Райду́н ’той, хто гаворыць інакш, з суседняй вёскі’, райдуны́ ’назва жыхароў суседняй вёскі, якія гавораць інакш’ (Сл. ПЗБ), райду́нка ’жанчына з іншай вёскі з іншай гаворкай’ (мсцісл., пух., Нар. сл.). Параўн. польск. жарг. rajdak, rajder, rajdyn, rajdowiec ’валацуга’. Магчыма, сувязь з ням. Rede ’маўленне, размова’, reden ’гаварыць, размаўляць’ (гл. райдоліць) і адсюль развіццё семантыкі ад ’гаварыць’, ’гаварыць інакш’ > ’той, хто інакш размаўляе’ > ’прыхадзень, іншы, немясцовы’ > ’вандроўнік, валацуга’. Менш верагодна першаснае ’чужак, прыхадзень’, што ў беларускую мову магло трапіць праз сучаснае польск. rajd ’паход’ і звязана з англ. raid ’набег, налёт, напад’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)