Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мі́ласціна ’ахвяраванне жабраку, бедняку’ (ТСБМ), мі́ласьціня ’тс’ (Янк. 2, Нас.), мі́лостына, мі́лосціна ’тс’ (ТС). Агульнапаўд.-слав. milostynʼi ’літасцівасць, міласэрнасць’, ’міласціна, міласць’, якое наслаілася на ўжо існаваўшае milostь з такімі ж значэннямі, ад якога і ўтварылася пры дапамозе суфікса ‑ynʼi. Ва ўсх.-слав. мовах ст.-слав. милостын̑и змяшалася з назоўнікамі на ‑ina (Слаўскі, SP, 1, 140; Цэйтлін, Лекс. ст.-слав. яз., 164, 177).

Міласэрдны ’міласэрны’ (смарг., гродз., Сл. ПЗБ). Укр. милосе́рд(н)ий, рус. милосе́рдный, польск. miłosierny, чэш. milosrdný, славац. milosrdný, ст.-слав. милосьрдъ, прасл. milosьrdъ (пазней milosьrdьnъ) — калька заходняга паходжання: з лац. misericors (misericordia) ’міласэрнасць’ або са ст.-в.-ням. armiherzida, гоц. armahairts, ст.-в.-ням. armaherzí (Мее, 233; Гебаўэр, 2, 361; Фасмер, 2, 621; Тумбах, WSl, 14, 1969, 351–353). Пра запазычанне ст.-польск. miłosirdy са ст.-лац. гл. Сяткоўскі, БЕ, 31, 1981 (5), 407.

Мілата́, мілыта́ ’чароўнасць, прыгажосць, абаянне’ (ТСБМ, Бяльк.; ст.-дар., Жыв. сл.), ’пра захапленне, зачараванне’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’добра, прыемна’ (карэліц., Сцяшк. Сл.). Да прасл. milota. Гл. мі́лы. Сюды ж мілоцця ’любата, прыгажосць’ (Крыў., Дзіс.) < milotьje.

Мілёр ’вугаль для кузні’ (Ян.), мі́ляр ’доўгі капец дрэва, закрытага зямлёй, з якога выпальвалі дрэўны вугаль’ (усх.-палес., Лучыц-Федарэц), мазыр. мулёры ’печ, у якой выпальвалі дрэўны вугаль’ (Іванова, «Рэгіян. традыцыі ва ўсх.-слав. мовах…», Гомель, 1980). З польск. mielerz, milerz ’касцёр бярозавых дроў, які выпальвалі ў яме’ (> прозвішча Мележ). Параўн. таксама чэш., miliž, славац. mila (< ням. Meiler), якое з лац. mīliārium ’тысяча кавалкаў, напр., пален’ — адзінка ліку (Махэк₂, 363). Гл. таксама мы́ляр.

Мілісці́н ’від тканіны’ (рагач., Мат. Гом.). З малескін ’вельмі шчыльная баваўняная тканіна’ — праз рус. молескин з англ. moleskin ’футра крата’.

Мілі́ца ’зараснік азёрнага сіту Juncus L.’ (дзісн., Яшк.). З с.-лац. назвы milica, melica ’даволі рослая трава з роду Sorghum у паўд.-еўр. краінах’ < лац. milium ’проса’, роднаснага да ст.-грэч. μελίνη ’проса’. Трубачоў (Серболуж. лингв, сб. Даклад V з’езду славістаў, 181) на падставе в.- і н.-луж. wódna mil ’стрэлкаліст, Sigittaria L.’, ’шыльнік, Subularia aquatica L.’ выводзіць прасл. milica ’чарот, Scirpius’.

Мілі́цыя ’работнікі (і орган), якія ахоўваюць грамадскі парадак і бяспеку’ (ТСБМ, Бяльк., Яруш.), міліцэ́я, мілі́ца ’тс’ (Бяльк., Шат.). Міжнароднае слова (франц. milice, ням. Miliz, італ. milizia, ісп. milicía) з першакрыніцай лац. mīlitia ’войска’, ’служба’, якое ў бел. мову прыйшло з польскай (Брожэк, «Meander» 33, 1978 (3), 129–132).

Мі́лка ’любая’ (Нас.; петрык., Мат. Гом.), мілок ’любы, дарагі’ (Нар. Гом.). З рус. милка ’любімая’, ’жонка’, милок ’любімы чалавек, мілы чалавек’ (аб пашырэнні гэтых лексем у рус. гаворках гл. СРНГ, 18, 161–162). Да мі́лы (гл.).

Мілосны ’прыемны, мілы’, мілосна ’ласкава, з любоўю, люба, міла’ (Нас.), мі́лысна ’ветліва, люба’ (Бяльк.), ст.-рус. милостный, прасл. milostьnъ. Да мі́лы (гл.).

Мі́лта ’талакно, страва, прыгатаваная з паранай аўсянай мукі на халоднай вадзе’ (Жд. 1, Др.-Падб., Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.; КЭС, лаг.; ашм., Крачк.; ашм., вілен., Кар.; мядз., Нар. сл.), ст.-бел. мѣлта, милта. Літуанізм. Параўн. літ. шальч. mìlta ’eжа з кіслага малака і грэцкай мукі’ (Урбуціс, Baltistica, 5, 65). Гэтак жа Непакупны (Связи, 172), Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 3, 67; Лаўчутэ, Балтизмы, 39). Карскі (Труды, 393) падае ў якасці крыніцы літ. miltai ’аўсяны кісель’, Мікуцкі — miltaj ’талакно’, Булыка (Лекс. запазыч., 119) — mìltai ’мука’.