Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Мутовяз, муто́выз ’дзяга (учкур) у штанах’ (паўн.-усх. КЭС). Рус. мутове́з, муто́виз, муто́ва́с і інш. Да прасл. motovǫzъ < motati ’матаць’ і vǫzъ ’вузел’ (Фасмер, 2, 664). Гл. таксама мату́з, мотуз.

Мутоўка ’шост з 3–4 накіраванымі ўверх сукамі, які служыць для даставання з дна ракі адводзіны перамёту’ (Дэмб. 2), рус. мутовка ’калатоўка’, ст.-польск. mątew ’тс’, ст.-чэш. mutev, mutvicě, новачэш. moutev, славац. mutvica ’таўкач, мяла’. Да прасл. mǫty (род. скл. mǫtъve) (Фасмер, 3, 18; Варбат, Слав. языкозн., 1973, 94). Гл. муці́ць.

Му́тра ’гайка на возе, якая трымае кола ў драбінах’ (Масл., Сл. ПЗБ, палес., Жыв. сл.; навагр., Шатал.), ’гайка, якая трымае атосу’ (Масл., Сцяшк. Сл.), пін. мутэрка ’гайка’ (Сл. Брэс.). Праз польск. mutra (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 3, 88) з ням. Mutter ’гайка’ < ’маці’ (Клюге₂₀, 496).

Мутрэна ’непрыемна’ (Бяльк.). У выніку кантамінацыі мутарна (гл.). і нутро ’ўнутранасці, жывот’.

Муту́зіць ’цягаць, валтузіць, непакоіць, ганяць’ (ушац., Нар. лекс.). Генетычна ўзыходзіць да мату́з (гл.). Аналагічна рус. канителиться (< тянуть канитель).

Мутэрка ’гайка’ (Гарэц., Др.-Падб.; ашм., Сцяшк. Сл.). Да му́тра (гл.).

Муфлон ’дзікі горны баран, які сустракаецца на астравах Міжземнага мора, Ovis musimon Schreb’. (ТСБМ), ’нязграбны чалавек’ (смарг., Сцяшк. Сл.). Кніжны тэрмін, запазычаны з рус. мовы (Крукоўскі, Уплыў, 88); у гаворках, відаць, з польск. muflon ’муфлон’, якое з франц. mouflon < італ. mufflone ’тс’.

Му́фта1 ’адкрыты з двух бакоў цёплы мяшочак для сагравання рук’ (ТСБМ), му́хта ’тс’ (драг., КЭС; Бяльк.). Запазычана з польск. mufta або з рус. му́фта, якія з гал. mouwtje < mouw ’рукаў’ (Мацэнаўэр, LF, 10, 348; Фасмер, 3, 18). Канец слова аформлены паводле кофта.

Му́фта2 ’прыстасаванне, якое служыць для злучэння канцоў труб, валаў, стальных канатаў’ (ТСБМ). З ням. Muffe ’тс’. Аформлена паводле муфта1 (гл.).

Му́ха, муха́, му́шка ’двухкрылае насякомае, Musca’ (ТСБМ, Яруш., Бес., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС); шальч., круп. ’пчала, Apis mellifera’ (Сл. ПЗБ), ’крапінка’, ’частка прыцэльнага прыстасавання агнястрэльнай зброі’ (ТСБМ). Укр., рус. му́ха, польск., н.-, в.-луж. mucha, чэш. moucha, славац. múcha, славен. múha, серб.-харв. му̀ха, му̀ва, му̏шица, макед. мува, мувичка, балг. муха́, ст.-слав. моуха, мъшица. Прасл. mucha чаргаваннем галоснай звязана з mъšъka > мошка (гл.). І.‑е. адпаведнікі літ. mùsė, лат. mũsa, muša, лац. musca, ст.-грэч. μυῖα (< mus‑ja), алб. mizë, myzë, арм. mun (< mus‑no). Да і.-е. *mū‑/*mūs‑ ’муха’ (Міклашыч, 206; Траўтман, 191; Мюленбах-Эндзелін, 2, 673; Фасмер, 3, 19; Махэк₂, 376; Покарны, 752; Бязлай, 2, 205). Сюды ж: мухаві́к ’полаг ад мух’, му́шнік ’папера-ліпучка’, му́шына ’адна з мноства мух’ (Касп.), мухабойка (паст., Сл. ПЗБ). Значэнне ’пчала’ ёсць у чэш., польск., серб.-харв. мовах, як і ў франц. (mouche à miel) — табу. Параўн. аналагічна паўд.-усх. муха свята ’пчала’ (КЭС).

Мухава́ць ’сварыцца’ (слонім., Сцяшк. Сл.), серб.-харв. му̏хати ’ўпарціцца, злавацца’. Бел.-серб.-харв. ізалекса. Да му́ха (гл.).