Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Баля́ска ’драбіны’ (Булг.). Вытворнае ад баля́са (гл.). Першапачаткова меліся на ўвазе перакладзіны (балясы) драбін.

Баля́скі ’зубы’ (Сцяц.). Метафара да баля́са ’слупок для агароджы і г. д.’ Першапачаткова, мабыць, ужывалася ў сэнсе ’рэдкія зубы’ (падобныя агароджы).

Баля́сы тачы́ць ’балагурыць і да т. п.’ (Нас., Шат.). Рус. точи́ть баля́сы, укр. точи́ти баля́си. У аснове фразеалагізма ляжыць баля́са ’драўляны вытачаны слупок’ (гл.). Тачы́ць бал́ясы < ’займацца непатрэбнай, ужо зробленай працай’. Гл. Фасмер, 1, 119; Шанскі, 1, Б, 29–30; Праабражэнскі, 1, 15; падрабязна Вінаградаў, РЯШ, 1941, 2, 18.

Баля́чка. Рус. боля́чка, укр. боля́чка, польск. bolączka (можа, і чэш. дыял. bolačka, але гэта няпэўна). Утварэнне суфіксам ‑ка (*‑ька) ад старога дзеепрыметніка цяперашняга часу дзеяслова *bolěti (гл. бале́ць): *bolęti̯‑ > *bolęč‑ (усх.-слав., параўн. укр. болячий). Параўн. ст.-слав. болѧшт‑, Шанскі (1, Б, 161) памылкова выводзіць гэтыя формы ад *болякъ (?).

Бамбанье́рка ’каробка для цукерак’. Рус. бонбонье́рка (з XIX ст.), укр. бонбоньє́рка. Запазычанне з франц. bonboniére ’тс’ (утварэнне ад bonbon ’цукерка’). Запазычанае слова (параўн. яшчэ польск. bombonierka) аформлена суфіксам ‑к(а). Гл. Шанскі, 1, Б, 163.

Бамбардзірава́ць. Рус. бомбардирова́ть (з Пятроўскай эпохі). Запазычанне з ням. bombardieren ’тс’. Гл. Смірноў, Западн., 62; Фасмер, 1, 191; Шанскі, 1, Б, 162. Ням. дзеяслоў з франц. мовы (bombarder); да гісторыі слоў гл. Клюге, 90–91.

Бамбі́за ’вялікі, няўклюжы’ (БРС, Гарэц., Бір. Дзярж., Нас.), ’гультай, абібок, някемны’ (Бяльк.), таксама бамбі́с (Бір. Дзярж.), банбі́зіна (Шат.). Рус. дыял. (смал.) бамби́за. польск. bombiza ’няўклюжы, тоўсты, брухач’, bambiza ’пратэстанцкі свяшчэннік’. Лічыцца запазычаннем з літ. bambizà, bambìzas (bambỹzas) ’тс’. Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 49–50 (да этымалогіі літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 33). З іншага боку польск. словы (resp. бел.) хочуць растлумачыць запазычаннем з с.-лац. bombizare ’быць надутым, гаварыць пагардліва’ (Варш. сл., 1, 189, параўн. Брукнер, 35).

Бамбо́шы ’галёшы, зробленыя з аўтамабільнай шыны, якія адзяюцца на валёнкі, буркі’ (Выг. дыс.), ‘лапці, пашытыя з скуры’ (Сакал.). Відавочна, нейкае жартоўнае ўтварэнне. Другая частка слова яўна нагадвае слова галёшы.

Бамбу́к. Рус. бамбу́к, укр. бамбу́к. Слова, вядомае ў многіх мовах (англ. bamboo, франц. bambou, гал. bamboe, ісп. bambú, ням. Bambus і г. д.). Першакрыніца — інданезійская мова. Фасмер, 1, 120; Локач, 18; Клюге, 47; падрабязна MESz, 1, 235. Паводле Шанскага, 1, Б, 30, непасрэднае запазычанне з новалац. Bambuc (там і іншае тлумачэнне некаторых дэталей запазычання).

Бамбу́ла ’вялікі, рослы і тоўсты чалавек’ (Ніканч.). Укр. бамбу́ла ’непаваротлівы, нехлямяжы чалавек або жывёла’, польск. bambuła ’тс’, чэш. bambula ’дурань’. Махэк₂ (44) бачыць крыніцу ў венг. bamba ’дурны’ (гукапераймальнае, гл. MESz, 1, 235). Тады бел. і ўкр. словы (націск!) праз польск. мову. Для ўкр. слова (без матэрыялу іншых слав. моў) Рудніцкі (70) прыводзіць франц. bamboula ’сенегальскі негр’ (са спасылкай на О. Горбача). Вельмі няпэўна.