Пе́кны ’прыгожы, добры, слухмяны’ (ТСБМ, Нас., Др.-Падб., Яруш., Сцяшк. Сл.; докш., Янк. Мат.; Сл. ПЗБ; Нар. Гом.; мядз., Нар. словатв.), сюды ж пекната́ ’прыгажосць’ (ТСБМ), ст.-бел. пенкный, пекный, пиенкный ’прыгожы’ (XVI ст.) і інш. словы гэтага ж кораня. З польск. piękny і piekny ’тс’ (па-беларуску павінна быць *пякны, гл. Станкевіч, Зб. тв., 1, 35), якія разам з чэш. pěkný, славац. pekný, луж. pěkny, а таксама ст.-польск. piękry (насавое e ў польскіх лексемах — другаснае) узыходзяць (паводле Махэка₂, 442) да прасл. *pěkrъ < і.-е. *poi̯k‑ro‑s, параўн. лац. pulcher (< *polcros < *poikros). Яначак (“Sborník” пед. ін-та ў Оламаўцы, 5 (1959), 7), звязвае гэтае слова з літ. bingùs ’прыгожы’, ’выкармлены’, ’прыкметы’, ’прадстаўнічы’, лац. pingius ’тлусты’, тады прасл. аснова будзе *pęk‑. Трубачоў (Этимология–1968, 31) выводзіць больш старажытную форму *pekn‑ і *pekr‑ъ, параўн. гоцк. fagrs, англ. fair ’цудоўны’, з дагерманскага *pokrós; мена пашыральнікаў асновы r/n адбылася яшчэ ў даславянскую эпоху.
Пе́кун ’бакас, Capella gallinago L.’ (усх.-палес., асіп., ЛА, 1; жытк., Мат. Гом.; пух., Сл. ПЗБ; ТС). Гукапераймальнае. Параўн. пе́кун… крычыць так: пеку, пеку (пух., Сл. ПЗБ, 3, 478).
Пе́кур ’чалавек, які мае рабаціністы твар’ (калінк., Сл. ПЗБ). З ⁺пегур, якое з пег‑ (пегі ’плямы на твары’) і суф. ‑ур са значэннем зніжанасці.
Пе́кці ’пячы’ (Касп., Нас., Растарг.), пякці́ ’тс’ (слуц., мін., дзісн., мазыр., ігум., вілей., Мат.), ’гатаваць; паліць, прыпякаць’ (ТС), ’пячы сала’ (рагач., акц., светлаг., ЛА, 4) — новаўтварэнне ад асноў дзеяслова на ‑к‑ з канчаткам ‑чы, перад якім гэтае ‑к‑ аднаўляецца (Карскі 2-3, 276), параўн. пе́кчы ’пячы’ (Мат. Маг.), ’пячы сала’ (бых., ЛА, 4). Да пячы́ (гл.).
Пекяры́ца, (пекеры́ца) ’пякотка’ (нараўл., Мат. Гом.). Да пе́кці, пячы́ (гл.), аснова якіх была падоўжана экспрэсным суф. ‑ер‑ (параўн. блюзн‑ер‑ыць).
Пе́лек ’плёскат, пляск’, пеляска́ць ’паласкаць (бялізну)’, ’муціць, хваляваць’, пеляска́цца ’мыцца ў рацэ, у вадзе’ (Нас.). У выніку кантамінацыі паласкаць і пляскаць (Шахматаў, Очерк, 153), параўн. пялёскацца (гл.).
Пе́лена ’падол (ніжні край спадніцы)’ (нараўл., ельск., Мат. Гом.), ’ніжні край кашулі’ (Арх. Федар.), ’прыпол’ (лун., Сл. Брэс.; ТС), пе́ліна ’прыпол’ (Мат. Гом.), пелена́ ’падол, прыпол’ (ПСл). Укр. пе́лена́ ’падол кашулі; ніжні край страхі’, рус. наўг., пск. пелена́ ’сшытая полка; палотнішча’, чэш., славац. plena, славен. peleníca, pelna, plẹ́na, pleníca, pelníca, серб.-харв. ре̏лена, pelèna, макед., балг. пелена, ст.-слав. пелена. Прасл. *pelenā і pelnā, роднасныя лац. pellis < pelnis, ст.-грэч. πέλας ’скура’, ст.-в.-ням. fel ’тс’, ст.-англ. filmen ’скурка (на крайняй плоці)’, літ. plėnė̃ ’скурка, плеўка’, ст.-прус. pleynis < і.-е. *pel‑ ’покрыва, адзежа, абалонка’ (Махэк₂, 458; Аткупшчыкоў, Из истории, 134–135). Гл. таксама пеляна́.
Пеленгава́ць ’выхоўваць, песціць, мілаваць’ (Нас.), ’даглядаць, клапаціцца’ (Сцяшк. Сл.), пелянґава́ць ’даглядаць’ (шальч., Сл. ПЗБ), пеле́гаваць ’выхоўваць, няньчыць, песціць; біць’ (Растарг.). З польск. pelęgnować, pielęgować, pielegować ’даглядаць, песціць’, ’клапаціцца’, якое з ням. pflegen (в.-ням. phlëgan) ’тс’.
Пелендрава́ць ’вытоптваць пасеў (аб конях)’ (Нас.), ст.-бел. плендровати, плюндровати ’рабаваць’, якія праз польск. plądrować ’рабаваць, шнарыць, шукаць’ запазычаны з ням. plündern ’рабаваць, спусташаць’; паўнагалоссе ‑еле‑ — другаснае.
Пелесава́ць ’жорстка цялесна караць плёткаю, сячы бічом; вытоптваць луг, пасеў (аб конях, каровах)’ (Нас.). Да пяля́сы (гл.), што часцей выступае ў прыставачных утварэннях, гл. перапялёсы ’з папярочнымі палосамі’. Нельга выключыць кантамінацыю з паласава́ць ’біць вяроўкай ці бічом’ (гл.) і пяле́жыць, пяле́гаваць ’біць, праводзячы поласы’. Суадносіны ‑еле‑/‑ала‑, як пелеска́ць/паласка́ць (Нас.). Паводле Карскага (1, 253), узнікла ў выніку т. зв. III поўнагалосся з усх.-слав. ⁺pol̃s‑ пад уплывам пелесне́ць.