынёй складу, звязаўшы з т. зв. «трэцім поўнагалоссем» у Шахматава. Узводзіцца да прасл. *tъrčati/*stъrčati ‘тс’ і, магчыма, звязанага генетична з чэш. tyčiti se ‘ўзвышацца’ (Махэк₂, 650). Гл. таксама Фасмер, 4, 88; ЕСУМ, 5, 573; Арол, 4, 88. Сюды ж тырчако́м ‘тарчма’ (Адм.), тырчко́м ‘тс’, ‘стаўма, у вертыкальным становішчы’ (ТСБМ, Нар. Гом.), тырчко́м, тырчма́, тыршма́ ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), трышма́, тырьчма́ ‘тс’ (Бяльк.), тырчма́ ‘стаўма, старчаком’, ‘не прылягаючы, не прыстаючы’ (ТСБМ), тырчмако́м ‘тарчма’ (Бяльк.); тырча́нка жарт. ‘чарга’ (Мат. Маг. 2). Гл. таксама тарчма, торчма.

Тыршкля́ ‘трашчотка’ (Ласт.). Відавочна, гукапераймальнага паходжання, сюды ж і тырсчэ́ць ‘тарахцець’ (Ласт.) з узмацняльнымі нарашчэннямі ‑с‑/‑ш‑, ‑к‑, параўн. тыркацець (гл.), укр. ти́ркати ‘трашчаць’, польск. дыял. tyrkawka ‘трашчотка’.