Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тума́н ‘імгла, імжа; густое непразрыстае паветра’ (ТСБМ, Бяльк., Байк. і Некр., Сцяшк., Арх. Вяр., ТС, Сл. ПЗБ, Вруб.): туман — гэто пара, якая падымаецца з вады (Сержп. Прымхі), ‘тое, што перашкаджае добра бачыць, што засцілае зрок’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ); туман слі͡епіць (Сержп. Грам.), тума́нь ж. р. ‘імгла’ (стол., Нар. лекс., Сл. Брэс.), ту́ман: туманом худыты ‘хадзіць без мэты’ (брэсц., Ск. нар. мовы), тумано́к ‘невялікі туман’ (Кліх, Юрч. СНЛ), тума́нішча ‘густы туман’ (Мат. Гом.); тума́н ‘абман, чмута’ (Нас., Некр. і Байк.): tumán ŭ oczy puskáje (Федар. 4), ‘неадукаваны, цёмны чалавек’ (ТС), туман напусціць ‘адурманіць, падмануць’ (ТС). Укр. ту́ман, тума́н ‘імгла’ ‘дурань’, рус. тума́н ‘імгла’, ‘хмара’, польск. tuman ‘воблака пылу’, ‘тупы чалавек’, балг. туман ‘імгла’, ‘пыл’, радоп. дума́н ‘тс’. Запазычана з цюркскіх моў: чагат., казах., кірг., караім., узб. tuman, башк., крым.-тат. томан ‘імгла’, тур. duman ‘дым, туман’, ‘пыл’, якія выводзяцца з цюрк. tum(a) ‘завалакаць, засцілаць, ахутваць’. Крыніцай паўднёвацюркскіх форм з пачатковым д‑[d‑] з’яўляюцца, аднак, індаеўрапейскія мовы: авест. dunman ‘туман’, dvąnman‑ ‘хмарка’, перс. dūdmān ‘дым’, ‘куродым, сажа’ (Фасмер, 4, 119; ЕСУМ, 5, 674–675; Арол, 4, 116; Аткупшчыкоў, ЭИРЯ, 4, 141; Жураўлёў, Язык и миф, 830). Сюды ж тумане́ць ‘з’яўляцца (аб тумане)’ (Шат.), тума́ніць ‘падманваць, пускаць пыл у вочы; затуманьваць, чмуціць’ (Нас., Некр. і Байк.), ‘адурманьваць’ (Шат.), ‘засцілаць, закрываць сабой (пра пыл, дым)’, ‘завалакаць (вочы)’, ‘пазбаўляць здольнасці ясна разумець, успрымаць’, ‘блытаць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ‘курыць (самасад)’ (Юрч. СНЛ), ‘піць, баляваць дужа шчыра’ (Вушац. сл.), ‘ілгаць’ (гродз., ЖНС), туманіць вочы (галаву) ‘задурваць, падманваць’ (Юрч. Фраз.), тума́ніцца ‘губляць разважлівасць’ (Нас.), ‘угаворваць’ (свісл., Шатал.), ‘рабіцца няясным ад слёз у вачах’ (ТС), тума́ненне ‘падманванне’ (Юрч. Вытв.), ‘выпрошванне шляхам ліслівасці’, тума́нны ‘ілжывы, ліслівы’, тума́нка ‘ашуканка’, ‘дакучлівая просьбітка’, тума́ншчык ‘хлус’ (Нас.), тума́ннасць ‘густы туман’, ‘вялікая колькасць зорак у адным месцы далёка ад зямлі’ (ТСБМ).

Ту́мар1 ‘багацей, багатыр’ (Нас., Байк. і Некр., Сцяшк., Буз., Мядзв., Нар. Гом., Рэг. сл. Віц., Бяльк., Юрч. Сін.), ‘пануры, нелюдзімы чалавек’ (Зайка Кос.), ‘самастойны, сур’ёзны чалавек’ (мёрск., ЖНС), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ту́мыр ‘пахмурны чалавек, кулак’ (Буз.), ту́марка ‘багачка’ (Нас., Байк. і Некр.), ту́мырка ‘тс’ (Юрч.). Сюды ж таксама вытворныя ту́марнік ‘шчаслівы і задаволены ўсім чалавек’ (полац., Нар. лекс.), ‘негаваркі чалавек, няветлівы’ (маладз., Гіл.), ‘ваўкаваты, упарты чалавек’ (віл., Нар. сл.), ‘чалавек закрыты, ціхі, але здольны на ліхое’ (Аляхн.), ‘маўчун’ (лаг., Жыв. сл.), ‘пануры чалавек, нелюдзень’ (Вушац. сл., Варл., Сл. ПЗБ), ‘нелюдзь, хто пазбягае людзей’ (мядз., лаг., ЛА, 3), тума́рнік ‘вельмі маўклівы чалавек’ (Жд. 3, Буз.). Укр. палес. ту́мар ‘багаты чалавек, кулак’, рус. ту́мар ‘тлум’, ту́маром ‘разам, гуртам’, смален. тума́рь ‘скнара, скупы; багач’. Нягледзячы на шырокае распаўсюджанне, застаецца цьмяным па паходжанні. Насовіч (Нас., 644) разглядаў як слова, што ўзыходзіць да тма ‘тысяча’ (гл. цьма), тлумачачы семантыку рус. тысячник ‘багаты чалавек’, параўн. ту́мырства ‘багацце’ (Юрч. СНЛ). Бузук (ЗІФВ УАН, 13–14, 279), разглядаючы бел. тумар, мяркуе пра корань тум‑, да якога адносіць і ўкр. тума́ ‘хмуры, маўклівы чалавек’, што, мажліва, узыходзіць да праформы *tou̯m‑/*teu̯m‑, з якой можна звязаць і корань тьм‑, што часткова падмацоўвае этымалогію Насовіча. Першаснае значэнне ‘цёмны’ тлумачыць як названыя назоўнікі, так і назву рэчкі Тумараўка каля Бабруйска (там жа), параўн. і ўкр. дыял. ту́марка ‘яма ў возеры, глыбокая яма ў балоце’ (Чарапанава, Геогр.), паводле ЕСУМ, 5, 675 — не яснае па паходжанні. Параўн. таксама тумны, гл. Незразумелыя адносіны да цімярнік ‘вельмі скупы чалавек’ (гл.), з якім можа быць звязана рус. тюмир ‘пануры, нелюдзімы’, якое Равінскі (Черног., 2, 3) параўноўвае з серб. тму̀ро ‘хмура, змрочна’, гл. Петравіч, Зб. радова Педагошке академије у Никшићу, 1975–1976, 5–6, 66. Сюды ж рус. дыял. тюми́рь ‘замкнуты, негаваркі чалавек’ (СРНГ).

Ту́мар2 ‘вялікі кавалак’ (Скарбы). Відаць, да ту́мар1 з семай ‘багацце’, ‘многа’.

Тумаці́ць ‘дурманіць’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Фармальна выводзіцца ад назоўніка, што адпавядае рус. дыял. тумота́ ‘слепата, цемната’, менш верагодна — у выніку кантамінацыі лексем тума́ніць і муці́ць ‘хлусіць’.

*Тумачы́, тумачі́. Гл. такмачы.

Ту́мба ‘невысокі слупок ля дарогі або тратуара’, ‘круглае збудаванне для наклейвання афіш, аб’яў’, ‘падстаўка’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Яўс.), ‘выемка, гняздо ў бэльцы, куды ўстаўляецца прамавугольны шпень кроквы’ (Зайка Кос.), ‘тоўстая мажная кабета’ (Яўс.), тумбава́ты ‘тоўсты (чалавек)’ (Сцяшк. Сл.), тумбішча ‘непаваротлівая жанчына’ (Юрч. СНЛ). Праз польскую (tumba першапачаткова ‘саркафаг для цела святога’, пасля ‘слупок’, якое з лац. tumba) ці рускую мову (ту́мба, якое з нова-в.-ням. Tumbe ‘магіла’, ‘труна’, ‘яма’) з нар.-лац. tumba ‘магіла’, апошняе ўзыходзіць да ст.-грэч. τύμβος; ‘пагорак’, ‘магільны курган’, роднаснага лац. tumulus ‘узгорак’ (Фасмер, 4, 120; ЕСУМ, 5, 675; Чарных, 2, 271; Арол, 4, 116).

Ту́мбачка ‘невялікі столік-шафка’ (ТСБМ), а таксама разм. ‘надмагільны помнік камуністам або вайскоўцам у выглядзе пірамідкі з зоркай’ (Цыхун, вусн. паведамл.). З рус. тумбочка ‘тс’, памянш. да тумба, гл.

Ту́мблер ‘механічны пераключальнік’ (ТСБМ). З англ. tumbler ‘тс’ < ‘перакульнік’, ‘акрабат’, ‘голуб-вяртун’, якое з tumble ‘падаць спатыкаючыся’, ‘перакульвацца, куляцца’.

Тумені (?) ‘страмёны’: Ён з коніка на злязае, / З тумень ножак не вымае (вілен., Земляроб. каляндар, 158). Няясна, відаць, дэфармаванае z strymion (Федар 5, 679).

Ту́мкаць ‘разумець’ (слуц., Жыв. НС), ту́мкыць ‘думаць, разважаць’ (Яўс.), ‘разумець, разбірацца’ (Юрч. Фраз., Юрч. Вытв.), ‘даходзіць да сэнсу’ (мсцісл., З нар. сл.), сюды ж ту́мкнуць ‘прыйсці нечакана ў галаву (пра думку)’ (Яўс.), ту́мканне, ту́мкыньня ‘разуменне’, ‘разважанне, раздумванне’ (Яўс., Юрч. Вытв.), ту́мкыньнік ‘той, хто разумее’ (Юрч. СНЛ). Параўн. рус. ту́мкаць ‘меркаваць, разумець, думаць’. Відаць, утворана ад гукапераймання, параўн. тумнуць ‘моцна ўдарыць, стукнуць’ (гл.), рус. ту́мкать ‘выдаваць гукі’ (СРНГ). Як эмфатычны назалізаваны варыянт рус. ту́кать (гл. тукаць1) разглядае рус. слэнг. ту́мкать ‘цяміць’ Арол (4, 116).

Тумкачы́ ‘страва з бульбы’ (слонім., Сл. рэг. лекс.). Гл. такмачы, тукмачыць з перастаноўкай зычных.