Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тра́тва ‘плыт’ (З нар. сл.), ‘від плыта для невялікіх рэк’, ‘кладка для мыцця бялізны на рацэ’ (ТС). З польск. tratwa ‘платформа з бярвёнаў для рачнога транспарту’, якое з больш ранняга trafta, trawta ў выніку перастаноўкі зычных ft (wt) > tw, што ад tref з с.-в.-ням. tref ‘звязаны плыт’, trift ‘сплаў бярвенняў’ < с.-в.-ням. triften ‘гнаць, піхаць, прыводзіць у рух’ (Вінцэнц; Борысь, 640); метатэза тлумачыцца ўплывам фіналі ‑twa ў словах тыпу brzytwa, dratwa. Семантычна і фармальна палескія словы набліжаны да пратва (гл.). Формы без метатэзы трапта, трапты (гл.) сведчаць аб больш раннім запазычанні спецыфічнай плытніцкай тэрміналогіі.

Тратуа́р ‘дарожка для пешаходаў’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк.), тратава́р ‘тс’ (мін., Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. тротуа́р, якое з франц. trottoir, утворанага з дапамогай прадметнага суфікса ‑oir (як рэзервуар) ад дзеяслова trotter ‘ісці, маршыраваць, тапатаць, ісці рыссю (пра каня)’ > ‘хадзіць, бегаць’, які ад ст.-в.-ням. trottōn ‘ісці, ступаць, крочыць’ (Фасмер, 4, 107; ЕСУМ, 5, 652; Арол, 4, 107).

Траты́л ‘хімічнае рэчыва з выбуховымі ўласцівасцямі’ (ТСБМ). Запазычана з англ. trotyl са скарочанага trinitrotoluen ‘трынітраталуол’, хутчэй за ўсё, праз рускую мову (ЕСУМ, 5, 651).

Траўле́нне ‘страваванне, ператраўліванне ежы’ (Гарэц., Ласт.), ‘спасванне (жывёлай)’ (Некр. і Байк.), ‘атрута’ (віл., Сл. ПЗБ). Да траві́ць1,2 (гл.).

Траўлі́вы (траўлі́вый, траўлі́ву) ‘зарослы пустазеллем, травой’ (Мат. Маг.; Сцяшк. Сл.; ашм., Стан., Жд. 1, Жд. 2, Ян.), ‘з пустазеллем (пра салому)’ (Янк. 1). Адназоўнікавы якасны прыметнік з суф. ‑лів‑. З іншай суфіксацыяй траўляны́ (чэрв., Сл. ПЗБ), траўлены́й (Сл. Брэс.) ‘травяністы, з травой’. Да трава́ (гл.). Ст.-бел. травливый, травленый ‘знішчаны, спасены жывёлай’, да траўля, гл.

Тра́ўля ‘патрава’ (Некр. і Байк.). Да траві́ць (гл.). Суф. ‑л‑я азначае вынік дзеяння (Сцяцко, Афікс, наз., 54). Значэнне ‘бязлітаснае праследаванне, ганенне’ (Др.-Падб.), хутчэй за ўсё, пад уплывам рус. тра́вля ‘цкаванне’.

Тра́ўма ‘пашкоджанне арганізма’ (ТСБМ). Запазычанне з еўрапейскіх моў праз польскую (trauma) ці рускую (травма) мовы. Узыходзіць да ст.-грэч. τραῦμα, роднаснага іанічнаму τρωῶμα ‘рана, пашкоджанне’ і далей τρώω) ‘раню, шкоджу, праколваю’ (Чарных, 2, 255; Голуб-Ліер, 487; ЕСУМ, 5, 614).

Тра́ўнік1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

*Траўша́, троўша́ ‘трапло’ (пін., Жыв. сл.). Няясна, магчыма, ад аргат. травіць ‘гаварыць лухту, жартаваць’ на аснове травіць (гл.), словаўтваральна нагадвае балтызмы.

Трафарэ́т ‘шаблон, узор’ (ТСБМ), трафарэ́тка ‘тс’ (ТСБМ, Ласт.). У аснове слоў запазычанае італ. traforetto ад traforare ‘свідраваць, праколваць’ (ЕСУМ, 5, 624).