Лёх, лёшак ’памяшканне са зрубам і страхою для захоўвання гародніны ў зямлі’, ’пограб пад падлогай у хаце’, ’склеп, падзямелле’ (Бес., Шушк., Клім., ТС, Сцяшк., Сл. паўн.-зах., Мат. Гом., КЭС, лаг.; брасл., Шатал.), ’нара, падземны ход’ (Гарэц.), ’падземныя калідоры, па якіх плыве вада’ (КЭС, лаг.), лёха ’нара’, ’адтуліна ў падмуроўцы’ (ТСБМ, Федар. 1, 2; Бір. Дзярж.; докш., Янк. Мат.; лаг., Жд. 2), лёхі ’падзямелле, падземныя хады’ (Сцяшк., Мядзв., Яруш.), карэліц. лёха ’глыбокая мясціна ў старыку, якая не зарасла водарасцямі’ (Нар. словатв.), сувалк. lʼoxa (КАБ) ’акно вады на балоце’. Ст.-бел. лиохъ ’пограб’ (XVII ст.) запазычана са ст.-польск. loch ’падземныя памяшканні, яма, пячора, пограб’, якое з с.-в.-ням. loch ’закрытае месца, схованка, пячора, турма; дзірка’, параўн. і ст.-в.-ням. lūhhen ’замыкаць’ (Слаўскі, 4, 318–319; Махэк₂, 338; Булыка, Запазыч., 190; Чартко, Бел. лінгв. зб., 149; Кюнэ, Poln., 72; Арашонкава, БЛ, 2, 50).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)