Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Перале́злы ’стары’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Да пера- і ле́зці (гл.); звычайна аблезлы, разлезлы ’тс’; магчыма, тут мае месца канкурэнцыя прыставак *per‑ і *ab‑, характэрная для балта-славянскага пагранічча, параўн. перамагаць/абмагаць ’браць верх, адолець’ (Непакупны, Связи, 85).

Перале́ска ’пралеска’ (Бяльк.). Да пера- і ле́ска1. Першапачаткова азначала расліну, якая расце каля арэхаў (прасл. *lěska ’арэшнік’). Аналагічна ст.-чэш. podléščka, podleštka, чэш. мар. podléska, podlíska, ст.-польск. podlaska, польск. przylaszczka (< *pri lěscě), укр. перелі́ска, пролі́ска, рус. перелеска ’Hepatica Mill. nobilis Garsault.’ (Махэк, Jména, 48).

Перале́таваць (пірале́таваць) ’прабыць перажыць лета’ (Варл.), бяроз. пырылі́туваты ’тс’ (ЖНС), перале́так, перале́тка, ’пералетавалы бычок ці жарабя; свойская жывёла, якая перажыла адно лета’ (ТСБМ, Бяльк., Касп.; докш., Янк. Мат.; докш., паст., Сл. ПЗБ; усх.-бел., зах.-палес., ЛА, 1); укр. перелі́тувати ’правесці лета’, перелі́тка ’карова, якая целіцца праз год’, рус. переле́това́ть ’пражыць, правесці, праляжаць лета’, переле́ток ’гадавалы воўк’, ’гадавалая цялушка, жарабя’, польск. przelatek ’воўк, які нарадзіўся ў мінулым годзе’, славен. prelętováti ’правесці лета’, серб.-харв. прѐлетити ’тс’. Прасл. *per‑lětovati. Да пера і ле́та, ле́таваць (гл.).

Перале́часты (пырылі́частый) ’мінулагодні’ (Клім.). Да перад‑ і ле́та ’год’ (гл.).

Пералёк ’пярэпалах’: захварэў од паралёку ’пярэпалах’ (брэсц., ЛА, 3), пералёкі ’перапуд’ (Нас.), смал. перелёк ’перапалох’. Гл. пераля́к (< прасл. *per‑lękъ): мена я (< ę) > ё вядомая і ў іншых гаворках: ст.-дар. ад ізлёку, талач. ату лёку, добр. ад улёку — пра гэта гл. Карскі, 1, 99.

Пералёскаць (піралёскыць) ’перамагчы ў лясканні кнутом’, ’перабіць (напр., куранят) (Юрч. СНЛ). Да пера- (гл.) і лёскаць, якое з рус. зах. і паўд. лёскать ’біць, ляскаць пугай’. Параўн. яшчэ ля́скаць (гл.).

Пералёт1 (піралёт) ’белая канюшына’ (міёр., Жыв. НС), ’расліна Anthyllis vulneraria L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1; барыс., КЭС; Шат.); пералёт, пералот ’чарнакорань прысадзісты, Scorzonera humilis L.’ (маг., Кіс.; Дэмб. 1); пералётнік жоўты ’пералёт, Anthyllis L.’, пералётнік чырвоны, гродз. пржалетнік (канюшына, Trifolium alpestre L.’, пражалот (< ⁺пржалёт < польск. przelot) ’канюшына горная, Trifolium montanum L.’ (брэсц., гродз., Кіс.), пералётны, паст. пералёт ’пералёт’ (навагр., паст., Сл. ПЗБ). Укр. переліт, перелет ’тс’, рус. дыял. (Літва) переле́т ’лекавая расліна (?)’: перелетом детей курют, когда спужаются (СРНТ, 26), польск. przelot ’тс’. Назва расліны звязана з хваробай пералёт (гл. папярэдняе слова). Так у рус. гаворках перелёт — ’расліна’ і ’перапалох’ (СРНГ, 26, 141–142). На беларускай тэрыторыі пералёт таксама выкарыстоўваецца як лекавы сродак ад спалоху і ад сурокаў, як і на чэшскай, дзе ён называецца úročnik (яшчэ ст.-чэшск.), валаш. úročka, uročnica. У даўніну яму надавалася вялікае магічнае значэнне: яго рвалі ў купальскую ноч (Махэк, Jména, 121–122). Параўн. рус. перелёт‑трава — яе шукаюць на шчасце і ўдачу ў ноч перад Іванам–Купалай; трава гэтай — казкавая, кветка яе вясёлкавая, вогненная, пералятае матыльком і паказвае дарогу да скарбаў у зямлі, апошняе і дапамагло лексеме аформіцца як вытворнай ад пералётваць, пералятаць (Фасмер, 3, 238).

Пералёт2 ’прамежак паміж гадавымі кольцамі на рогах каровы’ (смарг., Сл. ПЗБ). Да пера- са значэннем ’ахоп дзеяннем пэўнай прасторы’ і ле́та ’год’, ле́таваць ’жыць на працягу лета’ (гл.).

Пералётнік1 ’пухоўка, рагоз, Typha latifolia L.’ (гродз., ЛА, 1). Да пера‑лятаць: насенне (у выглядзе пуху) з верхняй часткі кіяха ў канцы лета адлятае з яго, параўн. і пералётнік ’дзьмухавец’ (Сцяшк. Сл.).

Пералётнік2 ’гарычка, Gentiana L.’ (жытк., Мат. Гом.), сюды ж, відаць, і саколлі пералёт ’гарычка крыжападобная, Gentana cruciata L.’ (мін., Кіс.). Няясна. Да пера‑лята́ць (?). Магчыма, ад накрыж проціпастаўленых лістоў, якія (у пары) выглядаюць, як распушчаныя крылы птушкі.

Пералі́к ’памылка пры падліку ў бок павелічэння сумы’ (Нас.), ’перападлік’ (ТСБМ, Бяльк.), пірялі́чка ’праверка ліку’ (Бяльк.). Укр. пере́лік ’спіс; справаздача’; рус. (паўд., зах.) перели́ка ’перападлік, праверка наяўнасці’ (Даль). Да пера- і лічы́ць (гл.), у значэнні ’падлік, пералік, праверка наяўнасці’, хутчэй за ўсё, калька з рус. пересчёт ’тс’.

Пералі́нка ’вышыўка’ (акц., Мат. Гом.), параўн. рус. сіб. перели́на ’шырокі каўнер да плеч на сукенцы; верхняя частка кашулі, сукенкі; вышытая верхняя частка фартуха’. З рус. пелери́на ’палярына’, пачатак слова збліжаны да пере‑, бел. пера- (гл.).