Рэту́шка ’ракавіна’ (Ян.). Магчыма, ад рус. раку́шка ’тс’.
Рэ́тчас ’рэдка’ (лаг., Сл. ПЗБ), зрэ́дчас ’тс’ (ТСБМ). Вынік сцяжэння словазлучэння рэдкім часам.
Рэў ’моцны, працяглы крык’ (ТСБМ). Чэш. řev, славацк. rev, балг. рев ’тс’. Да раўці (гл.), як ад спяваць — спеў.
Рэ́ўгішы ’пацёкі’ (свісл., Сл. ПЗБ). Гл. рага.
Рэ́ўда ’пра плаксівае дзіця’ (карэліц., Сл. ПЗБ). Параўн. літ. raudà ’плач; лямант’, лат. raudāt ’плакаць’. Ад раўці (гл.) + суф. ‑д‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 35).
Рэ́ўза ’плакса, крыкун’ (Скарбы, ТС), ’неахайніца’ (Касп.). Экспрэсіўнае ўтварэнне з дапамогай суфікса ‑з‑a ад раўці ’плакаць’ (Сцяцко, Афікс. наз., 41), падобна як рабэйза (гл.) ад рабы. Сюды ж рэ́ўзаць ’плакаць, румзаць’ (ТС). Паводле Масковіча (Зб. Талстому, 364), ад яўрэйскага ўласнага імя Réize, чаму пярэчыць фанетыка.
Рэўматы́зм (ТСБМ, Сл. ПЗБ), рама́туз, рама́тыз, раматы́зма, рамаці́зма, рамаці́зна, рамаці́зм (Сл. ПЗБ), ромаці́з (ТС). З рус. ревмати́зм. У рус. з ням. Rheumatismus ’тс’ < лац. rheumatismus ’катар’ < грэч. ρευματικοζ ’цякучы’ (Фасмер, 3, 455; Праабражэнскі, 2, 191). Гл. яшчэ раматус.
Рэ́ўна ’горка; слёзна’ (Сб. 1866, 191). Укр. ревно ’горка, жаласна’, польск. rzewnie ’тс’, чэш. ryvný, řevný ’тс’. Прасл. *revьnъ/*rьvьnъ < *ruti, *revǫ ’раўці, рыкаць’; магчымае развіццё семантыкі ’той, хто раве’ > ’той, хто выказвае эмоцыі’ > ’зайздросны; жаласны’ (Борысь, 534). Гл. яшчэ раўці, раўнівы.
Рэ́ўнасць ’пачуццё сумнення ў чыёй-небудзь вернасці’ (ТСБМ), рэ́ўносць ’рэўнасць, зайздрасць, цяга’ (ТС). Укр. ревнощі, ревність, рус. ревность, серб. і харв. ре́вно̑ст ’старанне’, балг. ревност ’рэўнасць’. Прасл. *rьvьnostь вытворнае ад *rьvьnь (БЕР, 6, 200). Гл. раўнівы.
Рэ́ўня ’раёўня’ (Мат. Гом.). Вынік сцяжэння групы гукаў ад раёўня (гл.).