Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нішкну́ць ’маўчаць’ (Ян.), ні чхні́, ні шкні́ ’загад маўчаць’ (лоеў., Полымя, 1978, 5, 255), укр. ни́шкнути ’маўчаць’, рус. нишкну́ть, ничкну́ть, ничхну́ть, ни́шнуть ’тс’. Цёмнае слова, несумненна звязанае з ні́шкам, ’цішком, моўчкі’ (гл.). Паводле Фасмера (3, 77), з ні і шы́каць; у такім выпадку формы з ‑чх‑ — вынік народнаэтымалагічнага збліжэння з чыха́ць, чхаць, параўн. чхну́ць ’пыхнуць’: Сядзі і ні чхні, каб цябе ніхто і ні чуў! (Бяльк.), а формы з ‑чк‑, магчыма, з чыкаць ’цікаць’ (Бяльк.).

Ніштава́ты ’нядрэнны, добры’ (Бір. дыс.). Гл. нішто́.

Нішто́ ’нішто; абы-як; не шкодзіць’ (Нас.), ’нядрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’нішто’ (Касп., Бяльк.), ’нядрэнны, нядрэнна’ (докш., Янк. Мат.; Янк. 1), ’нічога сабе, нішто’ (Гарэц.), нішчо́ ’нішто, ні адно; нічога, так сабе; нядрэнна, добра; нічога страшнага, хоць бы што; нядрэнны, неблагі; немалы’ (ТС), ’нічога, нішто’ (Мат. Гом.), укр. ніщо́ ’нішто, няма чаго’, рус. ничто́ ’нічога; добра, нядрэнна’, польск. nic ’нічога, ані трошкі’, чэш. nic ’нічога’, славац. nič, в.-луж. ničo, н.-луж. nico, славен. nȉč, серб.-харв. ни̏шта, макед. ништо, балг. нищо. Прасл. *ni‑čь(to), параўн. авест. naēčit ’нішто’ (ESSJ SG, 2, 488–490; Фасмер, 3, 76; Махэк₂, 398; Бязлай, 2, 222; Шустар-Шэўц, 13, 1001). Адносна семантыкі гл. нічога.

Нішча́ць ’худзець’ (Сл. ПЗБ). Няясна, магчыма, звязана з нішчаць (нищЪць) ’бяднець, даходзіць да галечы’ (Нас.), што ў сваю чаргу з нішчы ’бедны, жабрак’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ст.-бел. нищий ’тс’ (XVI ст.; Карскі, 1, 391), якое ўзыходзіць да прасл. *nisti‑, роднаснага ст.-інд. nistyah ’чужы, нетутэйшы’ (Фасмер, 3, 77). Адносна семантыкі параўн. рус. нищий ’жабрак’; ’сухарлявы, хударлявы’, ху́до‑бёдно ’больш-менш, так-сяк’ і інш. Гл. нішчыць.

Нішчы́мны ’посны, без тлушчу, без закрасы’ (Касп., Шат., Некр., Сцяшк., Янк. 1, Вешт., Сл. ПЗБ), ’пусты, парожні; посны; без нічога, з пустымі рукамі; дрэнны, слабы’ (ТС, Ян., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), нішчы́мный (нисчи́мный) ’пусты, звараны без закрасы’ (Нас., Бяльк.), сюды ж нішчы́мніца ’адсутнасць тлушчу, посніца’ (Бяльк., Касп., Мат. Гом., Янк. 1-2; бых., Янк. Мат.), ’посная ежа’ (Яруш., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’нясмачная ежа’ (Нас.), нішчымно́та ’пустата, нястача’ (ТС), нішчы́мнік (нисчи́мникъ) ’бядняк, які харчуецца ўсухамятку’ (Нас.). Ад спалучэння ні з чым ’без нічога’, параўн. прыслоўе ў Насовіча з этымалагічным напісаннем: нисчи́мъ ’бедна, мізэрна; з пустымі рукамі’: Нисчимь всегды ядзим…; Нисчимъ жонку взявъ (Нас.).

Ні́шчыць ’даводзіць да галечы’ (Нас.), ’знішчаць, зніштажаць, губіць, спусташаць, прымяншаць’ (Гарэц.), ’спусташаць’ (Яруш.), ’знішчаць’ (Шат., Бяльк.), нішчыцца ’гінуць, прападаць’ (ТС), укр. нищити ’спусташаць, знішчаць’, польск. niszczyć ’ператвараць у нішто, марнаваць, знішчаць, спусташаць’. Выводзяць з прасл. *nīsti̯‑ (гл. нішчэ́ць) (Брукнер, 364; Фасмер, 3, 77), што ўзыходзіць да *ničьto, гл. нішто (ESSJ SG, 2, 489).

Нішчэ́та ’бесталкоўшчына, пустэча (пра чалавека)’ (ТС), параўн. польск. дыял. niszezota ’знішчальнік, марнатравец’, niszezotny ’убогі, бедны’. Гл. нішчыць.

Нія́к ’ніякім чынам’ (Нас., Шат., Бяльк., ТС), ’ніколькі’ (гродз., Сл. ПЗБ), укр. нія́к ’ніякім чынам’, рус. бранск. ния́к ’тс’, польск. дыял. nijak ’тс’, чэш., славац. nijak ’тс’. Са спалучэння *ni (адмоўе) і *jakъ (гл. як), новатвор, узнікшы пасля выцяснення *kakъ (ESSJ SG, 2, 491).

Нія́кі ’ніякі, ні адзін, ніводны’ (Нас., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, Ян., ТС), ’дрэнны, благі, нягодны’ (Ян., ТС; полац., Нар. лекс.; бешанк., Нар. сл.), ’худы, хваравіты’ (Мат. Гом.), ’хворы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ’неразумны; слабы, кволы; невялікі’ (Сл. ПЗБ), сюды ж нія́ка ’дрэнна’ (Сл. ПЗБ), ’цяжка’ (Сцяшк. Сл.), нія́коваты ’слабаваты, нікуды не варты’ (ТС), ніякава́ты ’маларослы’ (Мат. Гом.), ніяку́сенькі ’ніякі’ (Сцяшк. Сл.), ніякаве́ць ’бянтэжыцца’ (там жа), укр. нія́кій ’ніякі’, рус. бранск. ния́кій ’тс’, польск. nijaki ’ніякі; няпэўны, невыразны, слабы, мізэрны’, чэш., славац. nijaký ’няпэўны, невыразны’. Вытворнае ад нія́к (гл.), адносна развіцця семантыкі да ’дрэнны, нікуды не варты’ параўн. нічогі (гл.), развіццё спецыфічнага значэння ’слабы, кволы’, магчыма, з’яўляецца паралельным да серб.-харв. не̏јāк ’слабы, кволы, слабасільны’ ад jȃk ’моцны, магутны’, агульнага па паходжанню з паўн.-слав. *jakъ ’які’ (ESSJ SG, 2, 237, 491; Скок, 1, 702).

Но1 ’так, але’ (саліг., Нар. словатв.), ’але, ну’: Но, дарма, — дзед кажэ, — быле хлеб (рэч., Бел. каз. эпас, 111), ’ды’ (ТС), параўн. укр. но ’тс’, рус. но ’так, але, ну’, польск. no ’тс’, чэш. no ’тс’, славац. no ’тс’, в.-луж. no ’тс’, н.-луж. no ’тс’, славен. no ’тс’, серб.-харв. но ’тс’. Мяркуецца, што гэта самастойны наватвор на той самай фармальнай базе, што і прасл. *nъ (параўн. рус. но ’але’) і *nǫ/no (гл. ну) (ESSJ SG, 2, 500–502), гл. таксама наст. слова.

Но2 ’а ну ж, ж, жа’: Ідзі но воды прынесі! (ТС), ‑но ’жа, = рус. ‑ка’ (палес., Сцепанец, Крест. свадьба, 163), укр. ‑но ’тс’, рус. ‑но ’жа’, польск. no ’тс’, славен. no ’тс’. Постпазіцыйная ўзмацняльная часціца таго ж паходжання, што і но1 (гл.); сюды ж, відаць, і серб.-харв. ‑но, што адзначаў яшчэ Равінскі (Черног., 529), у выразах како‑но, које‑но, који‑но і пад., што суадносіцца з другой часткай у ажно́ (гл.) і пад. (ESSJ SG, 2, 501; 1, 322–323; Махэк₂, 400).

Но3 ’толькі, адно’: Хай но пачнуць косіць, то дождж будзе (ТС), ’быццам, як’ (ТС). Магчыма, з одно́, онно́ ’толькі’ (ТС), гл. адзін, аднак не выключана сувязь з узмацняльным но2.

Но4 — выклічнік, якім падганяюць каня: Ён на коня: но! но! (рэч., Бел. каз. эпас, 95), ’пагрозны або панукаючы крык на каня’ (Дразд., ТС), но́‑о! ’тс’ (мсцісл., З нар. сл.), но́‑но́ ’тс’ (в.-дзв., Шатал.), сюды таксама ні ’пануканне’ (Касп.), ну ’тс’ (Янк. 3.), нё ’тс’ (ТС), укр. но, ньо, ’тс’, рус. но ’тс’, польск. no ’тс’, чэш. дыял. no, ’тс’, славац. дыял. no, ne ’тс’. Таго ж паходжання, што і но1 (ESSJ SG, 2, 502); параўн. таксама мсцісл. нок ’пра пануканне каня’ (Нар. лекс.), што, відаць, паходзіць ад дзеяслова но́каць ’падганяць каня крыкам «но!»’.