Рэ́зны: у выразе рэ́зны камень ’онікс’ (Байк. і Некр.). Ад рэзаць (гл.).
Рэзо́н ’сэнс, падстава, разумны довад’ (ТСБМ). З рус. резон ’тс’, якое з фр. raison ’прычына’ < лац. ratiōnem ’тс’ (Фасмер, 3, 463).
Рэ́зрух ’разруха; беспарадак’ (Нар. Гом.). Гл. разруха, розрух.
Рэзульта́т ’вынік’ (ТСБМ). З руск. результат ’тс’ < фр. resultat ’тс’.
Рэ́зчык ’той, хто рэжа; разьбяр’ (ТСБМ), ’хто пілуе дровы’ (ТС), рэ́шчык ’разец’ (вільн., Сл. ПЗБ, Шатал.). Ад рэзаць (гл.).
Рэзь 1 ’дробна нарэзаная салома на корм’ (Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нас., Шатал., Юрч., Сл. ПЗБ, Нар. лекс.); сюды ж рэзь ’дызентэрыя’ (ЛА, 3), ’боль у жываце’ (Байк. і Некр., Нас.), ’рэзкі боль’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), ’аперацыя’ (Жд. 1). Укр. різь ’рэзь’, рус. резь, польск. rzeź ’забой скаціны’. Прасл. *rězь < *rězati. Гл. рэзаць.
Рэзь 2 ’сетка з вялікімі вочкамі’ (мін., ЛА, 1), ’сетка з тоўстых вяровачак’ (гом., ЛА, 1). Падобна на тое, што аднолькавая форма, зафіксаваная ў двух рэгіёнах, мае адрознае паходжанне. Лексема з першым значэннем суседзіць з формай рэ́жа ’тс’ (гл. рэжа 1), якая ад рэ́дкі, можна дапусціць, што і рэзь першапачаткова фігуравала як рэдзь < рэдкі (гл.). Але пад уплывам пераасэнсавання кораня рэж‑ як ад рэжу < рэзаць, адбылася і замена рэдзь > рэзь. Другое значэнне дазваляе меркаваць, што форма рэзь не ад рэзаць, як можа падацца на першы погляд, а ад рэзгіны (гл.) шляхам адаптыўных зменаў, параўн. яшчэ формы гэтага слова рэ́зкі (Шатал.), рэ́зіні, рэ́звы (ДАБМ, камент., 826). Гл. яшчэ наступнае слова.
Рэ́зьва ’рэдкая тканіна’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Ад рэдкі (гл.) пад уплывам рэзгіны (рэзьвіны): рэдзіва < *рэдзьва < рэзьва.
Рэй 1 у спалуч. весці рэй ’верхаводзіць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). З польск. rej ’шэраг, рад’. Параўн. яшчэ чэш. rej ’танец, карагод’, в.-луж. rej ’тс’, rejewodźer ’распарадчык танцаў’. Запазыч, з с.-в.-ням. rei(e)/reige ’веснавы або летні карагод’ (сучаснае ням. Reigen ’карагод’), якое з ст.-франц. raie ’танец’ (Борысь, 513).
Рэй 2 ’ёўня’ (Анім. дад.). Гл. рэя 3.
Рэ́йвах ’пярэпалах’: … нарабіла вялікага рэйваху (Дзядзька Квас. Роздумы на калёсах. Беласток, 1995. С. 114). Укр. рейвах ’вэрхал, мітусня, беспарадак’, польск. rejwach ’тс’, чэш. rajboch ’беспарадак’. Паводле Махэка — няяснае (Махэк₂, 506). Брукнер выводзіць ад rej ’танец’ (Брукнер, 457). З ідыш rejwach ’шум, мітусня’ (Каня, Słownik, 189).
Рэ́йда ’гультай’ (Сл. ПЗБ), ро́йда ’беспарадак; беспарадачны чалавек’ (смал., бран., Сл. ПЗБ). Славац. rajda, randa ’пацяганка’. Ад рэйдаць 2 (гл.).