Пе́йсы ’бакі’ (мазыр., Мат. Гом.), ’патлы’ (светлаг., Мат. Гом.; ТС), ’валасы’ (хоцім., ЛА, 3); сюды ж пейса́ч, пейсмач, пейса́ты ’валасаты’ (ТС). Гл. пэйс, пэйсы.
Пек ’густое вязкае або цвёрдае рэчыва чорнага колеру, якое застаецца пасля перагонкі дзёгцю або смалы’ (ТСБМ). З рус. пек смала, дзёгаць’, якое (у пач. XVIII ст.) з гал. pek ’смала’ (Фасмер, 3, 226).
Пе́ка ’пухір’ (трак., Сл. ПЗБ). Магчыма, літуанізм, параўн. літ. pèkė ’жаба’ (відаць, з-за бугрыстасці скуры), аднак нельга выключыць сувязь з а‑пёк, пекці (гл.).
Пе́кавіца (пэ́ковыца) ’пякотка’ (усх.-палес., Нікан.) — утворана ад пек‑ці (прасл. *pekti), пячы́ (гл.) і суф. з адцягненным значэннем ‑авіца.
Пе́калны ў выразе: пе́кална дзежка ’дзяжа, у якой расчыняюць цеста і замешваюць яго’ (Янк. 1; гом., Мат. Гом.), пе́кальніца ’дзежка для цеста’ (рэч., б.-каш., Мат. Гом.), ’дзяжа’ (Янк.). Узыходзіць да незафіксаванага ⁺пекаць (гл. пекці), параўн. рус. (дыял.) пека́ть ’пячы’, пекательная печь = русская печь ’печ’. Аб другасным зацвярдзенні ‑л‑ гл. Карскі (1, 316). Параўн. таксама рус. пе́кная печь ’пякарня’, пе́кная дежа ’дзяжа’.
Пе́кальнік ’той, хто адпраўляе ў пекла’ (Рам.), смал. пеке́льнік ’памагаты д’ябла’, укр. пеке́льник ’д’ябал, жыхар пекла’. Запазычана з польск. piekielnik ’д’ябал; асуджаны на вечныя пакуты; бязбожнік; скандаліст’ < ст.-чэш. pekelník ’д’ябал; пракляты чалавек у пекле’ са зменай націску пад уплывам пе́кла, параўн. пяке́льны (гл.).
Пекані́на (пікані́на) ’спякота, гарачыня’ (міёр., Нар. словатв.) — утварэнне з суф. ‑анін‑а з адцягненым, злёгку экспрэсным значэннем ад пе́кці ’пячы’.
Пекані́цы ’здоба’ (шчуч., Сцяшк. Сл.) — аддзеепрыметнікавае ўтварэнне з суф. ‑іц‑ы, якое называе прадмет паводле яго ўласцівасці. Да пекці > ⁺пе́каць — дзеяслоў шматразовага дзеяння ’пячы’, параўн. рус. пека́ть ’тс’. Параўн. таксама пе́канка ’лечаная на вуголлі рыба’ (ТС).
Пекану́ць 1 (пікану́ць, пе́кнуць), ’сунуць чым-небудзь запалёным у каго-небудзь’ (Нас.) ’хутка даткнуцца гарачым жалезам; хутка ўджаліць’ (Шат.), сюды ж ’абдаць цяплом’ (Нас.); ’ударыць, грукнуць, ляснуць, сцёбнуць, агрэць, моцна выцяць бізуном’ (Нас., Растарг., ТС, Ян.; карм., Мат. Гом.). Да пе́каць 1 (гл.).
Пекану́ць 2 ’папракнуць’ (Нас.). Да пе́каць ’папракаць’. Відаць, балтызм. Параўн. літ. peĩkti ’ганьбаваць, знеслаўляць’.
Пе́каны (пэ́каный) ’спечаны’ (кам.; Жыв. НС). Да ⁺пе́каць ’пячы’ < пячы́/пе́кці (гл.).