Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Наза́ўша ’назаўсёды’ (зэльв., Жыв. сл.), назаўшэ ’тс’ (Сл. ПЗБ). Цалкам запазычана з польск. na zawsze ’тс’ або ўтворана на мясцовай глебе пры дапамозе прыназоўніка на ад польск. zawsze, гл. зиўшэ.

На́збыт ’празмерна, надзвычайна’ (Нас.), ст.-бел. назбытъ ’занадта’ (1518 г.). З польск. nazbyt ’тс’ (Жураўскі, 1961, 10, 40; Булыка, Лекс. запазыч., 200).

На́збышам ’з надбаўкай, з вярхом’ (Арх. Федар.). Прыслоўе ў форме твор. скл. адз. л. назоўніка *назбыш, які ўяўляе хутчэй за ўсё вынік кантамінацыі назбыт ’празмерна, надзвычай’ (гл.) і назвыш (< на + звыш) ’вышэй, звыш’ (Нас.).

На́зва ’назва, найменне’ (Байк. і Некр., БРС, ТСБМ, ТС, Сл. ПЗБ), назва́нне (nazwáńnie) ’тс’ (Пятк.), назва́нье, назва́ніе, называ́нье ’тс’ (ТС), на́звішчэ ’тс’ (ТС), назы́вішча ’тс’ (Сл. ПЗБ), рус. назва́ние, на́звань, назва́нка, на́звище, укр. на́зва, на́звище, польск. nazwa, nazwanie, nazwisko, балг. назва́ние. Аддзеяслоўны назоўнік ад *nazъvati, *nazyvati, гл. зваць.

Назві́ска ’прозвішча’ (астрав., Сцяшк., Сл.; лін., З нар. сл.), назвіска, назвісае ’найменне’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. назвиско (назвыско) ’імя, прозвішча, мянушка’, ’назва’ (1576 г.). Запазычана з польск. nazwisko (Булыка, Лекс. запазыч., 185), у значэнні ’прозвішча’ стабілізавалася, паводле Матушэўскага (Rozpr. Kom. Językowej Zódzkiego Tow. Nauk., 21, 83–99), толькі ў XX ст.

Наздра́ ’кішкі ў гарбузе’ (докш., Жд. 1). Гл. мяздри ’тс’, пачатак слова зменены, відаць, у выніку народнаэтымалагічнага збліжэння з ноздры ’ноздры’ і асабліва ’поры ў харчовых прадуктах’ (Сл. ПЗБ).

На́зімка ’азімая пшаніца’ (Сцяшк.; брэсц., Нар. лекс.). Хутчэй за ўсё вынік семантычнай кандэнсацыі словазлучэння тыпу пшаніца на зіму (пасеяная) або са сцягнутага *назімая пшаніца, параўн. укр. назімий ’азімы’, такая мадэль з прыназоўнікам *na вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.-харв. на́зиме ’парася да аднаго года’, назимац ’паршук’; іншае значэнне прыназоўніка (прэфікса) у в.- і н.-луж. nazyma ’восень’, першапачатковая семантыка ’ў напрамку зімы, паказваючы на зіму’ (Шустар-Шэўц, 13, 995), польск. дыял. nazima ’позняя восень’, параўн. налёцце ’будучы год’ (гл.).

На́зіркам, на́зяркам ’не спускаючы з вачэй (ісці, бегчы)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк., Нас., Янк. 2, Сцяшк. Сл.), на́зірком ’следам, не выпускаючы з поля зроку’ (ТС), на́зір ’тс’ (дзярж., Нар. сл.), рус. назо́рком ’тс’, укр. на́зирком ’тс’, польск. nazierkiem, nazircem ’тс’. Пры наяўнасці назоўніка на́зір, памянш. на́зірак, паводле распаўсюджанай мадэлі — твор. скл. назоўніка ў функцыі прыслоўя.

На́зма ’нара (лісіная)’ (Мат. Гом.). Няясна; магчыма, звязана з рус. назьми ’гной’, назьми ’звалка гною’, назмить ’угнойваць’, якія выводзяць са спалучэння прыназоўніка на і назоўніка земля (Фасмер, 3, 39, пад назём); магчымая матывацыя — неахайнасць лісінай нары.

Назна́йніцу ’навыварат’ (смарг., Шатал.; свісл., Сцяшк. Сл.), таксама назнинок, назнинку ’тс’ (Нас.), параўн. рус. найзнинку ’тс’. З на+*ізнаніцу, апошняе з на́ніц ’навыварат’ (гл.), у выніку дээтымалагізацыі збліжана са знаць ’ведаць’, параўн. знийніца ’выварат, левы бок матэрыі’ (Сцяшк. Сл.); аналагічна на‑знанок, параўн. знинок, знинка ’тс’, гл. Фасмер, 3, 123. Параўн. найліхоўніцу (гл.).