Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Нябе́скі ’нябесны; блакітны, падобны колерам да светла-блакітнага неба’ (Нас.), нябескі, нябесны ’уласцівы небу’ (Яруш.), нябескі, небескі ’блакітны’ (Грыг., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), ст.-бел. небеский (1518 г.) ’нябесны; блакітны’ укр. небеський ’нябесны’, польск. niebieski ’нябесны; блакітны’, чэш. nebesky ’нябесны’, в.-луж. njebjeski ’тс’, н.-луж. njebjaski ’тс’, славен. nebeški, nebeski ’нябесны, цудоўны’, серб.-харв. не̏бески ’нябесны’, балг. дыял. небески ’тс’. Відаць, самастойнае ўтварэнне ад нябёсы, гл. неба; значэнне ’блакітны’ — арэальная інавацыя з цэнтрам на польскай моўнай тэрыторыі (параўн. яшчэ ст.-чэш. nebesky ’блакітны’), паводле Брукнера (359), з XV ст., якая распаўсюдзілася і на Беларусі. У сувязі з гэтым наўрад ці мае падставы сцвярджэнне аб запазычанні ст.-бел. небеский са ст.-польск. niebieski (Булыка, Лекс. запазыч., 185), параўн. іншыя формы: небескы птах, нбскы црь (XVI ст., Карскі 2-3, 229).

Нябо́га ’небарака, бедалага, няшчасны’ (Шпіл., Мядзв., Яруш., Булг., Бяльк.), нэбо́га ’тс’ (беласт., Сл. ПЗБ), нябо́га — звычайна ў звароце ’прыяцель, голуб, даражэнькі, шаноўны’ (Нас., Мал., Касп.), нябо́га, небо́га, нібо́га ’пляменніца’ (парыце Янк. Мат.; пухав., Сл. ЦРБ; Сцяшк., Янк. 1, Чуд.; ст.-дар., Нар. сл.; петрык., Шатал.; браг., рэч., Мат. Гом.; мазыр., З нар. сл.; Сл. Брэс., ТС), нябожа ’тс’ (хойн., Шатал.), сюды ж небо́ж, мн. небожа́та ’ласкавы зварот да малых, маладзейшых з боку старэйшых’ (Федар., Пятк., ТС), нябо́ж, небож ’тс’ (ст.-дар., Нар. сл.), ’пляменнік’ (Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ, Чуд., Мат. Маг., парыц., Янк. Мат.; Янк. 1, Ян.; браг., Мат. Гом.; лельч., Нар. лекс.; мазыр., хойн., Шатал.), нябо́г ’тс’ (петрык., Шатал.), ні́бог, ні́бож — у іранічным звароце ’шаноўны, даражэнькі’ (Нас.), небажа́ — пагрозлівы зварот да няпоўналетніх (Нас.), нябо́гая ’нявестка’ (пруж., Сл. Брэс.), укр. небо́га ’пляменніца; небарака, галубка’, небі́ж ’пляменнік; небарака, бядак’, небожа́ ’пляменнік, пляменніца’, небожата ’мілыя, родныя, галубкі’, польск. nieboga ’бедная, няшчасная жанчына; нябошчыца’, nieboże ’небарак, бядак’, славен. nebore (< *nebože) ’тс’; у іншых славянскіх мовах пераважна ў форме прыметнікаў параўн. рус. небогий ’бедны’, чэш. nebohý ’бедны, убогі, мізэрны’, славац. nebok, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’, серб.-харв. нѐбог, дыял. nebȍh ’убогі, бедны’. Прасл. *ne‑bogъ, дзе другая частка *bogъ ’доля, частка’, параўн. багаты (гл.); тыпалагічная паралель — нядо́ля ’няўдалы, няздатны (пра чалавека)’ (Сцяшк.), першасная матывацыя, магчыма, у пруж. нябо́гая ’нявестка’, г. зн. ’якая не мае сваёй долі, часткі (багацця)’, аналагічна убо́га ’нявестка’ ад убогі ’бедны, няшчасны; абяздолены’ (гл.). Усходнеславянскае значэнне ’пляменніца’, відаць, адлюстроўвае нейкую старажытную маёмасную непаўнацэннасць дачкі брата або сястры ў старым патрыярхальным ладзе. Гл. Махэк₂, 393; Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.; Бенвяніст, Зб. Якабсону, 1, 201; Трубачоў, Этимология–1965, 27; Іванаў, Тапароў, Слав. языкозн., 8, 236; Слаўскі, Зб. Геаргіеву, 388.

Нябо́жчык (нябо́шчык, небо́шчык, нібошчык) ’памёрлы чалавек’ (Нас., Гарэц., Грыг., Некр., Мал., Булг., Мядзв., Чуд., Касп., Пятк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), niebójszczyk ’тс’ (Маш.), укр. небі́(о́)жчик ’памерлы чалавек; небарака’, польск. nieboszczyk ’памерлы чалавек’, чэш. nebožtik ’тс’. Арэальная славянская інавацыя ад *nebogъ (гл. нябога); паводле Махэка₂ (393), «нябожчык той, хто ўжо не мае сваёй долі на гэтым свеце», параўн. славац. neboh, nebohý ’памерлы’, в.-луж. njebohi ’памерлы, блажэнны’, н.-луж. njabogi ’тс’. Цэнтр гэтай інавацыі хутчэй за ўсё быў на чэшскай моўнай тэрыторыі, параўн. ст.-чэш. nebožec, nebožčík, nebožtik ’тс’, на беларускую тэрыторыю яна распаўсюдзілася праз польскую. Параўн. Курашкевіч, JP, 37, 119 і інш.

Нябо́сь ’ня бойся; ага’ (Нас.), нябэ́сь ’тс’ (Сл. ПЗБ), niboś ’тс’ (Федар.). З ня бойсь (гл. баяцца), дзе спалучэнне « без падтрымкі наступнага галоснага змянілася ў śśś» (Карскі, 1, 230), дапускаецца таксама ўплыў злучніка бо (там жа, 304).

Нябы́т ’нябыццё’ (Яруш.), нябыццё ’адсутнасць’ (Гарэц.). Гл. быць, параўн. таксама небуліца ’небыццё’ (ТС).

Нява́ла экспр. ’гультай’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. nevalaнеахайны, апушчаны чалавек’ (Грынавяцкене, LKK, 22, 193).

Няве́га ’няветлівы чалавек’ (круп., Макар.). Зыходнай магла быць форма тыпу рус. невежа ’цёмны, неадукаваны чалавек’ (< *ne‑vedja, гл. ведаць), тады канец слова перароблены ў выніку экспрэсіўнай дэпалаталізацыі з мэтай «агрублення», параўн. Сярога і Сярожа.

*Няве́глас ’гарэза’ (браг., Мат. Гом.), невеглас ’пагібель, смерць’ (ТС). Укр. невіглас ’недасведчаны, неасвечаны; язычнік’, рус. невеглас ’тс’ узыходзяць да ст.-рус. невѣглас, неекго‑ лос, ст.-слав. невіглась ’тс’, якое Львоў (Этимология–1972, 103–106) лічыць маравізмам, параўн. таксама чэш. vehlas ’вядомасць; розум, асцярожнасць’, узнікшыя як пераклад ням. Weissager, Unweissager (Львоў, Этимология–1979, 62). Складанае слова, дзе першая частка ўяўляе форму з адмоўем 3 ас. адз. л. дзеяслова *vedeti ’знаць, ведаць’, параўн. макед. невегде ’невядома дзе, нідзе’, невекоʼі ’невядома хто, нехта’, невешто ’невядома што, немаведама што’ і г. д., а другая — назоўнік *glasъ ’голас’, тут у значэнні ’голас божы’, гл. Фасмер, 1, 283; Махэк₂, 681. Структурная паралель: ц.-слав. неявѣръ, славен. nejęveren C*ne‑ję‑věr‑, параўн. фразеалагічнае спалучэнне не имаць веры ’не верыць, не даваць веры’ (ТС, 1, 112). У тураўскай гаворцы слова запазычана з ц.-слав., хутчэй за ўсё вусным шляхам, пра што сведчаць змены ў семантыцы (табуізаванае ўжыванне: прыдзе той невеглас да скажаходзіі), магчыма, пад уплывам тураўск. загласіцца ’прапасці, згінуць’, параўн. брагін. згаласіцца ’абяссілець, доўга плачучы, галосячы’ (З нар. сл.). У такім выпадку на семантыку царкоўнаславянізма невеглас паўплывала народнае галасіць ’моцна плакаць’, параўн. рус. убиваться ’тс’. Малаверагодны ўплыў з боку літ. viglas ’жывы, рухавы’, з адмоўем было б ’нежывы’, нягледзечы на гістарычна засведчаныя кантакты з балтыйскім насельніцтвам на Тураўшчыне (яцвяжскія перасяленні і г. д.), аднак блізкасць значэння беларускага і літоўскага слоў прымушае браць яго пад увагу для вытлумачэння магчымых семантычных змен тураўскага слова. Да значэння ’гарэза’, параўн. недавярак ’тс’.

Няве́дама (невѣдомо) ’невядо́ма’ (Нас., Гарэц.). Параўн. невядома ’без ведання, тайна’ (Нас.). Да ведаць, гл. вядома.

Няве́рнік ’недаверлівы чалавек; від гульні ў карты’ (Некр.), няверка ’тс’ (ТС). Вытворнае ад не верыць, няверны, параўн. нявера ’недаверлівы чалавек’ (Ян.).