Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лю́фцік ’фортачка’ (Сцяшк., Сцяц.; смарг., Сл. ПЗБ; навагр., З нар. сл.) запазычаны з польск. lufcik ’тс’ (Слаўскі, 4, 373).

Люх ’хам, некультурны чалавек’ (Растарг.), рус. вяц. перм. лю́ша ’мурза, неахайніца’. Відаць, генетычна звязана з літ. liaũsius ’гультай, нядбайны’, liaušỹs ’гультаявалі’ (Фасмер, 2, 547).

Лю́ха1, люха́ ’адтуліна для выхаду дыму ў курнай хаце’ (віл., Сл. ПЗБ) находзіць з веха (параўн. ве́ха3, вяха́1 ’вехаць’, польск. wiecha ’пучок саломы’, чэш. věch, vích ’саламяны жмут’ і інш., якія пад уплывам запазычаных люхт, лю́хта змянілі пачатковае ве‑ на лю‑ (кантамінацыя). У выніку далейшай кантамінацыі вешка ’пучок саломы’ (якой затыкалі адтуліну) і люшка атрымалася, напр., рус. вьюшка.

Лю́ха2 ’падвал, сутарэнне’ (Шпіл.). Да лёха, лёх (гл.).

Лю́хвік ’станік’ (мазыр., Шатал.). Да ліф, ліфік (гл.).

Люхну́ць ’лінуць (пра вялікі дождж)’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Гукапераймальнае. Да люх‑люх‑люх! — аб вадкасці, якая л’ецца (там жа). Параўн. плюх‑плюх! ’тс’, рус. пск., цвяр. люпа ’запэцканы, з мокрай часткай адзення ззаду’ ∼ лю́пать ’мачыць, пэцкаць граззю’.

Люхт, лю́хцік, лю́хта, лю́хтачка, лю́кта ’дымавы ход у печы, грубцы’, ’юшка ў коміне’, ’гара ў хаце’, ’адтуліны ў падмурку’, ’адтуліна для выхаду дыму ў курнай хаце’, ’душнік, прадуха ў лазні’, ’нешта лёгкае, паветранае’, ’фортачка’ (Сцяшк., В. В., Касп., Бяльк.; КЭС, лаг.; ветк., чачэр., Мат. Гом.; лунін., в.-дзвін., Шатал.; навагр., Жыв. сл.; бых., Мат. Маг.; Сцяшк. Сл.). Запазычаны з с.-в.-ням. luft і с.-н.-ням. lucht ’паветра, адтуліна, акно’ (суч. ням. Luft) праз польскую мову, у якой luft, lucht, lukt абазначаюць ’праход у коміне, печы’, ’паветра, цяга паветра’ (Слаўскі, 4, 372–373; Чартко, Бел. лінгв. зб., 147, 149).

Люхткі́ ’буйны шрот’ (навагр. Сл. ПЗБ). Магчыма, з лю́фа (гл.).

*Люці́зна, люты́зно ’пераборлівы’ (Клім.). Да лю́ты (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 103).

Люцы́пар, люцы́пер ’д’ябал’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Бяльк.), ст.-бел. люциферъ, люциперъ, люцыперъ ’тс’ (XVII ст.), запазычаны са ст.-польск. lucyper, lucyfer (лац. lūcifer ’той, хто прыносіць святло’: lūx, lūcis ’святло’, ferre ’несці’), ’д’ябал’, ст.-польск. і ’Венера’. У некаторых айцоў царквы — гэта імя ўзбунтаванага анёла, скінутага ў пекла. Аналагічна і франц. lucifer ’сатана’, ’Венера’ (Слаўскі, 4, 362–363; Кюнэ, 73; Зайцава, Лінгв. дасл., 69; Булыка, Лекс. запазыч., 176).

Люць ’лютасць’ (Нар. Гом.), укр. лють ’вялікі холад’, рус. уладз., калуж., маск. ’моцны мароз’, серб.-харв. љу̑т, lʼut ’сцюжа’, ’стромая скала’, ’голы камень’, ст.-чэш. lʼut. Прасл. lʼutь. Да лю́ты (гл.).