Лясні́цтва, лясні́ства, лясні́частва, лясні́чыства ’ўчастак лесу як гаспадарчая адзінка’, ’упраўленне, якое ведае гэтым лясным участкам, і гаспадарчыя будынкі, дзе яно размяшчаецца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.). Форма лясніцтва (‑ства) з польск. leśnictwo, якое з leśnik, а ляснічаства — з рус. мовы. Да лясні́к (гл.).
Лясні́чы, лясні́чый, лыснэ́чы ’загадчык лясніцтва’, ’спецыяліст па лясной гаспадарцы’ (ТСБМ, Яруш.; смарг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС), ст.-рус. лѣсничий, укр. лісни́чий, рус. лесни́чий, польск. leśniczy ’тс’. Утворана ад ляснік: lěsьnik‑jь > lěsьničii.
*Лясно, лесно́ ’лясіста, паросшы лесам’ (ТС), укр. палт. лісно́ ’шмат лясоў’, рус. анеж., смал. ле́сно, лесно́ ’тс’. Прыслоўе lěsьno ад лясны́ (гл.).
Лясну́шка ’яблыня-дзічка’, ’яблык з дзікай яблыні’ (ушац., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Касп.). У выніку намінацыі выразу лясная яблыня. Аб суфіксе ‑ушк‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 125. Годным увагі з’яўляецца круп. лясу́шкі ’дзічкі’ (Нар. сл.), у якім суфікс далучаецца да асновы lěs‑ (а не lěsьn‑). Аб семеме ’дзікі’ гл. лясны. Параўн. ля́саўка, лясоўка.
Лясны́, лясны́й, ліснэ́й ’уласцівы лесу’, ’які жыве, расце, знаходзіцца ў лесе’, ’багаты лесам, лясісты’, ’які мае адносіны да лесаводства’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ); ’дзікі’ (пра яблыні, пчолы)’ (глыб., віл., іўеў., воран., чэрв., Сл. ПЗБ). Прасл. lěs‑ьnъ. Да lěsъ > лес (гл.). Значэнне ’дзікі’ — уплыў балтыйскага субстрату; цяпер яму адпавядаюць лат. прыметнікі ад mežs ’лес’: meža pīle ’дзікая качка’ męża zvēri ’дзікія звяры і інш.’ (Непакупны, Связи, 77–82). Сюды ж лясныя пчолы ’дзікія пчолы’ (чэрв., іўеў., воран., З нар. сл.); лясны клоп ’смярдзюха’ (Сцяшк.), польск. leśnieć ’дзічэць’.
Лясок, лесок ’невялікі лес’ (ТСБМ; ганц., Сл. ПЗБ), ’зараснік арэшніку’ (івац., Нар. сл.). Да лес (гл.). Улічваючы семантыку лексем, можна дапусціць, што ў некаторых прасл. гаворках lěsъ > абазначала ’ліставы лес’ — магчыма, як вынік балт. субстрату. Параўн. літ. laĩškas ’ліст (дрэва)’, а таксама першасную семантыку лексемы lěsъ y зах.-слав. мовах (Марван, Inform bul. pro otázky jazykovědné, 5, Praha, 1964, 30–31; Трубачоў, Дополн., 2, 485).
Лясо́ўка ’дзікая яблыня і плод з яе’ (Касп., шкл., Мат. Маг.), ’лясная груша’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), як і лясоўка ’лясная мыш’ (карм., Мат. Гом.) утварыліся ў выніку намінацыі выразу з прыметнікам лясо́вы (гл.).
Ля́сткі 1, ля́сточкі, лёсточкі, лю́сточкі ’вертыкальныя палачкі ў драбіне’ (Маслен.; луніт, Шатал.; рэч., Мат. Гом.; лях., ганц., Сл. ПЗБ). Беларускае. Утварылася ў выніку кантамінацыі ляска ’тс’ і ⁺лества з прасл. lěst‑va ’лесвіца’. Гл. таксама лёсткі.
Ля́сткі 2, ля́сточкі ’кліны пад пахвамі ў кашулі’ (Тарн.). Узнікла ў выніку кантамінацыі ням. Lasche ’клін у сукенцы’ (с.-в.-ням. lasche, ісл. laski) і бел. ластаўка 2 ’клін пад пахвамі’ (гл.).
Лястыр ’гемарой’ (паўн.-зах., КЭС). З ням. Laster ’загана, недахоп’.
Лясу́н ’жыхар лесу’, ’лясны дух’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш.; нараўл., Арх. ГУ; асіп., КЭС). Укр. лісу́н ’лясны дух’, Лісу́н ’бог ваўкоў’. Бел.-укр. ізалекса. Да лес. Аб суфіксе ‑ун гл. Сцяцко (Афікс. наз., 173). Аналагічна, але з іншым вакалізмам суфікса ўтворана чэш. Lesoň (у перыяд чэшскага адраджэння) з лац. Silvanus ’лясны бог’.